ГРОДНА
Серада,
17 красавіка
2024 года
 

Казка пра шклянку і палівачку

Дзіцячы куточак

У вялікім старым буфеце за празрыстымі шклянымі дзверцамі жыла шклянка. Гэта была адна з шасці святочных шклянак з залатым узорам на баках. Шклянкі стаялі на паліцах буфета разам з іншым прыгожым посудам, які даставалі толькі на свята, калі вазы, салатніцы і талеркі напаўняліся смачнай ежай, а шклянкі – смачнымі напоямі.
    Пасля вечарыны посуд неслі на кухню, мылі, пакідалі на ноч сушыцца, а раніцай ізноў ставілі ў буфет. Увесь святочны посуд яшчэ тыдзень успамінаў мінулую вечарыну і з зачараваннем распавядаў, хто якую страву атрымаў і як выдатна адчуваць сябе напоўненым усякімі смачнасцямі. Шклянкі таксама наперабой расказвалі пра сокі, ліманад і газіроўку.
    Наша шклянка нічым не адрознівалася ад іншых – яна ўдзельнічала ў агульнай балбатні пасля вечарын. Большую частку часу яна назірала разам з іншым посудам, як за дзверцамі буфета кіпіць жыццё: дзеці сваволяць у пакоі, кот гуляе з клубком, а дарослыя вядуць сур’ёзныя гутаркі.
І вось надышла чарговая вечарына. Гаспадыня выняла святочны посуд, расставіла яго на прыгожым абрусе і стала напаўняць усякімі стравамі. Шклянка стаяла каля знаёмай талеркі, якая жыла ў буфеце на суседняй паліцы.
    – Цяпер у мяне пакладуць якую-небудзь салату, – сказала талерка і гучна засмяялася.
    – А ў мяне нальюць газіроўкі, – радасна адзначыла шклянка.
    Падышла гаспадыня і напоўніла шклянку вадой з дробнымі бурбалкамі. І раптам шклянка адчула вялікае задавальненне, таму што яна была напоўнена.
    Прыйшлі госці і селі за стол. Падчас святочнай вячэры шклянку некалькі разоў напаўнялі: то салодкім сокам, то ліманадам, то газіроўкай. Шклянка вельмі перажывала, што будзе непатрэбнай, калі ўсё выпівалі, і станавілася шчаслівай, калі штосці напаўняла яе да краёў. Шклянка зразумела, што самае вялікае шчасце для яе – быць заўсёды патрэбнай.
    Вечар скончыўся, госці разышліся. Святочны посуд памылі, пакінулі сушыцца на кухні, а раніцай ізноў паставілі ў буфет.
    – Як шкада, што скончылася гэта вечарына! – скардзілася шклянка, дзелячыся ўражаннямі з крыштальнай салатніцай. – Як выдатна адчуваць сябе патрэбнай, – працягвала яна. Празрыстая салатніца са здзіўленнем сказала:
    – А па-мойму, дык лепш бы мяне наогул не чапалі, не пэцкалі ўсякай ежай. За ёй не відаць усёй маёй прыгажосці.
    Шклянка пакрыўдзілася і звярнулася да фарфоравай сальнічкі, якая стаяла ў куце буфета.
    – З цябе не высыпаюць соль. Напэўна, гэта так добра – увесь час быць патрэбнай?
    – Не, – прабурчала сальніца. – Гаспадыня забывае высыпаць соль, яна псуе мой выдатны фарфор.
    Здзіўленая шклянка замоўкла.
    – Не сумуй, – зазвінелі талеркі, якія стаялі на верхняй паліцы. – Кожны месяц бывае якая-небудзь вечарына і нас дастаюць і ставяць на стол.
    – Цэлы месяц чакаць ў буфеце, – з сумам падумала шклянка і адчула сябе няшчаснай.
    – Не сумуй, – сказала ваза для садавіны, якая стаяла ў цэнтры паліцы, – бо твой залаты абадок абсыплецца, і цябе выкінуць з буфета.
    Шклянцы нічога не заставалася, як толькі стаяць на паліцы і з сумам глядзець, як за дзверцамі буфета праходзіць жыццё.
    Кажуць, што самыя вялікія жаданні заўсёды здзяйсняюцца.
    Не прайшло і трох дзён, як гаспадыня чамусьці дастала шклянку з буфета і наліла ў яе вады. Святочны посуд ведаў, што ёсць іншыя талеркі і шклянкі на кухні, якія гаспадыня выкарыстоўвае штодня. Ён лічыў сваё становішча ў буфеце вышэйшым і непараўнальна лепшым, чым на кухні. Адна толькі наша шклянка не магла знайсці супакою.
    І вось, гаспадыня ўзяла яе і выйшла на ганак. Але тут штосьці зашумела, загрымела ў пакоях, гаспадыня хутка паставіла шклянку на стол і пайшла.
   
    Наступіў вечар. Шклянка зразумела, што пра яе забыліся. Але яна была шчаслівая, таму што нарэшце спраўдзілася тое, пра што яна марыла, – яна была напоўнена чыстай вадой.
    Наступіла ноч. Шчаслівая шклянка ўпершыню ў сваім жыцці заснула на стале. Раніцай яе абудзілі цікавыя гукі. Адкрыўшы вочы, яна ўбачыла, як маленькая дзяўчынка палівае кветкі. Потым дзяўчынка ўцякла і вярнулася з палівачкай, поўнай вады, паставіла яе побач са шлянкай і пайшла.
    – Добрай раніцы, – сказала шклянка.
    – Добрай раніцы, – адказала палівачка. – Што ты тут робіш? Я цябе раней не бачыла.
    – Я жыла ў буфеце за шклом, – пачала сваю гісторыю шклянка, – а потым мяне ўзялі і паставілі тут, і, я думаю, забыліся. Але я шчаслівая, таму што мая мара нарэшце здзейснілася: зараз я не пустая, а поўная воды.
    – І што ты будзеш з ёй рабіць? – пацікавілася палівачка.
    – Як “што рабіць”? – разгубілася шклянка. – Нічога, проста гэта прыемна.
    Палівачка нічога не адказала, а, заплюшчыўшы вочы, задрамала на сонейку. Наблізіўся вечар, потым надышла ноч. Шчаслівая шклянка пагрузілася ў сон. На наступны дзень яна любавалася выглядам з акна і кветкамі. Так прайшло некалькі дзён. І вось, аднойчы раніцай шклянка прачнулася з дзіўным пачуццём. Адчуванне шчасця кудысьці знікла, таму што вада ўжо не была свежай. А палівачка была ў выдатным настроі. Яна паліла кветкі і зноў была напоўнена свежай вадой.
    – Паслухай, – сказала шклянка, – чаму знікла мая радасць?
    – Быць задаволенай з сябе – гэта не самае галоўнае, – адказала палівачка. – Галоўнае – служыць іншым, напаўняць іх радасцю. Я кожны дзень паліваю кветкі ва ўсёй хаце, аддаю ім сваю ваду, якую ў мяне наліваюць. Паглядзі, якія прыгожыя кветкі, якое свежае ў іх лісце і далікатныя бутоны.
    – Што цябе напаўняе шчасцем? – спытала шклянка.
    – Вось, што я зразумела. Я была зроблена, каб служыць іншым. Я жыву, каб паліваць кветкі, бо інакш яны засохнуць. Кветкі прыносяць радасць усім, хто жыве ў гэтай хаце. Посуд патрэбны для ежы і напояў. А ежа і вада патрэбныя для таго, каб даваць людзям сілу. Калі людзі перастануць есць і піць, яны памруць ад голаду і смагі. У выніку, нас усіх выкінуць на сметнік, бо мы будзем непатрэбныя. Ты павінна зразумець: мы ўсе залежым адзін ад аднаго і павінны служыць адзін аднаму. Мы з табой прызначаны штосьці аддаваць іншым. Толькі так можна пражыць доўга і шчасліва. Гаспадыня таксама пра цябе клапоціцца: мые, ставіць у буфет, працірае там пыл.
    Шклянка задумалася. Тут прыйшла гаспадыня, адсунула фіранку і ўбачыла шклянку.
    – Гэта ж трэба, – сказала яна, – а я думаю: куды падзелася шклянка з буфета?
    Забраўшы шклянку, гаспадыня панесла яе на кухню мыць. Але вось няўдача: вада, якая застаялася ў шклянцы, утварыла налёт на празрыстых сценках. Гаспадыня, спрабуючы адмыць яго, сцёрла ў некалькіх месцах залаты ўзор на шклянцы.
    – Не бяда! – сказала гаспадыня. – Калі шклянка не падыходзіць для гасцей, пакіну яе на кухні. Буду раніцай піць з яе гарбату.
    Шклянку пакінулі на кухні. Зараз штораніцы яна служыць іншым: гаспадыні, калі яна п’е з яе гарбату з малаком, гаспадару, калі той п’е квас, і дзецям, якія напаўняюць яе какавай, сокам ці газіроўкай. Шклянка атрымлівае задавальненне ад радасці, якую можа даць іншым.
    Раз на месяц шклянка сустракаецца са святочным посудам, калі яго прыносяць мыць на кухню. Посуд стаў яшчэ болей ганарлівым, лічачы, што стаяць у буфеце за шклянымі дзверцамі непараўнальна лепш, чым быць на кухні.
    Але шклянка цяпер добра ведае, што ўсе прадметы ў хаце былі зроблены для таго, каб служыць іншым, і толькі тады яны могуць быць шчаслівыя, калі выконваюць гэта прызначэнне. І, як сказала мудрая палівачка, не толькі прадметы ў хаце, але нават людзі шчаслівыя, калі клапоцяцца адзін пра аднаго.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.