ГРОДНА
Серада,
17 ліпеня
2024 года
 

“Мы ўсебакова рыхтуем маладых святароў да душпастарскай працы”

З жыцця Касцёла

Кс. пралат Юзаф Станеўскі“Я поруч з Езусам, бо Ён мяне паклікаў” – так чытаюць сваё пакліканне 36 алюмнаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія распачалі чарговы навучальны год. Аб падрыхтоўцы алюмнаў да апостальскай паслугі, а таксама аб сталенні да дару святарства – у размове з ксяндзом пралатам Юзафам Станеўскім, рэктарам Гродзенскай ВДС.
- Ксёндз Рэктар, якія яны – маладыя людзі, што прыходзяць сёння ў семінарыю, і якія задачы ставіць перад сабой Гродзенская ВДС у сувязі з тым, што сённяшнія клерыкі – гэта так званае пакаленне онлайн?
   - Бясспрэчна, сённяшні чалавек – гэта дзіця дадзенага грамадства, дадзенай культуры, бо ўвесь свет не стаіць на месцы, ён ідзе наперад. Якімі з’яўляюцца сённяшнія алюмны? Безумоўна, яны з’яўляюцца дзецьмі свайго пакалення. Як і ўсе маладыя людзі, яны актыўныя, поўныя надзеі, радасці, планаў, хочуць быць выключнымі, а таму знаходзяцца ў пошуку, але адначасова застаюцца адкрытымі на свет, шчырымі і поўнымі энтузіязму. Наша задача – надаць кірунак іх сіле, энергіі, здольнасцям, юнацкім планам і жаданням. Калі маладыя людзі прымуць план, які Стварыцель мае для іх, калі ім удасца паставіць на адной сцежцы як Божыя, так і людскія жаданні, то ў будучыні яны будуць добрымі святарамі і душпастарамі.
Сёння, як жартуюць рэктары іншых семінарый, клерык нараджаецца з мабільным тэлефонам і веданнем інтэрнэту. Але з другога боку, яму не хапае дыялогу, і я кажу гэта не адносна канкрэтных клерыкаў, а ў агульным. Гэтая праблема вынікае з таго, што няма дыялогу ў сям’і. Бацькі цешацца, што дзеці занятыя камп’ютарам ці мабільнікам і не перашкаджаюць ім, не задаюць ніякіх пытанняў. Дарослыя часта лічаць, што адказы на жыццёвыя пытанні павінна даваць школа, універсітэт ці касцёл. Нельга, аднак, забывацца, што менавіта сям’я, гаворачы словамі бл. Яна Паўла II, з’яўляецца першай семінарыяй. Калі маладыя людзі атрымаюць у сям’і прыклад малітвы, цішыні, спакою, павагі да чалавека, яны будуць мець фундамент, на якім можна далей будаваць. Калі чалавек дома мог адкрыта паразмаўляць з бацькамі, па прыходзе ў семінарыю ён успрымае сваіх выкладчыкаў як сяброў, як тых, з кім таксама можна паразмаўляць, у каго можна запытацца.
    Сучасная моладзь, што прыходзіць у семінарыю, адрозніваецца ад той, якая была, напрыклад, 20 гадоў таму, у першую чаргу тым, што яна мае дастатковы ўзровень тэарэтычных ведаў, бо большасць хадзіла на катэхезы, але менш малітоўнай практыкі, клапаціцца пра якую было заданнем бацькоў. Рэлігійныя веды даюць катэхеты, але вучыць сваіх дзяцей маліцца павінны маці і бацька. Гэтая задача заключаецца не толькі ў задаванні пытання “Ты маліўся перад сном?”, але і ў запрашэнні да супольнай малітвы. Паводле статыстыкі, чалавек бярэ з пачутага толькі 20 працэнтаў ведаў, а 80 – з убачанага, таму калі ёсць прыклад для пераймання, то ёсць і 80 працэнтаў поспеху.
    Нягледзячы на розныя неспрыяльныя ўмовы, у якіх расце сённяшняя моладзь, у нас ёсць надзея, што тыя, каго кліча Хрыстос, пачуюць Яго голас, хоць Яго стуканне ў дзверы людскога сэрца патрабуе суцішэння.
   
   - Сучаснасць нясе новыя выклікі і праблемы з вобласці маральнасці. Якім чынам алюмнаў рыхтуюць да таго, каб адказваць на патрэбы сучаснасці?
   - Для выканання святарскай місіі ў сучасным свеце патрэбна інтэгральнае, цэласнае развіццё, якое павінна датычыцца асабовай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастаральнай сферы кожнага алюмна. Таму працэс навучання ў семінарыі засноўваецца на некалькіх накірунках.
    На першым месцы знаходзіцца працэс духоўнага навучання, які праходзіць на каленях у капліцы, каб чалавек мог распазнаць сваё месца ў жыцці, стаць перад Хрыстом і выбраць Яго сваім Настаўнікам, Сябрам, Збаўцам, Тым, хто паклікаў. Клерык павінен усвядоміць, што гэта не яго заслуга ў тым, што ён прыходзіць у семінарыю, складае ахвяру жыцця, пакідае бацькоў і адракаецца ад заснавання ўласнай сям’і. Гэта Хрыстос ахвяруе сябе за нас і запрашае, калі малады чалавек хоча скласці ахвяру па Яго прыкладзе, каб дапамагаць іншым.
    Важнай прыкметай святарскай індывідуальнасці з’яўляецца таксама належны ўзровень адукацыі: як агульнай, так і філасофска-тэалагічнай. Каб размаўляць з людзьмі, дапамагаць, разумець, клерыку патрэбны інтэлект, таму другім накірункам навучання з’яўляецца навука. І ці будуць гэта філасофскія, тэалагічныя, душпастарскія галіны, ці, напрыклад, веданне моў, усё гэта з часам выдасць свой плён, дасць магчымасць адказаць на выклікі часу і чалавека.
    Разам з лекцыямі і практыкаваннямі важным элементам з’яўляецца душпастарская практыка, бо згодна з указаннямі Апостальскай Сталіцы, фармацыя алюмнаў у духоўнай семінарыі павінна праводзіцца ў душпастарскім духу – гэта выезды ў пэўную мясцовасць і канкрэтная праца з людзьмі. Перш за ўсё, гэта праца клерыка, падчас якой ён павінен праверыць сябе – ці дастатковы ўзровень ведаў ён мае і ці на самой справе знаходзіцца на сваім месцы. Усё гэта вельмі добра бачна, бо калі клерык адчувае радасць ад узаемаадносін з людзьмі, калі з ахвотай бяжыць да дзяцей і моладзі, каб адказаць ім на розныя пытанні, падзяліцца тым, што дзесьці прачытаў, значыць гэта яго пакліканне. Калі ж пробашч павінен цягнуць яго за руку, гэта ўжо дрэнны сігнал. Калі ён не хоча сустракацца з моладдзю, не можа схіліцца над старэйшай жанчынай, ён павінен задумацца, ці правільнай дарогай ён ідзе. Наш біскуп Аляксандр Кашкевіч заўсёды паўтарае, што будучы ксёндз павінен быць у першую чаргу добрым чалавекам, які ўмее папрасіць прабачэння, дапамагчы, бо гэта фундамент, на якім можна штосьці будаваць.
    Добра скончыўшы навучанне, пазнаўшы сябе, клерык прымае рашэнне: так, я хачу ісці дарогай, на якую Хрыстос мяне паклікаў. Усё гэта ўмацоўвае сакрамант святарскіх пасвячэнняў, і ў касцёльнай супольнасці з’яўляецца новы душпастар. Потым мы цешымся, калі чуем пазітыўныя водгукі вернікаў, якія радуюцца, бо маюць добрага ксяндза. Мы таксама падзяляем радасць ад таго, што нашыя клерыкі правільна і адпаведна распазналі сваю дарогу паклікання.
   
   - Ксёндз Рэктар, алюмны, хіба, могуць акрамя шматлікіх абавязковых заняткаў развіваць у сабе і свае асабістыя зацікаўленасці?
   - Так, клерыкі навучаюцца не толькі ў лекцыйных залах. Наша семінарыйная супольнасць праводзіць дабрачынную дзейнасць: наведвае дзіцячыя дамы і кухню для бедных, якую ў Гродне вядуць сёстры назарэтанкі. Лёгка быць багатым, ветлівым, здаровым чалавекам, але сапраўдная задача – быць з тымі, хто таксама з’яўляецца Божымі дзецьмі, але каго Пан Бог у сваёй задумцы стварыў адрознымі ад нас. Да іх павінен быць асаблівы падыход. Часам над імі трэба схіліцца, прысесці побач. Трэба ісці да тых, каму неабходна апека, добрыя словы, а нават проста размова і маральная падтрымка.
    Таксама ўжо даўно існуе семінарыйны музычны гурт “AVE”, назва якога азначае “Вітай!” – вітай, кожны чалавек! З гэтым хрысціянскім прывітаннем мы ідзём да ўсіх. Гэта не значыць, што мы адразу пачынаем кагосьці евангелізаваць, мы проста хочам падзяліцца нашай радасцю. Гурт часта кудысьці запрашаюць, заўсёды падчас канцэртаў слухачы не застаюцца абыякавымі, моладзь пачынае танцаваць, спяваць. Сярод моладзі ёсць шмат католікаў, таму лягчэй наладзіць кантакт. Аднойчы нас запрасілі ў школу, у якую ходзяць дзеці з парушэннямі слыху. Спачатку мы не маглі зразумець, што там будзем рабіць. Але гэтыя дзеці маюць такі цудоўны дэвіз: “Гаварыце, а мы пачуем сэрцам”. Перад канцэртам мы паставілі ўсю апаратуру на падлогу, а пазней аказалася, што дзеці адчуваюць вібрацыю нагамі. У рэзультаце ўсе танцавалі, і, прычым, у такт! Цяжка апісаць словамі, наколькі мы былі ўзрушаны гэтай сустрэчай: мы бачылі ў вачах выхаванцаў гэтай школы радасць, вялікае жаданне жыць і ўсміхацца. Гэта было надзвычайна.
    Клерыкі сустракаюцца і ў спартыўнай зале. У нас ёсць футбольная каманда “Кронан”, якая ўдзельнічае ў розных турнірах, заваёўвае ўзнагароды. Падсумоўваючы, можна з упэўненасцю сказаць, што ў семінарыі існуюць вельмі добрыя магчымасці для дабрачыннага, спартыўнага, мастацкага і агульначалавечага развіцця.
   
   - Сёння, гаворачы пра пакліканні, іх рост, часта ўжываецца такое паняцце, як “эфект Францішка”, які з’яўляецца пэўным элементам паклікання. Ці адчула Гродна гэты павеў новых пакліканняў, звязаных з асобай Папы?
   - Некалі мы разважалі аб эфекце Яна Паўла II. Тады ўвесь свет казаў пра такі рост пакліканняў, што цяжка было зраўняцца з гэтымі людзьмі. Чалавек заўсёды натхняе сваёй асобай, як, напрыклад, Ян Павел II, які сапраўды адчыніў дзверы Хрысту для ўсяго свету. Святы Айцец Францішак таксама натхняе многіх сваёй паставай, філасофіяй і паводзінамі. Калі мы былі на сустрэчы рэктараў у Польшчы, то, безумоўна, айцы францішканцы мелі шмат новых людзей, якія прыйшлі ў семінарыі. Мы, аднак, павінны разумець, што кожны чалавек мусіць распазнаць і рэалізаваць сваё пакліканне па-свойму, бо гэта Хрыстос кліча, Ён павінен быць прыкладам.
    Што датычыцца клерыкаў, якія ў гэтым годзе прыйшлі ў нашу семінарыю, сярод іх няма ніводнага з імем Францішак, але мы чакаем і, думаю, назіраць гэты “эфект Францішка” можна будзе тады, калі Святы Айцец прыедзе ў Беларусь. Гэта сапраўды вельмі важна, каб нашыя людзі: не толькі веруючыя, не толькі католікі, старэйшыя ці маладыя, проста маглі дакрануцца да Пятра нашага часу, убачыць яго на ўласныя вочы, задаць яму пытанні. І тады, я ўпэўнены, павялічыцца колькасць пакліканняў. Мы чакаем гэтага, рыхтуем пакоі для будучых клерыкаў і з нецярпеннем чакаем пастарскага візіту папы Францішка ў Беларусь. Мы яго заслугоўваем, і ён нам вельмі неабходны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  168

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.