ГРОДНА
Серада,
12 лютага 2025 года |
Адкрыць вочы на незаўважнае. Парадокс?

Вітаю чытачоў у чэрвеньскім выпуску рубрыкі “НА СКРЫЖАВАННІ”. Як бачым, лета да нас у гэтым годзе прыйшло хутка і раптоўна. Такія ж павароты чакаюць нас у сённяшнім нумары. Разважаем над тым, што незаўважна воку, “схавана” ад свету і для чаго патрэбна “пачуццетэрапія”. А таксама, калі ў каханні трэці далёка не лішні і навошта сустракацца з “прывідам”. Да летняга кактэйлю дададзім кавалачак лёду – відэаролік. Што ж, гатова да ўжытку. Прыемнага апетыту! †
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала” (Мц 9, 37б).
Такое цікавае выслоўе. Такі глыбокі сэнс. Як правіла, пустэчу хочацца запоўніць. А Вам не? Маючы час, паразважаем.
МЭТА МЕСЯЦА: адкрыць вочы на незаўважнае
Гучыць як парадокс: зірнуць на тое, што незаўважна. Але... У жыцці ёсць рэчы, на якія, так здараецца, не хапае часу звярнуць увагу. У крайнім выпадку, не стае жадання. Як вынік – згрызоты сумлення, нядобры сон, неспакой. Больш упэўненасці і смеласці, Чалавеча! Няма сэнсу ўцякаць ад таго, што Цябе ўсё роўна дачакаецца. Раней ці пазней. У той ці іншай форме.
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб сярод народаў пераважала культура дыялогу і ўзаемная павага, каб народы слухалі адзін аднаго
Няма кантакту – няма ўзаемаадносін – народы ізаляваны. Хрысціянская супольнасць складаецца нават не з двух і не з дзясяткаў народаў – з тысяч! Яна не можа дзяліцца на нейкія часткі і існаваць паасобку, бо мэта супольнасці – абвяшчэнне Добрай Навіны, еднасці веры. Молімся аб тым, каб у кантакце паміж вернікамі і народамі існавала павага і культура.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: нябачнае
Тое, што нябачна нашаму воку, таксама заслугоўвае ўвагі. Давайце на гэтым засяродзімся.
Ці не заўважалі Вы, што самае прыгожае часам “схавана” ад свету? Тая ж жамчужына ў ракавіне або лава ў вулкане. Нават смачная цукерка знаходзіцца пад абгорткай. Усё гэта можна ўбачыць пры ўмове, што будуць прыкладзены нейкія намаганні.
Нябачнае – гэта, усё ж, нешта больш абстрактнае, як, напрыклад, сяброўства, каханне, давер. Тое, што можна толькі адчуць. Пачуццё – менавіта на ім канцэнтруецца ўвага. Больш багатым унутрана можа быць чалавек, здольны да перажыванняў, чым той, хто мае добры зрок ці добры слых. Хоць і гэта таксама добра. Ці згодны Вы з такім меркаваннем? Разважаем у чэрвені.
СПРАВА МЕСЯЦА: сустрэцца з “прывідам”
Такі вось жарт. Пад “прывідам” разумеецца тое нешта, што жыве з намі, сярод нас, унутры нас, але мы яго не бачым: аўтарытэт, страх, няўпэўненасць. Што дапамагае альбо, наадварот, замінае жыць. Сустрэча адзін на адзін з вобразам думкі прымушае чалавека ўнутрана напружыцца і заўважыць нейкія хібы, над якімі патрэбна працаваць.
Страх выводзіць з раўнавагі? Чаму б не “зірнуць яму ў вочы” і не паспрабаваць весці сябе інакш. Хаця б толькі паспрабаваць, каб быць сумленным перад сабою: прыкладваў усе намаганні.
Варта часам “прызначаць спатканне” рэчам, якія хочацца змяніць. А змяніць можна амаль усё, абы было жаданне, моцнае.

Варнава – апостал ад сямідзесяці, які прыняў хрысціянства і заснаваў Кіпрскую (адтуль паходзіў) Царкву. Такое імя атрымаў ад іншых апосталаў за тое, што шчодра ахвяраваў на хрысціянскую супольнасць. Варнава – значыць “сын суцяшэння” (так гаворыцца ў “Дзеях святых Апосталаў”).
Паходзіў Варнава (першае яго імя – Юзаф) з багатай яўрэйскай сям’і. Вучыўся разам з апосталам Паўлам у Назарэце ў юдэйскага вучонага Гамалііла. Разам з апосталам Паўлам займаўся місіянерскай дзейнасцю. Удзельнічаў у Апостальскім Саборы 51 года. Затым прапаведаваў на Кіпры, за што юдэі пабілі яго камянямі.
З 488 года яго астанкі знаходзяцца ў кляштары святога Варнавы ў Саламіне.
Каталіцкі Касцёл успамінае святога Варнаву 11 чэрвеня.
Да якіх святых маліцца ў чэрвені?
Святы Варнава (11 чэрвеня)
Святы Ян Хрысціцель (24 чэрвеня)
Святыя Пётр і Павел (29 чэрвеня)
ВІДЭАРОЛІК МЕСЯЦА: “Каляды ў сацыяльным сеціве!”
Крышку прахалоды ў спякотны чэрвеньскі дзень, бо, пэўна, Каляды ва ўсіх атаясамліваюцца са снежнем, елкай і аплаткай. Аўтары прапанаванага роліка вырашылі пафантазіраваць і паказаць з дапамогай відэа, як бы выглядала нараджэнне Езуса Хрыста, калі б гэта адбылося ў наш час – эпоху сацыяльных сетак.
Відэа можна знайсці і праглядзець у нашай суполцы па адрасе http://vk.com/na_skruzhavanni.
ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Я ля тваіх ног, не дзякуй мне”, Наталля Уласава
Мабыць, большасці з Вас гэтая песня вядома. Сэнс у ёй такі, што сапраўднае каханне бласлаўляе Бог. Таму на крылатае “дзякуй за любоў” можна адказаць радком з песні: “У гэтым табе дапамог Бог, Яму і дзякуй”. Так яно і ёсць. Хто перакрыжоўвае шляхі? Хто бласлаўляе на сужэнскі саюз? Хто заўсёды побач? Нават тады, калі мы самі пра гэта забываемся. Канешне, Бог. Таму ў каханні, калі задумацца, трэці далёка не лішні, а нават неабходны: без Бога каханне асуджана на расколіну.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 323 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.