ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Перад абліччам смерці верныя Хрысту

З жыцця Касцёла

Малітва ля крыжа, які ўвекавечвае месца расстрэлу Сясцёр Назарэтанак каля НавагрудкаУрачыстасці ў памяць Сясцёр Назарэтанак, забітых гітлераўцамі, адбыліся ў Навагрудку. 70 гадоў таму Мучаніцы ахвяравалі сваё жыццё за бацькаў сямей і кс. А. Зенкевіча, якія павінны былі загінуць як заложнікі. Гэтым геройскім учынкам Сёстры выканалі сваю харызму служэння сям’і і засталіся верныя наказу б-па Зыгмунта Лазінскага: “Навагрудак не пакідаць, трываць на пазіцыі, такая воля Божая і мая”.
Бласлаўлёных мучаніц з Навагрудка – сястру Марыю Стэлу Марда­севіч і дзесяць яе Паплечніц каталіцкая супольнасць кожны год успамінае 4 верасня. У вячэрняй цішыні вернікі з некалькіх парафій дыяцэзіі разам са сваімі душпастарамі, сёстры назарэтанкі, ксяндзы і Апостальскі нунцый абп Клаўдыа Гуджэроці наведалі месца расстрэлу Мучаніц у невялікім бярозава-сасновым лесе каля Навагрудка. Каля крыжа на ўспамін Назарэтанак, якія пакутавалі і аддалі сваё жыццё, даючы сведчанне, што сапраўдная любоў здольна на ахвяру, пілігрымы склалі кветкі, запалілі лампадкі. Хвіліны, праведзеныя пад соснамі – сведкамі страшнай трагедыі, што адбылася тут шмат гадоў таму, – у кожным з прысутных абудзілі незвычайныя пачуцці і прымусілі да развагі, якая перарасла ў ціхую малітву ў інтэнцыі тых, хто даў прыклад хрысціянскага гераізму і самаахвярнасці.
Затым вернікі накі­раваліся ў навагрудскую Белую Фару, дзе пры гуках песні “З Белай Фары пайшлі долам” распачалі св. Імшу, якую ўзначаліў абп Клаўдыа Гуджэроці. У сваёй гаміліі іерарх адзначыў, што ўрачыстасць успаміну Бласлаўлёных Сясцёр з аднаго боку напаўняе нашыя сэрцы болем, калі мы думаем пра пакуты, праз якія павінны былі прайсці Мучаніцы, а з другога боку – страхам, таму што людзі надалей здольныя да такіх страшных злачынстваў і да сённяшняга дня мы не можам быць упэўнены, што падобная трагедыя больш не здарыцца.
    “Сёстры глядзяць на нас з неба з усмешкай на твары, яны не пакінуць нас без дапамогі, без сваёй апекі, – казаў абп Клаўдыа Гуджэроці. – Бог, які бачыў пакуты, што яны прынялі ад рук катаў, не адмовіць Бласлаўлёным Назарэтанкам у іх просьбах, якія яны ўзносяць да Стварыцеля”.
    Звяртаючыся ў малітве да Мучаніц, абп Клаўдыа Гуджэроці сказаў: “Паглядзіце на Касцёл, які, нягледзячы на праследаванне, ідзе той дарогай веры, якой ішлі Вы. З міласэрнасцю паглядзіце на нашу слабасць, дадайце моцы нашым слабым нагам і адчыніце дзверы нашых сэрцаў, каб мы таксама маглі быць сведкамі Вашага ўваскрасення”.
    Іерарх таксама заахвочваў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў св. Імшы, дзякаваць Богу за тое, што ў наш час дзверы святыні адкрыты для ўсіх, і прасіць аб тым, каб хрысціяне маглі ісці вуліцамі сваіх гарадоў з высока паднятай галавой і не баяцца, што іх будуць праследаваць за веру.
    Культ Назарэтанак увесь час развіваецца
    Гісторыя мучаніцтва Сясцёр Назарэтанак з Навагрудка, якая стала сведчаннем таго, што сапраўдная любоў здольна на ахвяру, прынесла плён беатыфікацыі адзінаццаці Сясцёр, якую 5 сакавіка 2000 г. здзейсніў у Рыме папа Ян Павел II. Можна з усёй упэўненасцю гаварыць пра тое, што пасмертны культ Сясцёр Назарэтанак з самага пачатку быў вельмі жывы і надалей няспынна пашыраецца. У памяць аб Мучаніцах выданы кнігі і нарысы: між іншых “Арэол над Назарэтам”, “Чырвоная сукенка”, “Адбылося ў Навагрудку”. Створаны таксама дакументальны фільм “Адзінаццаць кленчнікаў” (рэжысура Рышарда Ясіньскага і Людгардаса Гедравічуса), а Тэатр “Футрына”, у які ўваходзяць галоўным чынам маладыя людзі з усёй Польшчы, у тым ліку і сёстры назарэтанкі, у сваю чаргу стварыў опернае прадстаўленне “Малгажата”, якое расказвае пра сястру Марыю Малгажату ад Сэрца Пана Езуса, Канаючага ў Садзе Аліўным, якая адзіная з навагрудскай супольнасці сясцёр назарэтанак уцалела падчас II Сусветнай вайны. Спектакль паказвае не толькі яе цяжкае, інтэнсіўнае, адданае Богу жыццё, але таксама важнасць і складанасць унутраных выбараў, перад якімі яна стаяла.
    У навагрудскай Фары да сённяшняга дня знаходзяцца драўляныя кленчнікі, на якія падчас малітвы станавіліся Сёстры Мучаніцы. На гэтыя самыя кленчнікі і сёння для малітвы кленчаць сёстры, а вернікі з Навагрудка, як і пілігрымы, з пакорнасцю прыходзяць у бакавую капліцу, дзе ў саркафагу знаходзяцца рэліквіі Бласлаўлёных, і просяць апекі і патрэбных ласкаў, верачы, што будуць выслуханы.
    “Давяраючы Сёстрам Мучаніцам свае клопаты, я заўсёды адчуваю суцяшэнне, – гаворыць адна з парафіянак навагрудскай Фары. – Я заўсёды прыходжу сюды з надзеяй і прашу дапамогі ў вырашэнні складаных жыццёвых праблем, як таксама аб годным жыцці і добрай смерці. Гэта ўзмацняе мяне духоўна і дае супакой майму сэрцу”.
    Прыходзячы ў касцёл у Навагрудку, некаторыя могуць задаць пытанне: “Адкуль Сёстры мелі сілы, каб ахвяраваць сябе ўзамен за выратаванне жыцця зняволеных жыхароў Навагрудка?” Цудоўным адказам на яго могуць быць словы з гаміліі, якую на св. Імшы падчас беатыфікацыі Сясцёр Назарэтанак у 2000 г. прамовіў Ян Павел II: “Бог рыхтаваў іх павольна да гэтай хвіліны найвышэйшага выпрабавання. Зерне ласкі, якое было кінута на глебу іх сэрцаў у момант св. хросту, а потым вырошчвалася з вялікім клопатам і адказнасцю, глыбока ўкаранілася і выдала найлепшы плод, якім з’яўляецца дар свайго жыцця. Хрыстос гаворыць: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15, 13). Так, няма большай любові за тую, якая гатова аддаць жыццё за братоў”.
    Ідучы за прыкладам Бласлаўлёных Сясцёр, назарэтанкі, якія сёння працуюць у Навагрудку, застаюцца вернымі харызме і спяшаюцца з дапамогай усім патрабуючым, апекуюцца касцёлам, катэхізуюць дзяцей і служаць усяму навагрудскаму грамадству.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.