ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Цуд, які не сканчаецца

Дзіцячы куточак

У адной казачнай краіне існа­вала школа чараў­нікоў. Як і ва ўсякай школе, у ёй былі вучні і настаўнікі, урокі і канікулы, а ў канцы года маленькія чараўнікі паказвалі тое, чаму яны паспелі навучыцца.
    У гэтай школе вучыўся хлопчык, якога называлі Артур-Зялёны Кусцік. Такую мянушку ён атрымаў пасля таго, як на адным з урокаў выпадкова ператварыў свае валасы ў маленькі зялёны кусцік і доўга не мог вярнуць ім ранейшы выгляд.
    Разам з іншымі вучнямі Артур удзельнічаў у штогадовым паказе цудаў. І як вы думаеце, які цуд ён падрыхтаваў? Не, не абрус-самабор і не боты-скараходы. Ён прыдумаў чароўны дыван. Як толькі хтосьці станавіўся на гэты дзівосны дыван ды два разы падскокваў на левай назе, прамаўляючы “чык-чырык”, тут жа выконвалася яго таемнае жаданне. Але паколькі Артур быў яшчэ толькі вучнем і пакуль што не меў сапраўднай чароўнай сілы, яго чараўніцтва дзейнічала ўсяго толькі адну хвіліну.
    Каб праверыць дзеянне свайго вынаходніцтва, Артур адправіўся ў дзіцячы садок, які знаходзіўся побач са школай чараўнікоў. Там ён прапанаваў дзецям устаць на чароўны дыван і загадаць сваё жаданне.
Усе дзеці кінуліся да чароўнага дываніка, але першым паспеў устаць на яго маленькі Яўген. Ён быў сапраўды самым маленькім у сваёй групе. Нават дзяўчынкі, і тыя былі вышэйшымі за яго. Падскочыўшы два разы на левай назе і сказаўшы “чык-чырык”, ён гучна закрычаў:
    – Жадаю стаць вялікім, самым вялікім!
    І ў тую ж секунду ён пачаў расці.
    Дзеці глядзелі на яго, стаіўшы дыханне. Спачатку ён стаў вышэйшым за ўсіх у сваёй групе, потым вышэйшым за Артура, потым – за выхавацельку, а потым крануў галавой столі. Але яго адзежа, пра якую ён не падумаў, не змагла вытрымаць такога памеру. Прама на ім лопнулі яго порткі, світар і нават папружкі на сандалях.
    Першымі пачалі хіхікаць дзяўчынкі, потым засмяяліся хлопчыкі, нават выхавалька не змагла стрымаць усмешкі. Але час чараўніцтва скончыўся, і Яўген зноў вярнуўся да свайго звычайнага росту, а Артуру прыйшлося ўжыць чароўныя словы, каб паправіць сапсаваную адзежу.
    Наступнай выскачыла на дыван Таня. Два падскокі на левай назе, “чык-чырык” і... дзяўчынка застыла. Мноства жаданняў раптам праняслося ў яе галаве: “Ляльку! Не, шакаладку! Ці машынку?! Не, гэта для хлопчыкаў. Новая сукенка?! Не, сукенку мама і так збіралася купіць, і потым, праз хвіліну яна знікне. Што ж выбраць?”
    Раптам яна паглядзела на паліцу з цацачнымі жывёламі і ўспомніла, як уяўляла сабе ўсіх гэтых звяркоў жывымі. Гэтая думка прагнала ўсе іншыя жаданні, і чароўны дыван пачаў ажыўляць цацкі адну за другой.
    І вось, пакой запоўніўся шумам крылаў і крыкамі птушак, якія насіліся па паветры, тыкаючыся дзюбамі ў зачыненыя вокны. Ажыўшыя каты падскоквалі, спрабуючы схапіць птушак. Вялікія і маленькія сабакі гучна насіліся за катамі, а медзведзяняты качаліся па падлозе, імкнучыся перакуліць адзін аднаго.
    Спалоханыя дзеці падбеглі да выхавацелькі, а Артур падышоў да акна і адкрыў яго. Тады птушкі вылецелі ў вакно, каты выскачылі за птушкамі, сабакі рынуліся следам за катамі, і медзведзяняты таксама з радасцю палезлі праз акно на вуліцу. Праз хвіліну ўсе жывёлы зноў сталі цацачнымі, і дзеці яшчэ доўга знаходзілі ў двары дзіцячага садка сваіх пластмасавых і плюшавых звяркоў.
    Пасля гэтага некалькі хвілін ніхто не вырашаўся стаць на чароўны дыван. Але раптам хлопчык Саша ўспомніў, што ў яго сябра Петрыка сёння з самай раніцы баліць зуб. Ён нават не змог з’есці яблык, што прынёс з сабой сёння з хаты. Саша выйшаў наперад і ўстаў на дыван. Ён два разы падскочыў на левай назе, пракрычаў “чык-чырык” і падумаў: – Хачу, каб у Петрыка перастаў балець зуб.
    І ў тое ж імгненне ўсе пачулі шчаслівы смех Петрыка.
    – Дзякуй, Саша! – узрадаваўся Петрык. – Хадзем, раздзелім мой яблык, я хачу цябе ім пачаставаць.
    У гэты момант дзяцей паклікалі ў сталовую, гульня ў цуды скончылася.
    Маленькі чараўнік Артур-Зялёны Кусцік згарнуў сваё вынаходніцтва і пайшоў услед за дзецьмі. Ён ведаў, што праз хвіліну ў Петрыка зноў забаліць зуб і тады яго трэба будзе неяк суцешыць. Але ён памыліўся. Петрык еў, смяяўся і гучна ляскаў зубамі, каб насмяшыць сваіх сяброў.
    Доўга пасля гэтага думаў Артур пра тое, чаму апошняе чараўніцтва не скончылася праз хвіліну, бо ён сам ствараў гэты дыван і добра ведаў час дзеяння чараўніцтва. Так і не высветліўшы, чаму ўсё так адбылося, ён адправіўся да свайго настаўніка і ўсё падрабязна яму расказаў. Мудры чараўнік засмяяўся, ласкава пагладзіў Артура па галаве і сказаў: “Ведай, мой маленькі сябар, што цуд, зроблены для іншых, не сканчаецца!”

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.