ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Лепш пазнаць Хрыста

Слова рэдактара

Сваёй паставай і службай Папа паказвае свету сапраўдны вобраз чалавечнасці, напрамкам развіцця якой павінна быць дабрыня, пра якую мы, на жаль, вельмі часта забываемся.

   Усё больш запісаў папы Францішка на “Твітэры” становяцца папулярнымі ва ўсім свеце. Усё гэта адбываецца не для рэкламы, бо ні Папе, ні Касцёлу гэта не патрэбна. Сваёй паставай і службай Папа паказвае свету сапраўдны вобраз чалавечнасці, напрамкам развіцця якой павінна быць дабрыня, пра якую мы, на жаль, вельмі часта забываемся. Сёння ўсё цяжэй дзяліцца з бліжнімі любоўю і несці ў гэты свет міласэрнасць. Гэта адбываецца па той прычыне, што мы заглушаем голас Хрыста, не хочам зрабіць штосьці важнае для сябе і іншых у нашай жыццёвай пілігрымцы. Жыццё папы Францішка поўнасцю паглыблена ў Хрыста, таму, бясспрэчна, Папа становіцца прыкладам для кожнага з нас. У адным са сваіх запісаў ён прыгадвае нам вельмі важную праўду: “У Год веры трэба старацца кожны дзень зрабіць нешта канкрэтнае, каб лепш пазнаць Езуса Хрыста”.
Што мы можам зрабіць?
    Пазнаць Хрыста ў Яго зямным жыцці і ў Яго паслядоўніках. Напэўна, нам не ўдасца пазнаць Езуса так, як мы можам пазнаць чалавека, што жыве побач з намі, але калі мы звяртаем сваю ўвагу на Евангелле, Хрыстос адкрывае нам сваё жыццё. Бог становіцца чалавекам, каб чалавек зразумеў вялікую справу свайго збаўлення. Разважаючы ў сэрцы падчас малітвы дзейнасць Хрыста, мы становімся ўсё бліжэй да Яго. Праўда Яго смерці і ўваскрасення становіцца нашай праўдай вечнага жыцця.
    Але ў першую чаргу, мы павінны звярнуць увагу на тое, што можна пазнаць Езуса ў Яго паслядоўніках. Гаворка ідзе, перш за ўсё, аб нашым сведчанні веры. Я ўжо некалькі разоў прыгадваў, што хрысціянства – гэта не прафесія, якую трэба выконваць у акрэсленых гадзінах, гэта жыццё, напоўненае глыбокай верай. Жывучы згодна з Евангеллем і з навукай Касцёла, мы становімся сведкамі жыцця Хрыста ў наш час, так, быццам Ён знаходзіцца сярод нас, жыве з намі. Нашыя канкрэтныя ўчынкі, накіраваныя на Хрыста і Яго Евангелле – вось, што неабходна, як прыгадвае Пантыфік у сваім запісе, каб лепш пазнаць Езуса. Чалавек, які лепш пазнае Хрыста, будзе мець усё. Каля Яго боку ён будзе адчуваць сябе шчаслівым, любімым вучнем. І гэта не байка ці тып своеасаблівых абяцанняў. Гэта рэальнае жыццё кожнага з нас. Яно становіцца настолькі натуральным разам з Хрыстом. Каб пазнаць Езуса, трэба спачатку пазнаць хрысціян, Касцёл, парафію і, напрыклад, ксяндза душпастара парафіі, які павінен клапаціцца аб карысці для душ вернікаў. Трэба пазнаць Евангелле, каб быць бліжэй да Хрыста. Дзякуючы Хрысту можна таксама лепш пазнаць сябе. Хрыстос становіцца ключом да сэрца кожнага з нас. Напэўна, многія перажывалі такі момант у сваім жыцці, калі стаіш перад дзвярыма і падбіраеш ключ да замка. На вуліцы холадна і цёмна, табе хацелася б як мага хутчэй аказацца ўнутры, але не атрымліваецца перакруціць ключ. Ты думаў, што менавіта гэты ключ той самы, а ў той жа час замок не прапускае. Як жа гэта раздражняе! Ты яшчэ раз глядзіш на ключы. Ці гэта дакладна той? А можа, хтосьці яго пашкодзіў? Ключом да нашых сэрцаў з’яўляецца сам Хрыстос, калі мы пазнаём Яго, мы становімся бліжэй да нашага Збавіцеля, але трэба прыкласці шмат намаганняў да гэтага.
    Варта быць разважлівым і мудрым, каб будаваць сваё жыццё на Хрысце, штодзённа пазнаючы Яго. Гэтая разважлівасць пакіруе нашымі крокамі, а нашае шчасце будзе заражаць іншых. Назіраючы за намі, яны будуць задаваць сабе мноства пытанняў адносна таго, што робіць нас шчаслівымі. І тады многія ўбачаць, што Хрыстос, якога мы пазнаём кожны дзень, з’яўляецца апорай нашага жыцця. Ён памёр і ўваскрос для нас.
    А на заканчэнне яшчэ адзін з запісаў, які будзе пэўным падсумаваннем маіх сённяшніх разважанняў: “Калі мы хочам пераймаць Хрыста, мы не можам шукаць зручнага і спакойнага жыцця. Гэта будзе жыццё патрабавальнае, але поўнае радасці”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.