ГРОДНА
Пятніца,
19 ліпеня
2024 года
 

Хто можа стаць хросным?

Задай пытанне

Кс. Ян РаманоўскіПрыняцце сакраманту святога хросту – гэта вельмі важная падзея не толькі для асобы, якая прымае гэты сакрамант, але і для яе блізкіх, і для асоб, якія ёй спадарожнічаюць. Вельмі важнай справай з’яўляецца выбар хросных бацькоў. Таму я хацеў бы растлумачыць, хто можа стаць хросным, а хто, на жаль, не можа ўзяцца за гэтае заданне. Людзям часта не хапае ведаў на гэтую тэму, што можа стаць прычынай пэўных праблем у будучым. Каб штосьці даведацца на гэтую тэму, дастаткова звярнуцца да Кодэксу кананічнага права, які вельмі даступна тлумачыць, хто можа выконваць такую важную і адказную функцыю. Трэба таксама памятаць, што Кананічнае права датычыць не толькі ксяндза, але кожнага, хто з’яўляецца католікам і хто прыходзіць, каб прасіць аб сакраманце святога хросту.
    Той, хто просіць аб хросце, павінен мець хроснага, які адпавядае прынятаму сакраманту і верна выконвае абавязкі, што з яго вынікаюць (Кан 872). Права патрабуе як мінімум аднаго хроснага, таму не абавязкова выбіраць дваіх (Кан 873). Хросны сваім жыццём павінен даваць прыклад веры, менавіта таму гэтае заданне вельмі адказнае.
Хросным можа стаць той, каго выбрала асоба, якая прымае хрост (у выпадку дарослай асобы), або выбралі яе бацькі ці апекуны (у выпадку дзіцяці), а калі і такія не існуюць, тады рашэнне належыць пробашчу ці шафару хросту. Будучы хросны павінен мець поўныя 16 гадоў пры ўмове, што дыяцэзіяльны біскуп не акрэсліў іншага ўзросту ці пробашч або шафар не прызнаў прычыны для таго, каб зрабіць выключэнне; гэты чалавек павінен быць католікам, які ўжо прыняў сакраманты канфірмацыі і Найсвяцейшай Эўхарыстыі, а таксама весці жыццё, згоднае з верай; не павінен быць падвергнуты ніякаму кананічнаму пакаранню, накіраванаму ці заяўленаму згодна з правам; не можа быць бацькам ці маці асобы, якая прымае хрост. Ахрышчаны, які належыць да некаталіцкай касцёльнай супольнасці, можа быць дапушчаны толькі як сведка хросту і толькі калі другі з хросных бацькоў з’яўляецца католікам (г.зн. хроснымі не могуць стаць дзве асобы напр. праваслаўнага веравызнання). Ён таксама павінен мець патрэбныя веды і жаданне для выканання гэтага задання (Кан 874).
    Што датычыцца жыцця, згоднага з верай і адпаведнага функцыям, якія павінен выконваць хросны, важна сведчанне яго веры: нядзеля і святочная Эўхарыстыя, прынятыя сакраманты і жыццё, згоднае з навучаннем Хрыста на кожны дзень. Трэба дадаць, што функцыі хросных не могуць выконваць асобы, якія жывуць у несакраментальным саюзе, паколькі яны не да канца выконваюць патрабаванні, што дачычацца сведчання іх веры.
    Сакрамант хросту вельмі важны ў жыцці кожнага чалавека, таму бацькі павінны падыходзіць да выбару хросных для свайго дзіцяці з вялікай адказнасцю, каб тыя ўсведамлялі заданне, за якое яны бяруцца, і падтрымлівалі сваё хроснае дзіця ў дарозе да Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  166

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.