ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

600-годдзе парафіі і 85-годдзе святыні адзначылі ў Вавёрцы

З жыцця Касцёла

16 чэрвеня вернікі касцёла Перамянення Пана ў Вавёрцы (Лідскі дэканат) дзякавалі Богу за 600 гадоў існавання сваёй парафіі, за 85 гадоў з часу пабудовы парафіяльнай святыні і за веру, перададзеную ім ад продкаў.
Ва ўрачыстасці ўдзель­ніча­лі: біс­куп Гро­дзен­скі Аляксандр Кашкевіч, Найвышэйшы настаяцель Ордэна рэгулярных латэранскіх канонікаў Генеральны абат кс. Джузэпэ Цыпалоні CRL, рэгулярныя латэранскія кано­нікі з Польшчы, святары, манаскія сёстры і вернікі. На святкаванні прысутнічалі таксама прадстаўнікі дзяржаўных уладаў на чале са старшынёй Лідскага райвыканкама Аляксандрам Астроўскім.
    Вітаючы прысутных, пробашч парафіі кс. Андрэй Роўба CRL заўважыў, што гэтая ўрачыстасць – “доказ сілы і трываласці Хрыстовага Касцёла, ажыўленага моцай Святога Духа”. “Мінулыя пакаленні, нягледзячы на вялікія цяжкасці, верна трывалі пры Хрысце, Яго Евангеллі і запаведзях. Мы іх спадкаемцы, і наш абавязак – захаваць гэты скарб і перадаць нашчадкам”, – дадаў святар.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі падчас святой Імшы нагадаў цікавую і няпростую гісторыю парафіі. Першая хрысціянская супольнасць у Вавёрцы з’явілася ў 1413 г., а сённяшні касцёл, які ў апошнія гады грунтоўна аднаўляўся, будавалі ў 1926–1928 гг. Амаль два дзесяцігоддзі парафія была пазбаўлена душпастарскай апекі, а касцёл выкарыстоўваўся як стайня, а пазней як склад угнаенняў. “Напэўна, старэйшыя парафіяне памятаюць, чаго каштавала ўратаванне святыні”, – адзначыў біскуп, дадаўшы, што дзякуючы іх адвазе і любові да Хрыстовага Касцёла дом Божы ўдалося захаваць.
    Па словах біскупа, юбілей парафіі з’яўляецца для вернікаў напамінам, што “як хрысціяне мы спадкаемцы папярэдніх пакаленняў”. Гродзенскі ардынарый заахвоціў дзякаваць Богу за тых, хто бараніў святыню, хто не дазволіў забіць веру ў сваіх сэрцах, перадаў дар гэтай веры ў спадчыну, нягледзячы на пераслед.
    “Вера ў Хрыста абавязвае нас даваць сведчанне сваім жыццём згодна з Божымі запаведзямі і евангельскім навучаннем. Нашы ўчынкі, словы і каштоўнасці, якімі мы жывём, павінны сведчыць пра тое, што мы належым да Хрыста”, – падкрэсліў іерарх.
    Напрыканцы Імшы вернікі ўдзельнічалі ў эўхарыстычнай працэсіі і спеве “Te Deum laudamus”. Таксама яны выказалі ўдзячнасць біскупу Кашкевічу і Найвышэйшаму настаяцелю Ордэна рэгулярных латэранскіх канонікаў за ўдзел і супольную малітву.

Крыніа: Catholic.by

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.