ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

“Каб вы былі пастырамі...”

З жыцця Касцёла

Месяц май трохі адрозніваецца ад астатніх месяцаў года, і гэтую яго выключнасць можна адчуць па-рознаму. Для некага май з’яўляецца апошнім месяцам катэхетычнага і школьнага года, для іншых ён звязаны з прыгожым марыйным набажэнствам, для вясковых жыхароў гэта час інтэнсіўнай земляробчай працы, але бясспрэчна адно – кожны перажывае гэты месяц інакш.
Гэты час выключны таксама і для супольнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а асабліва для пяці яе выпускнікоў, якія ў суботу 25 мая ў катэдральнай базіліцы а 12-й гадзіне з рук Апостальскага нунцыя ў Беларусі кс. аб-па Клаўдыа Гуджэроці прынялі пасвячэнні дыяканату і прэзбітэрату. Гродзенскі Касцёл павялічыўся на новых дыяканаў і ксяндзоў. Імі з’яўляюцца: дк. Павел Безляповіч (пар. Адшукання Святога Крыжа ў Астраўцы), дк. Юрый Гурскі (пар. Унебаўзяцця НПМ у Новым Двары), кс. Юрый Ясевіч (пар. св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях), кс. Ян Кузюк (пар. Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы), кс. Павел Эйсмант (пар. Божай Міласэрнасці ў Гродне), а таксама выпускнік Духоўнай семінарыі ксяндзоў міхалітаў кс. Ян Юшко (пар. Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах).
Перад урачыстасцю святарскіх пасвячэнняў кандыдаты ўдзельнічалі ў рэкалекцыях у Сапоцкіне. Рэкалекцыі правёў кс. Андрэй Радзевіч. Ксёндз рэкалекцыяніст хацеў паказаць кандыдатам радасць святарскага жыцця, наблізіць постаць святара, вернага Хрысту да самага канца, а таксама прыгадаў аб абавязках і задачах святара. Кожны дзень рэкалекцый быў прысвечаны канкрэтнай тэме, якая датычыла непасрэдна святарскага жыцця і паслугі. У пятніцу 24 мая падчас урачыстых Нешпараў у семінарыйнай капліцы кандыдаты склалі на рукі кс. б-па Аляксандра Кашкевіча дэкларацыі перад пасвячэннямі.
    У дзень пасвячэнняў, нягледзячы на не вельмі добрае надвор’е, падзяліць радасць ад прыняцця пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату сваіх сыноў, унукаў, калег і сяброў прыбылі госці з розных мясцовасцей нашай дыяцэзіі, а таксама з Польшчы і Літвы. На гэтую ўрачыстасць прыбыла таксама вялікая колькасць ксяндзоў, пробашчы будучых дыяканаў і прэзбітэраў, ксяндзы з парафій, дзе кандыдаты праходзілі гадавую практыку, а таксама настаяцелі з супольнасці ксяндзоў міхалітаў, клерыкі і манаскія сёстры.
    На распачацце літургіі рэктар семінарыі кс. прэлат Юзаф Станеўскі прадставіў кандыдатаў кіраўніку літургіі, паведамляючы, што іх прызналі годнымі, каб прыняць пасвячэнні дыяканату і прэзбітэрату пасля семінарыйнай фармацыі.
    У гаміліі кс. абп Клаўдыа Гуджэроці звярнуўся да ўсіх прысутных святароў са словамі заахвочвання, каб, прымаючы новых ксяндзоў у сваю супольнасць, яны сталі адзінай сям’ёй, таму што ўсе нясуць адказнасць адзін за аднаго. Таксама Апостальскі нунцый адзначыў, што маладыя святары павінны ў сваім жыцці і святарскай паслузе быць пастырамі і не шукаць магчымасцей будаваць кар’еру, паколькі святарская паслуга адрозніваецца ад займання якой-небудзь важнай пасады ў грамадстве. Ён асабліва падкрэсліў, што ўжо не трэба аглядвацца, а трэба толькі глядзець наперад.
    Чарговыя моманты літургіі: Літанія да ўсіх святых, ляжанне крыжом, ускладанне рук, малітва пасвячэнняў, апрананне літургічных шатаў – усё гэта было вялікім перажываннем не толькі для саміх кандыдатаў, але і для іх бацькоў і блізкіх, якія ад радасці і ўзрушанасці не маглі стрымаць слёзы. Пасля абраду пасвячэнняў дыяканы ўпершыню прыслужвалі пры алтары, а новапрэзбітэры – стаялі ў канцэлебры.
    На заканчэнне ўсёй урачыстасці новапасвечаныя дыяканы і святары падзякавалі ўсім, хто прыбыў на ўрачыстасць, каб разам з імі дзяліць радасць гэтай падзеі, а асабліва кс. аб-пу Клаўдыа Гуджэроці і кс. б-пу Аляксандру Кашкевічу, бацькам – за дар жыцця і веру, выхавацелям і выкладчыкам семінарыі – за працу выхавання, клерыкам – за братэрскую паставу і дапамогу.
    На заканчэнне літургіі прамовіў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі Яго Эксцэленцыя кс. бп Аляксандр Кашкевіч, які падзякаваў Апостальскаму нунцыю за прыбыццё і ўдзяленне сакраманту пасвячэнняў, а новых дыяканаў і святароў заахвоціў верна трываць пры Хрысце.
    Быць святаром у сучасным свеце нялёгка. Усё больш вернікаў адкідаюць хрысціянскія каштоўнасці, а вера ў Бога часта становіцца толькі прытрымліваннем традыцыі. Перад святарамі стаіць вялікая задача – сваім жыццём даваць сведчанне аб Хрысце. Таму горача заахвочваем да малітвы ў інтэнцыі новых дыяканаў і святароў, каб яны справіліся з гэтай задачай і змаглі быць пастырамі, якія, як сказаў Святы Айцец Францішак, “будуць пахнуць авечкамі”.
   
   
Фрагмент гаміліі Апостальскага нунцыя
    “У гэты дзень Бог даў нам асаблівае бласлаўленне: дар двух новых дыяканаў і чатырох святароў – дар настолькі вялікі для Касцёла, што сёння вы маглі спытаць: «Божа, што мы зрабілі, каб атрымаць такі дар?» Часта мы не заўважаем, наколькі важны гэты жэст любові Бога. Гэта не толькі асаблівая гісторыя любові Бога і кожнага з кандыдатаў – у ёй удзельнічаюць таксама ўсе, хто блізкі гэтым маладым людзям.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.