ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

У дыяцэзіі ўшанавалі рэліквіі св. Яна Боско

З жыцця Касцёла

З 25 па 30 жніўня ў Беларусі адбывалася перэгрынацыя рэліквій святога Яна Боско. Рэліквіі святога наведалі ўсе салезіянскія супольнасці ў нашай краіне: Мінск, Бараўляны, Раўбічы, Багданава, Смаргонь, Баруны, Варняны, Жупраны, Дзятлава, Наваельню, а таксама мінскую і гродзенскую катэдры.
    28 жніўня рэліквіі св. Яна Боско прыбылі ў салезіянскую парафію святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.
Урачыстасць распача­лася каля брамы касцёла, дзе некалькі тысяч вернікаў з радасцю сустрэлі Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці. Праз некалькі хвілін прадстаўнік Папы з усімі святарамі, дзець­мі, моладдзю, старэйшымі і запрошанымі гасцямі, сярод якіх былі старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой, прадстаўнікі мясцовай улады і кіраўніцтва навучальных устаноў горада, вырушылі ў працэсіі, каб прывітаць рэліквіі, аддаць пашану святому – айцу і настаўніку моладзі, заснавальніку салезіянскай сям’і.
Вернікі сустрэлі аўта­мабіль з рэліквіямі святога Яна Боско на кальцы ў цэнтры горада і ў святочнай працэсіі з малітвай, спевамі і музыкай вырушылі да святыні. Пасля ўстанаўлення рэліквій каля летняга алтара распачалася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый.
    Падчас прывітальных слоў арцыбіскуп адзначыў, што прысутны сярод нас святы Ян Боско падтрымлівае моладзь у цяжкасцях, дае ёй сілы, надзею і веру ў Бога.
    Пасля св. Імшы рэліквіі перанеслі ў касцёл, дзе кожны з вернікаў меў магчымасць памаліцца каля вялікага святога.
    Праз некаторы час катэхезай аб-па Клаўдыа Гуджэроці распачалася першая частка моладзевага чування. У сваёй прамове да моладзі арцыбіскуп заклікаў маладых католікаў у Год веры браць прыклад з веры св. Яна Боско і наследаваць яго ў сваім жыцці.
    У другой частцы чування ў імправізаваным дыялогу маладога чалавека з ксяндзом Янам Боско кожны прысутны мог пачуць адказы ад святога на хвалюючыя пытанні. Моладзевая малітва пры рэліквіях завяршылася шляхам святла.
    Чуванне, асабістае або ў парафіяльных групах, працягвалася да ранішняй св. Імшы. Апошнімі ўшанавалі рэліквіі першакамунійныя дзеці.
    Апоўдні распачалася разві­тальная святая Імша, на якую былі асабліва запрошаны дзеці, моладзь, настаўнікі і выхавацелі. Адбылося ўрачыстае адкрыццё новага катэхетычнага і навучальнага года, а таксама аднаўленне манаскіх абяцанняў паслухмянасці, чысціні і ўбоства клерыка Алега Каралёва SDB.
    Са Смаргоні рэліквіі накіраваліся ў Дзятлава, Наваельню і Гродна.
    Перэгрынацыя была падрыхтоўчым этапам да святкавання 200-годдзя святога, якое прыпадае на 16 жніўня 2015 года. Беларусь – адна са 130 краін, якая далучылася да сусветнай перэгрынацыі рэліквій, што трывае з 2009 г. і працягнецца да 2015 г. Чакаецца, што за гэты час рэліквіі святога пабываюць у 130-ці краінах на пяці кантынентах, наведваючы ўсе месцы, дзе прысутнічае салезіянская харызма.
    Сёння ў свеце налічваецца каля 15 тысяч салезіян ксяндза Боско і 14 тысяч Дачок Марыі Дапамогі. З іх 18 ксяндзоў салезіян і пяць сясцёр салезіянак працуюць у Беларусі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.