ГРОДНА
Нядзеля,
21 красавіка
2024 года
 

Запрашаем моладзь у Ваўкавыск!

З жыцця Касцёла

кс. Антоні ГрэмзаПра моладзевы погляд на Касцёл, удзел маладых людзей у жыцці парафіі, а таксама пра сюрпрызы, якія чакаюць моладзь падчас Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў Ваўкавыску 10 – 12 мая з іх галоўным арганізатарам кс. Антоніем Грэмзам размаўляў кс. Павел Салабуда.
Ксёндз Антоні, ужо на працягу некалькіх гадоў Вы з’яўляецеся арганізатарам Дыяцэзіяльных дзён моладзі. Раскажыце, калі ласка, у чым найбольшыя цяжкасці падчас арганізацыі такіх з’ездаў?
    Так, я ўжо восьмы раз запар узяўся за падрыхтоўку Дыяцэзіяльных дзён моладзі. Пачаўшы з 2006 г., у розных мясцовасцях нашай дыяцэзіі разам з ксяндзамі і моладдзю з парафій мы арганізуем рэлігійныя з’езды моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Для парафіі арганізацыя некалькідзённай сустрэчы для больш чым тысячнай групы моладзі – нялёгкая задача. Але не хацелася б пачынаць аповед пра цяжкасці арганізацыі. Я хацеў бы пачаць з адказу на пытанне, ад чаго залежыць удалая арганізацыя? Добрая арганізацыя залежыць ад кіраўнічых здольнасцей ксяндза пробашча і яго адкрытасці на арганізацыю ў парафіі Дзён моладзі. Ад свайго імя і ад імя моладзі я сардэчна дзякую ксяндзам, якія адважыліся адчыніць дзверы сваіх парафій для моладзі падчас мінулых сустрэч. Калі ёсць зычлівасць і актыўны ўдзел ксяндзоў і групы мясцовай моладзі, то ўсе цяжкасці накшталт раскватаравання, харчавання і зацвярджэння праграмы можна лёгка і паспяхова вырашыць.

    Ці бачыце Вы плён такіх сустрэч? Што адбываецца з гэтымі маладымі людзьмі пасля таго, як яны вяртаюцца ў свае парафіі?
    Падчас Дзён моладзі маладыя людзі духоўна ўзрастаюць і фарміруць свой вобраз супольнасці, якой з’яўляецца Касцёл. Я асабіста гэта адчуў, прымаючы ўдзел у Дыяцэзіяльных днях моладзі яшчэ ў 1993 г. у Гродне. Слухаючы сёння выказванні ксяндзоў і саміх маладых людзей, можна ўпэўнена сказаць, што Дыяцэзіяльныя дні моладзі ажыўляюць жыццё ў парафіяльных супольнасцях. Маладыя людзі больш адкрываюцца адзін на аднаго і актыўней удзельнічаюць у касцёльных падзеях і ўрачыстасцях.
   
    Чаму горадам сёлетніх Дзён моладзі стаў Ваўкавыск? Якім чынам выбіраецца горад?
    Выбар мясцовасці залежыць ад мноства акалічнасцей. Не сакрэт, што месцам сустрэчы павінна быць мясцовасць, якая мае добрую транспартную сувязь. Гэта вельмі выгадна з практычнага боку, таму што чыгунка з’яўляецца для моладзі самым танным сродкам перамяшчэння. Таксама лічыцца ўдзел маладых людзей і іх актыўнасць. Моладзь з Ваўкавыска кожны год актыўна прымае ўдзел ва ўсіх дыяцэзіяльных сустрэчах. У апошні час вялікае ажыўленне сярод моладзі адбываецца ў новай парафіі св. Станіслава Косткі. Кс. Алег Дуль вельмі ахвотна і ні на хвіліну не завагаўшыся прыняў прапанову аб арганізацыі ў сваёй парафіі Дыяцэзіяльных дзён моладзі. Гэта таксама свайго роду праверка для ўсёй парафіі, а асабліва для маладых. Падчас сёлетніх Дзён моладзі парафіяльная моладзь павінна будзе выступіць ужо не ў ролі ўдзельнікаў, а ў ролі арганізатараў. Як гучыць дэвіз сёлетніх Дзён моладзі? Колькі маладых людзей можа прыняць у іх удзел? Не сакрэт, што колькасць удзельнікаў узрастала з кожным годам. Напрыклад, у мінулым годзе ў Лідзе сабралася звыш 1300 чалавек.
   
    Ці ўстановіць Ваўкавыск новы рэкорд па колькасці ўдзельнікаў?
    Над выбарам дэвіза не трэба было доўга думаць. Моладзь усяго Касцёла перажывае гэты год пад супольным дэвізам: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Гэта і будзе галоўны дэвіз Дзён моладзі ў Ваўкавыску. Акрамя гэтага, кожны дзень будзе мець свой дэвіз: 10 мая – “Радасць”, 11 мая – “Крыж”, 12 мая – “Маладыя”. “Радасць”, “Крыж” і “Маладыя” – гэта свайго роду прыпынкі, над якімі заахвоціў задумацца Святы Айцец Францішак падчас прамоўленага ў Пальмовую нядзелю казання. Што датычыць удзелу, мы цешымся кожнаму ўдзельніку, які прыязджае на Дні моладзі з мэтай пошуку рэлігійнага перажывання ў радасці і ў супольнасці веруючых равеснікаў. Не варта сёння гнацца за лічбай, але трэба звярнуць большую ўвагу на духоўную падрыхтоўку моладзі ў парафіях да Дыяцэзіяльных дзён моладзі.
   
    Як сёння, у 2013 годзе, моладзь успрымае Касцёл? Ці з’яўляецца ён для іх домам, ці толькі сакральным будынкам, у які ходзіцца толькі на святы?
    Моладзь сёння ўспрымае Касцёл неадназначна. У парафіях часта можна пачуць акрэслене моладзі як “касцёльнай моладзі” ці “нашай моладзі”. Вельмі цешыць, што існуюць моладзевыя групы, цесна звязаныя з жыццём Касцёла, аднак, больш ёсць моладзі, якая ўласна прысутнічае ў Касцёле, але не можа сябе ў ім рэалізаваць. Гэта мара, каб маладая асоба, якая прыходзіць у касцёл як сакральны будынак і якая належыць да Касцёла як супольнасці, так у ім фарміравалася, каб магла вызнаць, што гэта “мой Касцёл”, а не толькі Касцёл ксяндзоў, манаскіх сясцёр ці асоб у сталым узросце.
   
    Некалькі слоў пра плануемы ўдзел моладзі нашай дыяцэзіі ў Рыа-дэ-Жанейра і Івянцы. Як шмат маладых людзей з нашай дыяцэзіі плануюць прыняць удзел у гэтых сустрэчах?
    Трэба глядзець у будучыню з перспектывай. Праз 3 месяцы адбудуцца Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія), якія ўпершыню ўзначаліць Святы Айцец Францішак. Плануецца, што туды адправяцца і прадстаўнікі моладзі з Беларусі. Пачынаючы з Сусветных дзён моладзі ў Чанстахове ў 1991 г., не здаралася такога, каб на Сусветных днях моладзі не было прадстаўнікоў нашай дыяцэзіі. Не звяртаючы ўвагі на кошт і адлегласць, наша моладзь адважная і збірае сродкі на паездку. Гэта група прыблізна з дваццаці чалавек. Але большасць будзе яднацца з моладдзю ўсяго свету ў Івянцы. Падобна, як падчас Сусветных дзён моладзі ў Сіднэі (Аўстралія), мы запрашаем моладзь з Беларусі перажываць духоўную еднасць з Днямі моладзі ў Бразіліі 27 – 28 ліпеня. Паралельна Сусветным дням моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра рыхтуецца праграма начнога малітоўнага чування моладзі ў Івянцы/Валожыне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Для ўсіх заці­каўленых гэтай сустрэчай праграма будзе прадстаўлена пазней.
   
    Ці сённяшняя моладзь дрэнная і цяжкая?
    Паспрабую адказаць на гэтае пытанне наступным чынам: каб сёння зразумець моладзь, трэба навучыцца глядзець на яе, як на пакаленне, якое носіць у сабе вялікі патэнцыял дабрыні, радасці і шляхетнасці. Не трэба казаць пра моладзь, што яна дрэнная і цяжкая, трэба проста дапамагаць ёй выцягваць з сябе дабро праз аўтэнтычную веру, добры прыклад, зычлівае слова і штодзённае жыццё для яе. У будучым гэта прынясе чакаемы добры плён.
   
Касцёл св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску    Як Касцёл сёння павінен працаваць з моладдзю?
    На гэтае пытанне я ўжо часткова адказаў. Якой будзе наша моладзь: вернай Касцёлу ці не, залежыць, у першую чаргу, ад бацькоў, выхавацеляў, ксяндзоў, сясцёр і катэхетаў. Кожны прымае ў гэтым свой актыўны ўдзел. Нішто так не дапамагае ў адкрыцці прыгажосці веры, як сведчанне сапраўды веруючых людзей, якія цешацца дарам жыцця. З’езды і сустрэчы моладзі – гэта толькі дарогі да адкрыцця сапраўднай веры. Аднак, у вялікай ступені многае залежыць ад таго, як сёння праводзіцца катэхетычная і рэлігійная дзейнасць сярод моладзі ў меншых моладзевых супольнасцях, якія служаць адкрыццю Касцёла не як ананімнай супольнасці, але непасрэднай і той, якая дапамагае маладому чалавеку.
   
    Ці будуць у Ваўкавыску сюрпрызы? Скажыце, калі ласка, некалькі слоў пра планы сёлетняй сустрэчы.
    Так, мы хочам падчас Дзён моладзі стварыць сапраўдных вучняў Хрыста, якія будуць пасланыя да сваіх равеснікаў. Кожны з удзельнікаў падчас місійнага набажэнства атрымае місійны крыжык і словы разаслання ад Хрыста на далейшы жыццёвы шлях. Па традыцыі, у праграме будуць катэхезы, прысвечаныя галоўным праўдам веры, а таксама канцэрты, супольныя забавы і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Усіх сардэчна запрашаю. Вы не пашкадуеце. Бясспрэчна, будзе вельмі радасна і цікава.
   
    Дзякуй Вам вялікі за размову. Жадаю добрай і плённай працы з моладдзю, а ў арганізацыі Дзён моладзі ў Ваўкавыску – шмат Божых ласкаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  255

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.