ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Дзень нараджэння касцёла ў Дзярэчыне

З жыцця Касцёла

У нядзелю 18 жніўня ў парафіі Дзярэчын Зэльвенскага раёна адзначалася свята сотай гадавіны асвячэння касцёла.
Парафія, канешне, існуе нашмат больш, але сцены сучаснай святыні былі ўзнесены роўна стагоддзе назад. За сваю гісторыю і касцёл, і парафія перажылі шмат падзей: як прыемных, так і ганебных. Але сёння храм стаіць “як новенькі” і радуе вочы людзей.
    На ўрачыстасць прыбыло шмат гасцей: аўтобус з Ліды-Фары, аўтобус пілігрымаў з Аўстрыі на чале з а. Юзафам, колішнім плябанам Дзярэчына, і іншыя госці з ваколіц. Зразумела, прэзбітэрый быў поўны духавенства на чале з біскупамі Аляксандрам Кашкевічам, Антоніем Дзям’янкам і Казімірам Велікасельцам. Граў квартэт з філармоніі з Мінска, спяваў мясцовы хор. Бабулі, натуральна, апранулі святочныя хусты. Было бездакорна ўрачыста.
Пазней – канцэрт пад касцёлам. Розныя творчыя калектывы выступалі перад публікай, якая жмурылася ад сонца. Старэйшыя асобы хутка занялі месцы збоку – у цянёчку пад вялікім дрэвам. Усё было ціха і спакойна.
    І вось дайграна апошняя песня. Публіка паціху разбрыдаецца па хатах, паненкі хутка прыбіраюць упрыгожванні са сцэны... Як кажуць, “свята, свята і па свяце”. Дзярэчын вяртаецца ў штодзённасць. А сцены касцёла пачынаюць сваю другую стогадовую адлегласць.
    Для чаго, спытаецеся, святкаваць угодкі сцен? Мы ж не святкуем дзесяцігоддзе альбо іншае “годдзе” нашых кватэр ці дамоў. Для кожнага гэты юбілей патрэбны па-свойму. Адным для таго, каб паказаць свае арганізатарскія здольнасці, другім – каб выкарыстаць магчымасць папрацаваць гуртам з парафіянамі і супольна пацешыцца такой даце, трэцім гэта так сабе – “трэба, бо трэба”. Што ж, можа, кожны мае трошкі рацыі, але галоўнае – не забыцца пра тое, што касцёл – гэта мы, а ўсё іншае – дадатковае.
    Сцены святынь нас ахоўваюць ад ветру, сцюжы ці летняй спякоты. Але ніхто акрамя нас не можа абагрэць касцёл, напоўніць яго хатнім цяплом. Толькі мы робім з простай адмысловай будыніны святыню. І гісторыя храма ў Дзярэчыне гэта даказвае.
    Сцены, як людзі – то падаюць, то паўстаюць, то стаяць у самоце, то несупынна гамоняць. Няхай жа чырвоныя сцены дзярэчынскага касцёла ніколі не застаюцца адны, бо “сказаў Пан Бог: нядобра быць чалавеку аднаму” (Быц 2, 18).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.