ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Эфект пазірання на алтар

Слова рэдактара

Уважлівы позірк на Бога, на Хрыста павінен быць характэрны кожнаму хрысціяніну. Тое, як мы жывём, залежыць ад таго, куды мы глядзім.

   Аднойчы ў пэўнай невя­лікай парафіі падчас св. Імшы я пачуў, як дзядуля робіць заўвагу свайму ўнуку, каб не азіраўся па баках, а глядзеў на алтар. Неаднаразова на розных рэкалекцыях я звяртаю ўвагу вернікаў на тое, што мы сёння вельмі заматаныя, што ў нас так шмат спраў, праблем і цяжкасцей, і мы часцей накіроўваем свой змучаны позірк уніз, а не перад сабой. Наша галава так загружана рознымі справамі, што мы пачынаем глядзець усюды навокал, але толькі не на Бога. Фізічная стомленасць і клопаты штодзённага жыцця даюць аб сабе знаць, і ў выніку, нам нават цяжка ўзнесці позірк. Безумоўна, гэта звязана з нашым песімістычным поглядам у будучыню, цяжкімі ўмовамі жыцця і адсутнасцю альтэрнатывы. Больш таго, я заўважыў, што большасць вернікаў у касцёле замест таго, каб глядзець на алтар, на Хрыста, глядзіць уніз, на падлогу касцёла. Напэўна, гэта не нейкая духоўная стомленасць і не вялікае праяўленне пакорнай паставы перад Богам, бо на Бога мы заўсёды глядзім з пакорнасцю. Гэта эфект нашага штодзённага пазірання ўніз, пра якое я ўзгадваў вышэй. Я нават асмеліўся б зрабіць выснову, што такое глядзенне ў падлогу вельмі сумнае і поўнае тугі. А ў той жа час, пазіранне на алтар дае шмат радасці і энтузіязму, перш за ўсё, да жыцця, ахвоты змянення яго да лепшага, бо гэта позірк чалавека, які глыбока верыць у Хрыста.
Кожнаму варта затрымацца і паглядзець на алтар, перад сабой. Варта паглядзець на алтар і на Бога тым простым спакойным позіркам, якім паглядзеў хаця б той унук пасля таго, як дзядуля ўказаў яму шлях да Хрыста. Напрамак нашага жыцця – гэта пазіранне перад сабой, пазіранне на алтар, які становіцца для нас небам на зямлі. Мы павінны быць апосталамі, якія накіроўваюцца позіркам за Хрыстом.
    Уважлівы позірк на Бога, на Хрыста павінен быць характэрны кожнаму хрысціяніну. Тое, як мы жывём, залежыць ад таго, куды мы глядзім. Калі нам трэба выбраць адзін з двух варыянтаў, мы, часцей за ўсё, выбіраем той, які лічым лепшым, больш прыемным. Але гэты выбар не заўсёды згодны з Божым наказам. Я натрапіў на даследаванні аднаго амерыканскага інстытута, які інфармуе, што мы часцей выбіраем тое, што даўжэй разглядаем. Тут мы можам зрабіць сабе невялікі рахунак сумлення: якія рашэнні ў сваім жыцці мы часцей за ўсё прымаем. Ці часта мы накіроўваем свой позірк на Бога? Ці сузіранне Бога дае нам магчымасць зрабіць правільны выбар у жыцці?
    Прыгадаем сабе, што калі мы глядзім на алтар, то бачым крыж, які з’яўляецца сапраўдным алтаром. Менавіта там здзейснілася ахвяра Хрыста. Гэтая самая любоў становіцца нам даступнай на адлегласць выцягнутай рукі. Прысутнасць Хрыста на алтары заўсёды павінна быць у цэнтры нашай увагі. Тады алтар нашага сэрца стане цэнтрам жывога Касцёла.
    Наперадзе цудоўны час пазірання на Бога. Падчас супольнай малітвы ў нашых святынях давайце часцей накіроўваць свой позір у бок алтара. Гледзячы на Хрыста, мы прымем правільныя рашэнні ў нашым жыцці, якія, напэўна, яшчэ не аднойчы нас ашчаслівяць. Давайце ўзірацца ў алтары, якія мы рыхтуем на ўрачыстасць Божага Цела. Гэта алтары нашых сэрцаў і жыцця, алтары Божага бласлаўлення. Вызнаючы веру ў Бога кожны дзень, мы адчуваем сябе яшчэ больш з’яднанымі з Ім, а малітоўны позірк на Хрыста і свет перагледзіць нашыя жыццёвыя выбары.
    Таму я жадаю кожнаму з Вас, дарагія Чытачы, ажывіць свой позірк на Бога і станоўча адносіцца да іншых людзей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.