ГРОДНА
Аўторак,
23 ліпеня
2024 года
 

Чароўны куфэрак

Дзіцячы куточак

У адзін з суботніх дзянькоў цётка Яся зноў наведала пляменнікаў. Быў пахмурны дзень, і настрой у хаце таксама быў нейкі пахмурны: справы неяк ва ўсіх не ладзіліся, сум і апатыя загасцілі ў сэрцах. Тата ўсю хату падняў да гары нагамі ў пошуках сваёй ранішняй газеты, а калі знайшоў, убачыў у ёй велізарную дзіру ў форме танка. Менавіта з-за яе ён пачаў сварыцца на хлопчыкаў. Мама злавалася на тату яшчэ са ўчарашняга вечара, таму што ён ужо ў каторы раз позна вярнуўся з працы і не патэлефанаваў. А яна, як заўсёды, вельмі хвалявалася. Максім пасварыўся з Алегам, высвятляючы, каму ж першаму прыйшла ідэя выразаць танк з новай татавай газеты. Анютка злавалася на маму, таму что яна замест таго, каб глядзець цікавы мульцік, павінна была зноў мыць посуд.
Мірыцца ніхто не жадаў, усе лічылі сябе правымі. Таму ў гэтых сценах было настолькі цяжка, што здавалася, усе вось-вось выбухнуць ад неагатыўных пачуццяў і крыўды! Эх, калі б знайшоўся тут хоць адзін чалавек, які б ні з кім у гэтай хаце не сварыўся.
    А паколькі такім чалавекам была толькі цётка Яся, то яна і вырашыла ўзяць справу ў свае рукі. Яна паклікала ўсю сям’ю ў залу і ўрачыста дастала з пакета прыгожую скрыначку.
    – Што гэта? – спыталі дзеці.
    – Чароўны куфэрак, – сказала яна.
    Дзеці з недаверам паглядзелі на цётку.
    – Я несла гэты куфэрак свайму брату, але бачу, што вам ён цяпер больш патрэбны.
    – А што ў ім такога чароўнага? – не сціхалі дзеці.
    – Ён умее слухаць і суцяшаць, умее пагаджаць людзей і выконваць іх запаветныя жаданні. А каб яго чараўніцтва праявілася, спатрэбяцца карткі рознага колеру, напрыклад, блакітнага і жоўтага. На жоўтых кожны можа камусьці напісаць штосьці прыемнае, падтрымаць або падзякаваць. А на блакітных – напісаць тое, чым нас хтосьці засмуціў – крыўду, негатыўныя пачуцці. Толькі пішыце ветліва, таму што нікому не хочацца чытаць дрэнных слоў. А ўвечары мы дастанем карткі з куфэрка і прачытаем іх. Тады ўсё разам і абмяркуем. І яшчэ адна маленькая ўмова – усе павінны напісаць хоць бы па адной жоўтай картцы кожнаму з сям’і. Такім чынам, выпрабаванне куфэрка пачалося! Усе па чарзе пачалі напаўняць куфэрак карткамі блакітнага і жоўтага колеру, і вось што неўзабаве ў ім з’явілася:
    “Мама, а ты класна гатуеш. Яблычны пірог проста ням-ням!” Алег.
    “Мілы, прабач, што я накрычала на цябе! Я вельмі цябе кахаю!” Наташа.
    “Тата, я на цябе вельмі злуюся, калі ты кожны раз прымушаеш мяне за ўсімі прыбіраць цацкі”. Максім.
    “Тата, дзякуй, што адрамантаваў мой ровар! Ты ў мяне супер!” Алег.
    “Мама я стамілася мыць посуд, ён жа не сканчаецца”. Аня.
    “Мілая, дзякуй за тваю ўсмешку, яна сёння была маім сонейкам!” Аляксандр.
    “Макс, мне не падабаецца, калі мае рэчы бяруць, не пытаючыся”. Алег.
    “Анечка, ты чараўніца, кухня ад тваёй уборкі проста зіхаціць!” Мама.
    “Максім, ты зусім як дарослы суцяшаў Анечку! Яе каленка, напэўна, адразу перастала балець. Мне было так прыемна, калі я назірала за вамі!” Мама.
    “Алежка, ты малайчына, што першым папрасіў прабачэння. Я ганаруся такім сынам як ты!” Тата.
    – А што, мне спадабалася, – усміхнуўся тата. – Здаецца, я стаў лепш разумець вас, мае дарагія! Прабачце, калі я засмуціў вас сёння. Ведаеце, я яшчэ нешта зразумеў. Вы мне неабходныя!
    І тут здарылася штосьці чароўнае. Усе наперабой сталі прасіць адзін у аднаго прабачэння, абдымацца, смяяцца і жартаваць. А задаволеная цётка Яся, усміхаючыся, сказала:
    – Ну вось, здаецца, ізноў хмаркі разышліся. Ведаеце, заўсёды прыемна сядзець у цёплай, утульнай хаце, калі на вуліцы непагадзь! А калі ў хаце свет – гэта значыць, што сонейка госціць ў хаце!
    – Так! – з радасцю адказалі дзеці.
    А Анечка абняла цёцю Ясю і важна паведаміла: “Ведаеце, а куфэрак сапраўды чароўны!”
    А як вы думаеце, дзеці, ці ў куфэрку справа?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  162

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.