ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Католікі Беларусі хочуць будаваць Касцёл

Слова рэдактара

У Беларусі яшчэ не хапае мураваных касцёлаў, але ёсць жывы Касцёл. Ёсць верныя людзі добрай волі, якія сваім жыццём абвяшчаюць Хрыста і Яго праўды, а таксама жывуць гэтым на кожны дзень

   У многіх рэлігійных артыкулах дастаткова шмат тэм адносна будаўніцтва Касцёла. Гэта вельмі важны момант рэлігійнага жыцця кожнага народа і пакалення. Часцей за ўсё, калі мы гаворым пра будаўніцтва, ва ўяўленні ўзнікае будынак з фундаментам, сценамі і дахам. Гаворачы пра будынак святыні, мы задумваемся, у якім стылі ён ёсць ці павінен быць. У сённяшнія часы новыя святыні не заўсёды сваім выглядам прыгадваюць Божы Дом, але нягледзячы на гэта, у новых раёнах нашых гарадоў узнікаюць будынкі на Божую хвалу, і гэта вельмі важная справа. Існуюць такія месцы ў Беларусі, дзе святынь, так неабходных хрысціянам, не хапае. Але ёсць яшчэ важнейшая справа, якая датычыцца нашага жыцця з Богам.
    Гаворачы пра будаўніцтва Касцёла, мы павінны ў першую чаргу думаць пра жывы Касцёл. Супольна вызнаючы веру ў Адзінага Бога, Стварыцеля неба і зямлі, мы ствараем жывы Касцёл на зямлі.
Членам жывой супольнасці з’яўляецца кожны чалавек, чыё сэрца гатова ў любую хвіліну пайсці за голасам Хрыста. Гэта чалавек, які бачыць на жыццёвым гарызонце сэнс свайго вандравання, таго, што ён робіць і чым жыве на кожны дзень. Калі існуе жывы Касцёл, то, бясспрэчна, паўстане і касцёл з каменю, які неабходны для жыцця і існавання жывога Касцёла.
    Разважаючы над тым, які ён – наш Касцёл у Беларусі сёння або які ён будзе ў будучым, мы павінны думаць перш за ўсё пра жывы Касцёл, а гэта значыць пра кожнага з нас. Які я, якая мая сям’я ці, хаця б, дзяржава, у якой я жыву. Мне прыгадваюцца словы папы Францішка, які гаворыць, што “цёплыя хрысціяне хочуць будаваць Касцёл па сваёй меры, але гэта не Хрыстовы Касцёл”. Папа гаворыць, што такі чалавек ніколі не пабудуе Касцёл. Таму давайце не будзем трымацца на адлегласці ад Касцёла, а пастараемся жыць яго жыццём. Мы павінны быць адказнымі за сябе і за бліжніх, павінны разам несці адказнасць за Касцёл, які мы будуем у сваіх сэрцах і на нашай зямлі. Жывучы жыццём Касцёла, чуючы ўдары яго сэрца, многія з нас знаходзяць крыніцу сіл для вырашэння ўсіх цяжкасцей і праблем. З надзеяй пазіраючы ў будучыню, мы можам сказаць, што дзякуючы Божай апецы ўсё заўсёды можа быць лепш і, напэўна, будзе. У жывым Касцёле мы маем свае месцы, кожны з нас становіцца вельмі важнай часткай Хрыстовага Цела, якім з’яўляецца Касцёл. А таму варта было б думаць не аб тым, колькі каштуе фарба, каб замаляваць чорныя месцы на сцяне, але аб тым, як замаляваць грэх, які моцна засеў у маім сэрцы, і што зрабіць з той плямай у душы, якая заглушае голас сумлення ў маім жыцці.
    Сёння я, будучы перакананы ў тым, што многія з Вас паўтораць гэта за мной, магу сказаць, што ў Беларусі яшчэ не хапае мураваных касцёлаў, але ёсць жывы Касцёл. Ёсць верныя людзі добрай волі, якія сваім жыццём абвяшчаюць Хрыста і Яго праўды, а таксама жывуць гэтым на кожны дзень. Ёсць старэйшае пакаленне, якое паказвае маладым тыя каштоўнасці, дзякуючы якім наш народ выжыў, перадае веру, якая надавала і надае сэнс жыццю нават у самых складаных яго момантах. Ёсць дзеці і моладзь, якія, па прыкладзе Езуса, узрастаюць “у мудрасці, у гадах і ў ласцы” (Лк 2, 52).
    У нашых штодзённых малітвах павінна прысутнічаць малітва ў інтэнцыі Касцёла, папы Францішка, нашых пастараў, нашых бліжніх. Быць апосталам да апошняй хвіліны свайго вандравання, увесь час самаму навяртацца і сваім прыкладам навяртаць іншых, будаваць у Беларусі Касцёл – святы, паўсюдны і апостальскі, бо Касцёл – гэта кожны з нас, гэта супольнасць пакліканых людзей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.