ГРОДНА
Панядзелак,
26 лютага
2024 года
 

З каталіцкага друку (50)

Прэса

Імя св. Юзафа ўключана
ў эўхарыстычныя малітвы
19.06.3013

Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў уключыла імя св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, у эўхарыстычныя малітвы трэцяга выдання Рымскага Імшала. Як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні з гэтай нагоды, рашэнне было прынята “пасля ўважлівага разгляду гэтага пытання і ў сілу паўнамоцтваў, атрыманых ад Святога Айца Францішка”. Размова ідзе пра II, III і IV эўхарыстычныя малітвы. Імя св. Юзафа будзе прамаўляцца адразу пасля імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Кангрэгацыя апублікавала лацінскі варыянт паправак, які ад гэтага моманту будзе мець статус афіцыйнага тэксту. Пераклады на іншыя мовы, у адпаведнасці з касцёльным правам, павінны быць падрыхтаваны адпаведнымі Канферэнцыямі Біскупаў і зацверджаны Святым Пасадам праз пасрэдніцтва Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамантаў.
    Трэба адзначыць, што падобныя рашэнні аб змене ў тэксце галоўнай літургічнай кнігі Касцёла прымаюцца надзвычай рэдка і ў выключных выпадках.


Кананізацыя Яна Паўла II: 
цуд прызнаны!
18.06.2013

Тэолагі прызналі цуд праз заступніцтва Папы. Ці зацвердзяць кананізацыю кардыналы? Як падае партал ватыканістаў “Vatican Insider”, камісія тэолагаў Кангрэгацыі па справах кананізацыі прызнала цудам аздараўленне, якое адбылося праз заступніцтва бласлаўлёнага Яна Паўла II ужо пасля яго беатыфікацыі. У красавіку медыцынская кансультацыя Кангрэгацыі прызнала прадстаўлены ёй выпадак аздараўлення невытлумачальным з навуковага пункту гледжання. Для кананізацыі Яна Паўла II патрэбна яшчэ згода кардыналаў і біскупаў – членаў Кангрэгацыі, якія, паводле “Vatican Insider”, павінны сабрацца ў бліжэйшыя тыдні, а таксама канчатковае рашэнне папы Францішка. Партал звяртае ўвагу, што пакуль гэтае рашэнне не прынята, рана было б называць дату кананізацыі Папы паляка.

Санктуарый у Лурдзе пад вадой
19.06.2013

Марыйны санктуарый у Лурдзе ў паўднёва-заходняй Францыі зноў апынуўся пад вадой. У выніку моцных дажджоў разлілася рака Гаў-дэ-По. У гроце аб’яўленняў ужо 140 см вады, столькі ж, колькі было ў кастрычніку мінулага года. Тады пашкоджанні, нанесеныя паводкай, былі ацэнены ў 1,3 млн еўра. Гэтым разам санктуарый лепш падрыхтаваўся да сустрэчы са стыхіяй. Аднак, паводка супала ў часе з паломніцкім сезонам. Некаторыя адмянілі свой прыезд. Тым больш, што дождж увесь час ідзе і сітуацыя, хутчэй за ўсё, пагоршыцца. Ужо раніцай у аўторак быў закрыты доступ у Масабэльскі грот – месца аб’яўленняў Маці Божай у 1858 г., у басейны з вадой, што выцякае з крыніцы ў гроце, у якія звычайна акуналіся хворыя пілігрымы, а таксама ў падземную базіліку св. Пія X. Пасля абеду закрылі таксама галоўную базіліку Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Вернікі могуць убачыць фігуру Маці Божай з другога берага ракі. Небяспеку паводкі выклікалі вельмі моцныя дажджы. Са сваіх берагоў выйшлі навакольныя рэкі. У дадатку да гэтага, зафіксавана асабліва моцнае раставанне снегу ў суседніх Пірэнеях.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  310

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.