ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя распачала новы навучальны год

З жыцця Касцёла

У суботу 14-га верасня святочна распачаўся новы навучальны год у Гродзенскай ВДС. 24-я інаўгурацыйная ўрачыстасць распачалася святой Імшой а 12-й гадзіне, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Падчас св. Імшы, цэ­лебра­ванай у се­міна­рыйнай каплі­цы, казанне прамовіў вядомы прапаведнік з Польшчы а. Юзаф Аўгустын SJ. Ён раскрыў сэнс служэння і вялікасці святара, які павінен атаясамлівацца з крыжам Збаўцы. Таксама падчас эўхарыстычнай літургіі чатыры студэнты трэцяга курса ўпершыню апранулі сутаны, асвечаныя Гродзенскім біскупам.
    Другая частка інаўгура­цыйнай урачыстасці адбылася ў зале імя бл. Яна Паўла II. Ардынарый у сваім уступным слове заклікаў студэнтаў семінарыі добра ўсвядоміць сэнс таго шляху, які яны абралі: “(...) Святар не толькі цэлебруе Эўхарыстыю, але ў першую чаргу дзейнічае «In Persona Christi» – ад імя асобы Езуса Хрыста. (...) Толькі ў асобе Езуса Хрыста святар можа распазнаць свой сапраўдны вобраз...”.
Яго Эксцэленцыя нагадаў пра важнасць семінарыйнай фармацыі, якая павінна абапірацца перш за ўсё на “салідным фундаменце гуманнасці”. Ён таксама дадаў: “Перад вамі наступны год, наступны этап дарогі да святарства ў школе Езуса Хрыста, якой з’яўляецца духоўная семінарыя. Старайцеся выкарыстаць гэты час як мага лепш. Духоўнае багацце вашага служэння залежыць ад таго, што вы здолееце ўвабраць у сябе падчас навучання ў семінарыі. Верна наследуйце Езуса Хрыста, які кліча вас да святарства...”.
   
   Павел    Шэмет Томаш Мікалайчык Казімір Байгот Дзмітрый Малец Андрэй Буцько

    Асобнае слова іерарх скіраваў да алюмнаў першага курса: “Жадаю вам добрага распачацця новага этапу ў вашым жыцці. Няхай Хрыстос дапаможа вам знайсці сябе ў новым асяроддзі, якім у найбліжэйшы час будзе для вас семінарыя”.
    Пасля слоў біскупа кс. прэфект па справах навучання Ян Радзюк зачытаў справаздачу з падзей, што адбыліся ў папярэднім навучальным годзе. Урачыстую інаўгурацыйную лекцыю на тэму “Заходняе хрысціянства на землях сучаснай Беларусі ў X-XIV стагоддзях” прачытаў кс. Віталій Сідорка, новапрызначаны прэфект па справах выхавання і выкладчык.
    Завяршэнне інаў­гура­цый­най урачыстасці папярэдзілі словы Яго Магніфіцэнцыі кс. прэлата Юзафа Станеўскага, рэктара Гродзенскай ВДС, у якіх ён заклікаў: “(...) Шаноўныя клерыкі, алюмны ўсіх курсаў, цяпер Бог вас кліча, каб у будучыні вы аддалі сябе Хрысту. Старайцеся перамяняць саміх сябе паводле Яго вобраза...”. Пасля гэтага ксёндз рэктар урачыста абвясціў новы 2013/2014 навучальны год распачатым.
    Сёлета пяць юнакоў адчулі сваё пакліканне да святарства і вырашылі пайсці за Хрыстом. У гэты момант яны распачынаюць свой сямігадовы падрыхтоўчы шлях. Дзень 14-га верасня стаў для іх асаблівым днём – днём, калі яны ўпершыню атрымалі заліковыя кніжкі і адчулі сябе паўнапраўнымі членамі семінарыйнай супольнасці.
    На дадзены момант у Гродзенскай духоўнай семінарыі навучаецца 36 алюмнаў з розных куткоў дыяцэзіі. За даволі працяглы час існавання семінарыі (23 гады) яе скончыла вялікая колькасць святароў, якія на дадзены момант абвяшчаюць Евангелле не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім і далёкім замежжы (Украіна, Расія, Казахстан, Літва, Латвія, Германія).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.