ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Марыя - правадніца ў веры

На шляху да святасці

кс. Максім БачарнікаўПеражываючы Год веры, мы задаём сабе пытанні тыпу: “Як верыць?” ці “Хто можа дапамагчы, каб мая вера ў Бога дапамагала мне пераадольваць жыццёвыя цяжкасці?” На старонках Евангелля мы бачым, як Езус не аднойчы абвінавачваў сваіх вучняў у недахопе веры і цвёрдай жыццёвай пазіцыі, як самаго св. Пятра Ён назваў шатанам, таму што той вышэй веры ў Бога паставіў недасканалае чалавечае мысленне. З іншага боку, мы бачым Езуса, які захапляецца і ганарыцца верай простых людзей, якія выходзілі да Яго са сваімі праблемамі. Зайздросцячы такой іх веры, мы адначасова просім Езуса ўмацаваць нашу веру. Пан Бог не напісаў трактата на тэму веры, але Ён выкарыстоўвае метад “жывых вобразаў”, г.зн. Ён пасылае да нас выбраных людзей, ад якіх мы можам вучыцца веры і, што самае галоўнае, жыццю паводле яе.
Першым чалавекам, праз якога мы атрымліваем ад Бога ўрок веры, з’яўляецца Аўраам. У Аўраама мы бачым жывую веру, падтрыманую ўчынкамі, гатовую да самых вялікіх пасвячэнняў. Ён пачуў голас Бога, які заклікаў да таго, каб ён пакінуў месца, людзей – усё тое, да чаго прыз­вычаіўся, і вырушыў у невядомае. Св. Павел назы­вае Аўраама бацькам нашай веры (параўн. Рым 4). Ён з’яўляецца бацькам веры ў юдаізме і хрысціянстве. Бацькам – гэта значыць прыкладам для пераймання, але ці толькі?
    У гэты момант, перад абліччам ужо распачатага месяца мая, я хачу прывесці вобраз Маці Божай. Марыя з’яўляецца Заступніцай мая і самай лепшай Настаўніцай веры для нас, Яе дзяцей. Евангеліст Лука прадстаўляе нам Марыю як пілігрыма любові. Альжбета ўказвае на Яе веру і прамаўляе словы бласлаўлення: “Бласлаўлёная тая, якая паверыла”. Маці Божая ідзе па слядах Аўраама – таго, хто паверыў і таму “паслухаўся пайсці ў месца, якое павінен быў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не ведаючы, куды ідзе” (Гбр 11, 8).
    Гісторыя Марыі кідае святло на нашу асабістую гісторыю і адносіны з Богам. З моманту Звеставання кожны можа прасачыць, як адбывалася вандроўка веры ў выпадку Маці Божай. Прароцтва Сімяона, уцёкі ў Егіпет, тое, што Езус застаўся ў ерузалемскай святыні – усё гэта Марыя захавала ў сваім сэрцы (параўн. Лк 2, 51).
    Таксама ў цені праходзіць утоенае жыццё Езуса, калі Марыя павінна была прыкладаць рэальныя намаганні сэрца. Безумоўна, у жыцці Маці Божай нямала радасных момантаў, як, напрыклад, вяселле ў Кане Галілейскай, дзе, нягледзячы на ўяўную дыстанцыю, Хрыстос прыслухоўваецца да просьбы Маці і робіць першы знак аб’яўлення, абуджаючы веру ў сваіх вучнях (параўн. Ян 2, 1-12). У такой гульні святла і ценю, аб’яўлення і таямніцы паўстаюць два бласлаўлення, пра якія гаворыць св. Лука: бласлаўленне, накіраванае да Маці Хрыста ад жанчыны з натоўпу і бласлаўленне Езуса для тых, “хто слухае слова Божае і захоўвае яго” (Лк 11, 28).
    Кульмінацыйным момантам гэтага зямнога пілігрымавання ў веры для Марыі з’яўляецца Галгота. Там Яна перажывае ноч веры, падобную на тую, якую перажыў Аўраам на гары Морыя, дзе яму трэба было скласці ў ахвяру свайго сына Ісаака. У падобных падзеях Марыя блізкая тым людзям, якія задаюць Богу складаныя пытанні перад цяжкімі выпрабаваннямі, пакутамі і жыццёвымі няўдачамі. Марыя глыбока перажывае пасхальную містэрыю Сына: як Маці Яна ў пэўным сэнсе памірае ў смерці Сына і адкрываецца на “ўваскрасенне”. З гэтага моманту Марыя адорана новым мацярынствам ў адносінах да Касцёла (пар. Ян 19, 25-27).
    Да Марыі мы звяртаемся, каб Яна надалей вяла нас да свайго Сына падчас змрочных начэй зла, а таксама ў хвіліны сумненняў, крызісу, маўчання і цярпення. Маці Божая ўсім сваім жыццём услаўляе Бога і Яго дары, бо Ён становіцца на бок самых меншых і найбольш пагарджаных – “убогіх Пана”. З той хвіліны, калі Бог паглядзеў на Яе з любоўю, Марыя з’яўляецца знакам надзеі для ўбогіх, найменшых на гэтай зямлі, якія становяцца найважнейшымі ў Божым Валадарстве. Яна верна наследуе Хрыста, свайго Сына, які ўсім прыгнечаным паўтарае: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28).
    Касцёл ідзе па слядах Марыі і Пана Езуса па крутых дарогах гісторыі, каб падтрымліваць, дапамагаць і звяртаць увагу на важнасць вялікай колькасці бедных і згаладалых, пакорных і прыніжаных людзей (параўн. Лк 1, 52-53). Пакорная Панна з Назарэта – як гаворыць св. Амброзій – не з’яўляецца “Богам святыні, але святыняй Бога”. Усіх, хто да Яе звяртаецца, Касцёл вядзе да сустрэчы з Богам – Святой Тройцай: Айцом, Сынам і Святым Духам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.