ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Запрасіць сумленне ў ціхі куточак душы

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Цешуся нашай чарговай сустрэчы, паважаныя Чытачы рубрыкі “На скрыжаванні”. Мінула лета са сваёй бесклапотнасцю, на парозе восень. Хочацца спадзявацца, што за плячыма ў Вас вялізны мяшок з сіламі, бадзёрасцю і добрым настроем.
   У сённяшнім нумары Вас чакае роздум над тым, што шэпча Вам на вуха цішыня, у якіх выпадках марыць проціпаказана і чаму псіхолаг прайграе “хвораму”.
   З Богам!

   ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Усе рэкі цякуць у мора, але мора не перапаўняецца: да таго месца, адкуль рэкі цякуць, яны вяртаюцца, каб зноў цячы” (Экл 1, 7).

   Усё вяртаецца. Жыццё не мае вострых вуглоў. Біблейскае выказванне накладаецца на амаль усе аспекты чалавечага існавання.
   
   МЭТА МЕСЯЦА: “сцішыць” свае жаданні

   Гаворка пра тое, што жыццё чалавека можа праляцець у марах. З-за іх людзі часам не заўважаюць рэальных рэчаў. Жыццё ідзе, а надзённасць ігнаруецца.
    Добра, калі мара – гэта вялікі план, а не чаканне цуду. Калі чалавек прыкладае намаганні да таго, чаго так вельмі хоча. У такім выпадку жыццё пераўтвараецца ў рэалізацыю плана. А калі чалавек проста шмат марыць, ён можа “патануць” у сваіх мроях.
    Няхай лепш гэта будзе адзін вялікі план, чым мноства ружовых мар. Тады сэнс яшчэ пакуль “высокага” мае большыя шанцы на жыццё.
   
        
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб людзі нашага часу, часта пагружаныя ў мітусню і таўкатню, зноў адкрылі для сябе значэнне маўчання і змаглі пачуць голас Бога і бліжняга

   Слухаць цішыню – вялікі дар. У ёй тоіцца праўда.
   
    ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: цішыня
    Што для Вас значыць цішыня? Неабходныя ўмовы для працы, адпачынку альбо страх застацца сам на сам з сабою, напружанне, пустэча?.. У ХХІ стагоддзі большасць людзей пазбавілася цішыні, адмовілася ад яе. І таму нешта згубілася па дарозе жыцця. Нават папа Францішак звярнуў увагу на гэтую праблему сучаснасці і вызначыў пэўную малітоўную інтэнцыю на верасень гэтага года.
    Таму варта паразважаць над тым, што Вам дае цішыня. Пошук адказу на пытанне можа адкрыць новыя межы для Вашага існавання.маганне. Страшна павінна быць тады, калі спакуса пасялілася ўнутры і адмовіць ёй становіцца ўсё цяжэй.
   
    СПРАВА МЕСЯЦА: запрасіць сумленне ў ціхі куточак душы
   Магчыма, Вам неаднаразова даводзілася чуць, што чалавек, які мае некаторыя праблемы ў жыцці, шукае псіхолага або “свабодныя вушы”. Лягчэй выказацца і выслухаць парады. Можа, і лягчэй, але ці правільна?
    Згадзіцеся, не зусім правільна, калі Вашы праблемы вырашае хтосьці іншы. Па-першае, у іншых хапае сваіх цяжкасцей, па-другое, хто, як не Вы самі, ведае Вас найлепей.
    Каб адшукаць выйсце, трэба супакоіцца, знайсці для сябе час, лагічна паразважаць і, безумоўна, рашэнне знойдзецца. Калі ёсць уваход, павінен быць і выхад! Навучыцеся давяраць сабе, і гэта будзе вялікім крокам да самастойнасці і незалежнасці, за што Вы потым будзеце сабе ўдзячныя.
     
   АСОБА МЕСЯЦА: святая Ружа з Вітэрба

   Нарадзілася Ружа ў Вітэрба (Італія) у беднай сям’і. З дзяцінства вяла набожнае жыццё. Малілася, імкнулася рабіць добрыя справы. Аднойчы, калі дзяўчына цяжка хварэла, здарыўся цуд: перад ёй аб’явілася Панна Марыя, якая загадала ёй ісці ў Трэці ордэн францысканцаў. Акрамя гэтага, Марыя наказала Ружы заставацца ў горадзе Вітэрба, які на той час быў акупаваны войскамі Фрыдрыха ІІ. Імператар меў палітычныя сутычкі з Папам.
    Ружа выказала пакору. Яна хадзіла пешшу па горадзе і заклікала людзей да пакаяння, маральнага навяртання, падпарадкавання Касцёлу і Папе. Амаль два гады доўжылася яе прапаведаванне, пакуль улады не вырашылі выгнаць Ружу разам з сям’ёй з горада. Пасля хуткай смерці імператара Фрыдрыха ІІ, якую яна, дарэчы, прадказала, сям’я вярнулася на радзіму.
    Ружа выказала жаданне пайсці ў манастыр кларысак, але атрымала адмову, таму што была вельмі беднай і не мела пасагу, які трэба было мець будучай манахіні. На гэта Ружа сказала, што абавязкова ўступіць у гэты манастыр пасля сваёй смерці.
    Увесь час яна малілася ў келлі бацькоўскага дома. Памерла 6 сакавіка 1252 года. Беатыфікавана адразу ж пасля смерці папам Інакенціям ІV. Кананізавана ў 1457 годзе. Каталіцкі Касцёл успамінае святую 4 верасня. Яна лічыцца заступніцай горада Вітэрба, а таксама выгнаннікаў і людзей, не прынятых манаскімі ордэнамі.
    Да якіх святых можна звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў верасні?
    Святая Лінда (1 верасня), прарок Маісей (4 верасня), святы Левій Мацвей (21 верасня), святы Міхал (29 верасня).

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Бацькам”, A-trinity
    Цудоўная песня-напамін аб тым, як шмат для нас робяць бацькі. “Тыя, хто выхоўвалі, вучылі сумленнасці і гонару словамі паасобна часам, а за абедам разам”. Бацькі, для якіх мы заўсёды будзем дзецьмі... Варта аб гэтым памятаць, каб пазбегнуць непатрэбных крыўд і непаразуменняў.
    У песні гучыць падзяка “за праўду і няпраўду… за шанец… за шчасце…”. Нават калі бацькі далёка “за гарызонтам”, нашы думкі разам з імі.
    Гімн любові да бацькоў. Вечнае, блізкае, патрэбнае.


    KНІГА МЕСЯЦА: “Гісторыя адной душы”, пераклад з французскай мовы Андрэя і Вольгі Дзьячковых

   На пачатку лета рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус прыбылі ў Беларусь і распачалі сваю перэгрынацыю. Многія мелі магчымасць дакрануцца да мошчаў святой, памаліцца ля іх, звярнуцца да манахіні з просьбай альбо пытаннем. І, мабыць, непасрэдна пасля духоўнага кантакту захацелася яшчэ бліжэй пазнаёміцца з жыццём святой Тэрэзы, даведацца аб нейкіх дэталях з яе біяграфіі.
    Таму прапаную Вашай увазе кнігу, падрыхтаваную на аснове французскіх выданняў, пад назвай “Гісторыя адной душы”. У ёй сабраны ўсе рукапісы манахіні, фотаматэрыял з жыцця святой, яе творчыя здабыткі. Мала хто ведае, што святая Тэрэза пісала вершы! Такія светлыя, шчырыя, добрыя. Сярод іх “Жыць любоўю”, “Мая Радасць”, “Я за Тваю Любоў прыму вогнішча, пакуты…”.
    Каб заахвоціць Вас да чытання, паважаныя Чытачы, цытую некаторыя ўрыўкі з кнігі. “Як раз у той самы момант, калі патрэбна, я знаходжу свет, які да гэтай пары не бачыла, і часцей за ўсё гэта адбываецца не падчас малітвы, а сярод паўсядзённых заняткаў”. “Калі Неба і абсыпала мяне ласкамі, то зусім не таму, што я іх заслугоўвала”. А чаму? Адказ Вы знойдзеце ў кнізе “Гісторыя адной душы”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.