ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Перапоўненыя радасцю сэрцы

З жыцця Касцёла

Рэнавацыя парафіяльных місій адбылася ў вярэйкаўскім касцёле Ваўкавыскага раёна. 4 – 8 мая 2013 года вернікі перажывалі духоўнае аднаўленне з нагоды гадавіны святых місій.
Якая яна, ваша вера?
    Што за гэты час змянілася ў парафіі і жыцці кожнага? З такімі пытаннямі ў вярэйкаўскую парафію прыехалі айцы місіянеры Андрэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк. На працягу пяці дзён вернікі шукалі адказы на гэтыя пытанні.
    Місіянерамі адразу была пастаўлена задача: “узараць зямлю ў сэрцы” парафіян, каб потым мець з гэтага духоўны плён. У знак уваскрослага Хрыста ў касцёле быў урачыста запалены пасхал, пасля чаго распачалася вялікая праца над аднаўленнем касцёльнай супольнасці ў Вярэйках.
У першы дзень вернікі разва­жалі над вынікамі мінулых місій, калі мелі магчымасць атрымаць шматлікія ласкі, прымаючы ўдзел у набажэнствах і сакрамантах. Місіянеры намагаліся надаць духоўнай моцы і ўпэўненасці парафіянам, звярнуць увагу на слабыя месцы, над якімі яшчэ варта папрацаваць.
   
    Што агульнага паміж Касцёлам і філармоніяй?
    У другі дзень адбылася навука для бацькоў, падчас якой былі закрануты пытанні выхавання дзяцей, захавання сужэнскай вернасці і шлюбнай прысягі перад Богам. У той жа дзень парафіяне разважалі над адзінствам Касцёла, аб тым, што кожны з’яўляецца яго часткай. “Касцёл можа жыць без цябе, але яму будзе цябе неставаць, – падкрэсліў а. Валерый Мазюк. – Бог – гэта дырыжор у Касцёле. І як радуецца сэрца, калі «інструменты» зліваюцца ў адно і грае прыгожая музыка”.
   
    Дзе шукаць лекі ад захворванняў душы і сэрца?
    Тэма разважанняў трэцяга дня – хваробы сэрца. Падчас казання для дзяцей разглядваліся малюнкі, на якіх былі прадэманстраваны вынікі такіх “хвароб”, як пыха або падман. “Божая аптэка – гэта спавядніца”, – адзначыў а. Валерый. Варта прынесці Богу ўсё дрэннае, а “Ён прабачыць, пачысціць і склеіць”. Толькі пры такой умове можна жыць са здаровым сэрцам. Трэці дзень яшчэ раз нагадаў вернікам аб малітве падзякі. Айцец Андрэй Ядкоўскі засяродзіў увагу на тым, што чалавек, просячы, часта забываецца аддзячыць. Якой павінна быць малітва і яе неабходнасць – гэтыя пытанні таксама падымаліся падчас казання. У той жа дзень парафіяне маліліся за памерлых, асабліва за тых, хто памёр пасля заканчэння мінулых місій.
   
    Хто ведае дарогу да неба?
    На чацвёрты дзень вернікі разважалі над шляхамі, якія вядуць у неба. Прагучала падказка, што Марыя ведае туды дарогу. Чацвёрты дзень стаў роздумам над бязмежнай любоўю Бога, які, як казаў папа Францішак, “не стамляецца прабачаць чалавека”, любіць яго і заўсёды чакае. “Сёння людзі з’яўляюцца жабракамі любові. Чалавек хоча, каб яго любілі. Гэта адзінае жаданне, якое аб’ядноўвае ўсіх людзей”, – падкрэліў а. Валерый. Важна не крыўдаваць самому, бо крыўда стрымлівае ласкі, якімі Бог адорвае чалавека, і “яны павісаюць у паветры”.
    Напрыканцы святой Імшы на чацвёрты дзень адбылася супольная малітва за жанчын, мужчын, дзяцей і моладзь.
   
    Што далей?
    На пяты дзень, 8 мая, ва ўспамін св. Станіслава ў парафіі адбыўся адпуст. Ён супаў з заканчэннем рэнавацый святых місій. Як заўважыў пробашч парафіі кс. Валерый Лісоўскі, “усё ўжо было сказана місіянерамі”. Застаецца толькі захоўваць у сэрцы слова Божае, разважаць і карыстаць з яго.
    На наступны дзень падчас казання адбылася маўклівая хвіліна, калі вернікі “раскладвалі ўсё па палічках”. Інтэнцыяй касцёла на гэты месяц стала малітва падзякі за рэнавацыю і місіі, якім Бог даў здарыцца ў вярэйкаўскім касцёле.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.