ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Вера і свет

На шляху да святасці

Кс. Максім БачарнікаўСардэчна вітаю Вас, Чытачы “Слова Жыцця”!
Перажываючы Год веры, я прапаную Вам яшчэ раз задумацца над тым, чым з’яўляецца дар веры. Здаецца, што раней жыццё было менш складаным, лягчэй было вызначыць, хто сябар, а хто вораг, хто веруючы чалавек, а хто атэіст. У сённяшнім жа свеце, хоць ніхто нам не перашкаджае практыкаваць веру і навучаць дзяцей рэлігіі, чалавек, магчыма, адчувае сябе ў большай небяспецы, чым калісьці. Часам яго высмейвае і крытыкуе свецкі свет, які жыве і дзейнічае так, нібы Бога не існуе. У сувязі з гэтым такія паняцці як вера, Бог, Касцёл, запаведзі ці праўда ніякім чынам не ўплываюць на жыццёвыя рашэнні або маральны выбар гэтага свету. На жаль, знешні свет уплывае на веру таксама праз розныя спакусы і ўнушэнні, з якімі мы не заўсёды можам справіцца. Сумненні, што прыходзяць з боку свецкага свету, бзыяць верніку, як камар, каля вуха і спадарожнічаюць яго пошукам, абуджаючы пытанні, тыпу: а калі тое, чаму вучыць Касцёл, – няпраўда?
Усведамляючы розныя цяжкасці, якія могуць нас спаткаць на дарозе веры, трэба ўмець адрозніць дзве рэчы. Па-першае, прыняць свет, у якім нам прыйшлося жыць. Па-другое, не згаджацца на тое, чым ён нас спакушае і да чаго заахвочвае. Я б сказаў нават больш: прыняцце таго, на што мы не можам паўплываць, таксама можа быць выражэннем веры. Бо гэта не дазваляе паддацца пачуццю безнадзейнасці, а абуджае свядомасць, што ў гэтым бязбожным свеце мы знаходзімся ў руках Пана Бога, які, нягледзячы на перашкоды, што падстаўляе нам гэты ж свет, вядзе нас да найлепшай мэты. Такім чынам, вера нясе з сабой новыя заклікі і шанс для нашай вольнасці, бо яна можа стаць “больш ачышчанай” у сваіх матывацыях.
    Сёння веруючы чалавек больш чым калісьці павінен апірацца на Божым слове, а не на гістарычна-грамадскіх абставінах. Больш таго, вера сёння мае шанс быць верай “больш пакорнай”, бо чалавек усведамляе, што яе трэба апіраць на Божай ласцы, а не на сваёй добрай волі. Складаныя абставіны прыводзяць да таго, што Езус Хрыстус на самой справе становіцца для верніка апорай яго жыцця. Урэшце рэшт, вера сёння мае шанс стаць “больш братэрскай”. Яна дапамагае нам глыбей увайсці ў сябе і знайсці сваю харызму, а таксама ацаніць дары іншых. У жыццёвых цяжкасцях лягчэй сабе ўсвядоміць, што нам усім патрэбна дапамога, што кожны з нас можа аказаць яе іншым.
    Што яшчэ мы павінны рабіць, каб перамагчы сённяшнія цяжкасці пры дапамозе веры? У першую чаргу, трэба сягаць да крыніц традыцыі, бо на ёй апіраецца наша вера. Яна з’яўляецца вольным адказам на аб’яўленне Бога, які ўваходзіць у гісторыю чалавецтва. Гэты дар перадаецца ў Касцёле з пакалення ў пакаленне. Таму, калі мы хочам захаваць веру, нам нельга пераставаць глядзець у гісторыю, на шляхі нашых продкаў да еднасці з Богам. Аднак, трэба памятаць, што, хоць вера і ўкаранілася ў гісторыю, яна з’яўляецца нашым пазіраннем у будучыню. У гэтым пазіранні трэба лічыцца са знакамі часу, якія даюцца нам цяпер, у сучаснасці. Яны рыхтуюць нас да сустрэчы з Богам, які пераўзыходзіць нашыя чаканні і стэрэатыпы, часта Яго няма там, дзе мы спадзяёмся Яго ўбачыць. Магчыма, знакам нашага часу з’яўляецца ўсё тое, што мы сёння перажываем, але не заўсёды разумеем і можам прыняць.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.