ГРОДНА
Чацвер,
10 кастрычніка
2024 года
 

Сустракаць Хрыста, паверыць Хрысту, абвяшчаць Хрыста

Слова рэдактара

Не варта абмяжоўваць сябе ў такім шчасці толькі да адной сустрэчы. Хрыстос гатовы няспынна сустракацца з намі і ашчасліўліваць нас.

   Чарговыя разважанні я азагаловіў словамі папы Фран­цішка, які менавіта так спрабаваў выразіць галоўныя пункты нашай веры. Варта над гэтым задумацца і часта звяртацца да гэтых думак у сваім жыцці.
    Сустракаць Хрыста. Папа не гаворыць толькі аб адной сустрэчы, якая, бясспрэчна, можа зрабіць у нашым жыцці многае, але аб сустрэчах. Сустракаць, а не сустрэць. Якога Хрыста мы сёння сустракаем? Самы просты адказ – “свайго”. А які Ён – “наш Хрыстос”? Для адных Ён Лекар, Цудатворац, іншыя бачаць Настаўніка, яшчэ нехта – Сябра. Але гэта той самы Хрыстос, які, аддаючы за кожнага з нас жыццё, праз ахвяру на крыжы адкрывае нам брамы ў неба. Штодзённа сустракаючы Хрыста, які прысутнічае сярод нас і бласлаўляе нас, мы адчуваем сябе шчаслівымі. Не варта абмяжоўваць сябе ў такім шчасці толькі да адной сустрэчы. Хрыстос гатовы няспынна сустракацца з намі і ашчасліўліваць нас, заўсёды адорваючы той самай нязменнай любоўю. Мы па-асабліваму сустракаемся з Ім падчас кожнай Эўхарыстыі. Гэта хвіліны нашага збаўлення, прысутнасці жывога Бога сярод нас.
Перажыванне такой сустрэчы залежыць ад абодвух бакоў. Сустрэча з Хрыстом – гэта сустрэча, пра якую мы, безумоўна, не зможам хутка забыцца, якая застанецца ў нашай памяці надоўга. Сёння ўсё больш сэрцаў, якія пульсуюць радасцю, цеплынёй і па-сапраўднаму перажываемай верай. Сустракаючы Хрыста, мы становімся стапрацэнтнымі рэалістамі, паколькі выбіраем тое, што з’яўляецца сапраўдным – жыццё, існаванне Бога. Мы толькі прыкладваем намаганні няспыннага глыбейшага разумення нашай веры, якая дазваляе нам сустрэць Хрыста.
    Паверыць Хрысту. Магчыма, наш народ і легкаверны, як гэта часта можна пачуць, можа, ён і верыць “усім і ва ўсё”, але з іншага боку, гэты народ ніколі не ўсумніўся ў Богу. Ён заўсёды быў і застаецца Яму верным. Можна сказаць, што ён паверыў да канца і ніколі не быў расчараваным. Вера Богу для кожнага з нас павінна стаць найкаштоўнейшым скарбам, за які нават сёння мы б змаглі аддаць жыццё. Яна павінна выражацца вызнаваннем каталіцкай веры. Св. апостал Павел прыгадвае нам: “Бо хто ў Хрысце, той новае стварэнне. Старадаўняе мінула, вось, сталася новае” (2 Кар 5, 17). Чалавек, які паверыць і да канца застанецца з Хрыстом, як навучае бласлаўлёны кс. Сапоцька, заўсёды можа разлічваць на Божую дапамогу.
    Абвяшчаць Хрыста. Па прыкладзе Апосталаў, мы становімся Яго вучнямі, якія ідуць у свае дамы, на месцы працы, каб праз свой прыклад перадаваць цудоўны дар веры іншым. Як аказваецца, гэта нялёгкая задача. Лёгка абвяшчаць і навучаць у касцёле, а па-за яго межамі ўжо цяжэй. Але сённяшнія часы менавіта гэтага патрабуюць. Новая евангелізацыя нашай зямлі заключаецца ў тым, каб з жывым Богам пайсці да іншых, асабліва да тых, хто яшчэ знаходзіцца далёка і не чуе Божага голасу. Мы ўсё для гэтага маем: у нас дастаткова ведаў, а сэрца да краёў напоўнена верай. Толькі адвагі патрабуе Касцёл на нашай зямлі, каб абвяшчаць Хрыста не толькі словам, але і ўчынкам, які не аднойчы ідзе супраць ветру нашай сучаснасці. Адвага неабходна кожнаму з нас – апосталу новай евангелізацыі.
    Словы Папы абавязкова павінны пасяліцца ў нашых сэрцах. Папа Францішак паказвае гэта таксама прыкладам свайго жыцця, даючы нам магчымасць паўтарэння таго, што добрае і прыгожае ў вачах Бога і людзей. ?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  82

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.