ГРОДНА
Нядзеля,
15 верасня 2024 года |
Маці Божая Kангрэгацкая запрашае кожнага з нас
3 жніўня ў катэдральны касцёл у Гродне прыбудуць рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, а 4 жніўня вернікі катэдральнай парафіі аддадуць асаблівую пашану Маці Божай Кангрэгацкай. Аб духоўным перажыванні гэтых цудоўных дзён з кс. пробашчам Янам Кучынскім размаўляе кс. Павел Салабуда.
- Ксёндз Ян, чым для Вас з’яўляецца вера?
- Асабіста для мяне вера – гэта перажыванне рэчаіснасці, якая ёсць, але якую нельга ні зразумець, ні навукова растлумачыць і апісаць, а проста трэба прыняць так, як яно ёсць, бо гэта відавочна. Няма няверуючых людзей, бо кожны ў нешта верыць: хтосьці ў сілу прыроды, хтосьці ў сілу розуму, хтосьці ў моц камп’ютара ці аўтамабіля. Вера можа быць памылковай, таму трэба выбіраць тое, што з’яўляецца самым важным у жыцці, а самае важнае тое, ад Каго мы выйшлі і да Каго вернемся. Таму трэба пазнаваць Бога і верыць у Яго бясконцую моц. Вера здзяйсняе цуды. †
- Асабіста для мяне вера – гэта перажыванне рэчаіснасці, якая ёсць, але якую нельга ні зразумець, ні навукова растлумачыць і апісаць, а проста трэба прыняць так, як яно ёсць, бо гэта відавочна. Няма няверуючых людзей, бо кожны ў нешта верыць: хтосьці ў сілу прыроды, хтосьці ў сілу розуму, хтосьці ў моц камп’ютара ці аўтамабіля. Вера можа быць памылковай, таму трэба выбіраць тое, што з’яўляецца самым важным у жыцці, а самае важнае тое, ад Каго мы выйшлі і да Каго вернемся. Таму трэба пазнаваць Бога і верыць у Яго бясконцую моц. Вера здзяйсняе цуды. †
- На нашым шляху мы сустракаем святых і бласлаўлёных, якія нам паказваюць, як трэба жыць. А чаму нас можа навучыць св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус?
- На дарозе ёсць розныя дарожныя знакі: адзін паказвае на паварот, другі перасцерагае перад няроўнай дарогай, трэці абмяжоўвае хуткасць... Так жа і са святымі ў нашым жыцці – усе яны розныя, але кожны ўказвае адпаведны напрамак і спосаб набліжэння да Бога і святасці жыцця. Св. Тэрэза з’яўляецца нібы весніцай любові Хрыста да чалавека і поўнай аддачы сябе Хрысту. Каб поўнасцю даверыцца Богу і прыняць усе цярпенні як крыж, трэба мець вялікую веру, таму я спадзяюся, што ўглядаючыся ў асобу св. Тэрэзы і маючы магчымасць дакрануцца да яе рэліквій, мы ўзмоцнімся ў веры і праз яе заступніцтва атрымаем мноства ласкаў ад Бога.
- Ксёндз Ян, які будзе план сёлетняй адарацыі перад урачыстасцю, якія змены ў ім адбудуцца?
- Па-першае, трэба адзначыць, што сёлетняе святкаванне ўрачыстасці Маці Божай Кангрэгацкай перанесена на 4 жніўня, хоць прыпадае на 5 жніўня. Традыцыйна ўрачыстасць распачнецца ўсяночнай адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. У гэтым годзе ўрачыстасць будзе ўзбагачана, таму што мы маем гонар і радасць прымаць у нашай базіліцы рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Усё распачнецца 3 жніўня а 18-й гадзіне прывітаннем рэліквій, а ў 19.00 адбудзецца ўрачыстая св. Імша ў гонар св. Тэрэзы, якую ўзначаліць вялікі і шаноўны госць з-за мяжы. Пасля Імшы адбудуцца малітвы праз заступніцтва св. Тэрэзы і будзе таксама магчымасць дакрануцца да рэліквій. У 21.30 распачнецца ўсяночная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, якую будуць праводзіць усе парафіі Гродна. Кожны зможа сустрэцца з Хрыстом у цішыні. Апоўначы адбудзецца святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, а затым працягнецца чуванне і малітвы.
- Якую духоўную карысць можа атрымаць кожны з нас падчас гэтай урачыстасці?
- Я спадзяюся, што кожны веруючы жыхар Гродна знойдзе хаця б хвілінку на тое, каб прыйсці і памаліцца ў гэтую ўрачыстасць, ушаноўваючы Маці Божую Кангрэгацкую, якая ўжо на працягу стагоддзяў з’яўляецца заступніцай нашага горада. Гэта выдатная магчымасць атрымаць як неабходныя ў зямным жыцці ласкі, так і сілы для імкнення да святасці жыцця. Мы шмат звычайна просім, але, на жаль, часам забываемся дзякаваць. Хацелася б, каб гэтая ўрачыстасць была адной вялікай падзякай Богу за Марыю і за ўсе дары, якія мы атрымліваем праз Яе заступніцтва.
- Вельмі шмат людзей прыходзяць да абраза Маці Божай Кангрэгацкай са сваімі малітвамі. Ці можна ўжо сёння сказаць, што культ Маці Божай адрадзіўся ў Гродне?
- Са спакоем у сэрцы магу сказаць ТАК! Ужо на працягу васьмі гадоў у кожную суботу адпраўляецца св. Імша пры Яе алтары ў бакавой капліцы ў прысутнасці вялікага мноства вернікаў. Амаль два гады існуе малітоўная група Маці Божай Кангрэгацкай, якая налічвае каля 100 асоб, а гэта духоўнае заплечча не толькі для парафіі, але для ўсяго горада і дыяцэзіі, бо кожны чацвер мы сустракаемся перад цудатворным абразом, узносячы да Марыі розныя інтэнцыі. Многія прыходзяць сюды, каб маліцца. Мяне цешыць тое, што ўсё больш людзей прыязджаюць з іншых гарадоў і нават краін. Калі я праводжу турыстычныя групы па касцёле, я заўсёды звяртаю ўвагу на цудатворны абраз Маці Божай і на цуды, якія ўжо здзейснены, хаця б на працягу апошніх гадоў. Гэтыя групы вяртаюцца дамоў і расказваюць усё іншым. Што цікава, пазней прыязджаюць людзі і распытваюць, дзе знаходзіцца гэты цудоўны абраз Марыі. Ёсць таксама праваслаўныя, якія ўзносяць свае малітвы праз Яе заступніцтва, паколькі Марыю ўшаноўвае і праваслаўная Царква. Культ пашыраецца і ўзрастае, а Марыя бласлаўляе і апекуецца кожным.
- У літургічным календары ўрачыстасць прыпадае на 5 жніўня, але мы будзем яе перажываць 4 жніўня ў нядзелю. Я б вельмі Вас папрасіў на старонках нашай газеты запрасіць вернікаў на гэтую ўрачыстасць. Якім будзе духоўнае пасланне гэтай ночы адарацыі і ўрачыстасці Марыі Кангрэгацкай?
- Кожнага: дзяцей, моладзь, галоўным чынам студэнтаў, сярэдняе пакаленне і старэйшых асоб я хацеў бы сардэчна запрасіць на сёлетнюю ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай. Да каго ж, як не да Маці, мы пойдзем прасіць заступніцтва над намі. Мы будзем маліцца аб узрастанні, узмацненні і даверлівай веры для кожнага народу і дзяржавы, аб вернасці Богу і аб святасці жыцця кожага чалавека.
- Дзякуй за размову.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 108 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.