ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе наведаў пасланнік Святога Айца

З жыцця Касцёла

“Тут я ўбачыў жывы Касцёл, які імкнецца ў будучыню” – кард. Жан Луі Таран
Сёлета тысячы пілігрымаў завіталі на ўрачыстасці 400-годдзя прабывання цудатворнага абраза Маці Божай ў Будславе. Асаблівым госцем на юбілеі ў Нацыянальным санктуарыі быў спецыяльны легат Святога Айца Францішка старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан Луі Таран.
Гэтыя дні, 5 і 6 ліпеня, бы­лі насычаны падзеямі і перажываннямі. Пілігрымы пачалі ўваходзіць і прыязджаць у Будслаў на веласіпедах, аўтобусах, аўтамабілях у пятніцу днём. Пілігрымкі ішлі і ехалі не толькі з Мінскай вобласці, але і з усёй Беларусі, а таксама з Украіны, Польшы, і нават з Расіі і Італіі. Гродзенскія веласіпедысты пераадолелі сімвалічны шлях у 400 кіламетраў, каб ушанаваць Маці Божую ў 400-гадовы юбілей. Самай доўгай была пешая дзевяцідзённая пілігрымка з Баранавіч. Чарговы раз з мінскага Чырвонага касцёла вернікі прайшлі свой шлях, посцячы на хлебе і вадзе.
Нечаканасцю для ўдзель­нікаў урачыстасцей стаў моцны лівень і віхура, якія раптам пасля спёкі наляцелі на санктуарый, вымачылі наскрозь пілігрымаў, нанеслі шкоду адмыслова зладжанаму звонку касцёла алтару, паперакульвалі намёты гандляроў, паламалі галіны дрэў. На шчасце, абыйшлося без чалавечых ахвяр.
    На ўрачыстасцях прысут­нічалі два французы, як жартам адзначыў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч: кардынал Жан Луі Таран і святая Тэрэза ад Дзяцятка Езус. Рэліквіі святой у вялікім саркафагу прыбылі з французскага кляштара кармелітаў босых у Лізьё ў межах перэгрынацыі рэлікварыя па Беларусі (1 чэрвеня – 28 жніўня б.г.). А вось перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай па беларускіх парафіях скончылася. Абраз урачыста прынеслі пілігрымы з Вілейкі.
    Легат Папы кардынал Жан Луі Таран прыбыў у Будслаў вечарам у пятніцу. Пасланнік Святога Айца ў прамове да вернікаў адзначыў узрастаючы крызіс веры і маральнасці, калі чалавек верыць толькі ў сябе і не патрабуе Бога. Легат прапанаваў моладзі выпрабаваны рэцэпт на добрую малітву: “пяць хвілін для Бога”. Пяць хвілін у дзень прысвяціць таму, каб думаць “пра Бога з любоўю”, пачытаць Евангелле, а праз нейкі час, як спадзяецца легат, для размовы з Богам пяці хвілін ужо будзе мала.
    Падчас вячэрняй св. Імшы біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец удзялілі моладзі сакрамант канфірмацыі.
    Апоўначы, на ўрачыстую працэсію з копіяй цудатворнага абраза вакол будслаўскага парка і на св. Імшу сабралася, хіба, найбольш людзей. Пасля св. Імшы моладзь правяла адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту. У палатачным гарадку адбылася дыскатэка. Прадстаўнікі грэка-каталіцкай Царквы правялі літургію па ўсходнім абрадзе.
    Завяршыла ўрачыстасці ў Будславе св. Імша а 11 гадзіне 6 ліпеня, якую ўзначаліў легат Пантыфіка кардынал Жан Луі Таран. На св. Імшы прысутнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламаты. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка скіраваў да вернікаў віншаванне з нагоды будслаўскага юбілею, якое агучыў прысутны на ўрачыстасці ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка.
    Падчас гаміліі кардынал Жан Луі Таран заахвочваў угледзецца ў Маці Божую, якая “з’яўляецца такім жа чалавекам, як і мы”, якая ведае нашыя цяжкасці і радасці, якая можа навучыць нас маліцца ў штодзённасці. “Марыя, – як адзачыў легат, – сабрала слёзы беларускага народа, пралітыя на працягу ўсёй яго трагічнай гісторыі... Марыя – гэта сіла, якая нас натхняе, гэта моцная Маці, якая вядзе нас за сабою, якая дапамагае нам узрастаць у веры, каб быць сведкамі Пана Бога, каб будаваць новы свет”.
    Напрыканцы св. Імшы легат выказаўся, што павінен пераканаць Святога Айца прыехаць у Беларусь, і што гэта няцяжка будзе зрабіць пасля таго, што ён тут убачыў. “А ўбачыў я тут жывы касцёл”, – сказаў легат. У сваіх апошніх словах кардынал даверыў вернікам вельмі асабістае, укрытае перажыванне: “Касцёл, насамрэч, вельмі прыгожы, і я ніколі не расчараваўся ў ім”.
    Падарункам ад Папы Францішка стала папскае бласлаўленне, якое ўдзяліў пілігрымам кардынал Жан Луі Таран.
    Пасля св. Імшы адбылося гашэнне паштовай маркі, выдадзенай з нагоды будслаўскага юбілею.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.