ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

I Дыяцэзіяльная сустрэча ўрачоў у Лідзе

З жыцця Касцёла

6 красавіка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ладзілася першая ў гісторыі сустрэча працаўнікоў службы аховы здароўя Гродзенскай дыяцэзіі, у якой прыняло ўдзел больш за 120 чалавек. Арганізатарам сустрэчы выступіла Душпастарства службы аховы здароўя на чале з кс. д-рам Мікалаем Ціхановічам.
План сустрэчы меды­каў быў даволі насычаным: у ім было адначасова месца як для кан­фе­рэнцый, прысвечаных хрысціянскаму погляду на медыцыну, так і для супольнай малітвы. Сустрэча праводзілася з мэтай паглыблення ведаў адносна сэнсу чалавечага жыцця як дару Божай любові дзеля будучых сумесных дзенняў для падтрымкі жыцця, а тым самым з мэтай садзейнічання абнаўленню грамадства шляхам будавання супольнага дабра і станаўлення салідарнасці паміж медыкамі ў служэнні хворым і церпячым людзям у духу хрысціянскай маралі.
На пачатку сустрэчы ўсіх удзельнікаў прывітаў кс. Мікалай і сваё ўступнае слова засяродзіў на годнасці чалавека: “Пашана, абарона і апека, якія адносяцца да чалавечага жыцця, выходзяць з яе выключнай годнасці. Сапраўды чалавечая істота – “адзінае стварэнне, якое Бог пажадаў дзеля яго самога. Усё створана дзеля чалавека. Толькі чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Божым, мае адзіную сваю мэту ў Богу, дзеля якога існуе”. За бласлаўлёным Янам Паўлам II кс. Мікалай заклікаў прапаведаваць Евангелле жыцця ў сучасным грамадстве, якое адрынула суцэльнасць чалавечага жыцця, жыве “культурай смерці” і не прымае слабых.
    У сустрэчы прыняў удзел біскупскі вікарый кс. д-р Уладзімір Гуляй, прад­стаў­нік гродзенскага ардынарыя і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа. У сваім прывітальным слове ён падкрэсліў, што здароўе – каштоўны дар Бога чалавеку. “Нездарма кажуць: здароўе найлепшае багацце, якое за золата не набудзеш”. З вялікай пашанай Касцёл адносіцца да тых, хто сваёй дзейснай міласэрнасцю і любоўю да бліжніх дапамагае другім захоўваць і ўзнаўляць цялеснае здароўе. Кс. Уладзімір сказаў таксама, што шпіталь з’яўляецца “выключным месцам для евангелізацыі”, менавіта там Божы Касцёл становіцца носьбітам Божай прысутнасці, а таксма сродкам для гуманізацыі чалавека і свету. На заканчэнне ўступнага слова прадстаўнік біскупа пажадаў удзельнікам сустрэчы духоўнага супакою, цярпення і сталай Божай дапамогі ў іх ахвярным служэнні любові і міласэрнасці, а таксама ўдзяліў ім святарскае бласлаўленне.
    Першы навуковы даклад прадставіў спадар Павел Белаус, асістэнт кафедры нармальнай анатоміі чалавека Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Тэмай навуковага выступу быў чалавек як разумнае Божае стварэнне. У ёй дакладчык на аснове свайго лекарскага і выкладчыцкага досведу глыбока раскрыў тэалагічны сэнс стварэння чалавека Богам, спасылаючыся, між іншым, на Святое Пісанне.
    Наступную канферэнцыю на тэму “Біяэтычныя, медыцынскія і дэмаграфічныя аспекты сучасных рэпрадуктыўных тэхналогій” правяла спа­дарыня Святлана Мазгунова, якая з’яўляецца загадчыцай аддзялення паляпшэння кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, а таксама выкладчыцай акушэрства і гінекалогіі Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Спадарыня Святлана на аснове медыцынскай статыстыкі і ўласнай урачэбнай практыкі перасцерагла перад беззваротнымі, катастрафічнымі наступствамі для нацыі з-за нешанавання ненароджанага чалавечага жыцця.
    Падчас св. Імшы кс. Уладзімір Гуляй прамовіў казанне, у якім сканцэнтраваў свае разважанні на духоўнасці і таямніцы лячэння. Сэнс дзейнасці ўрача, як сказаў біскупскі вікарый, закладзены ў самым слове: урач – гэта лекар і выхавацель адначасова. Чалавек, які не ведае шмат пра сябе, павінен быць выхаваны не толькі як разумная, але і як духоўная істота. У аснове кожнай разумнай дзейнасці ляжаць веды. Немагчыма выхоўваць і аздараўляць, не маючы адпаведных ведаў. З іншага боку, каб быць выхаваным і аздароўленым, неабходна давяраць урачу. У дзейнасці ўрача сцісла пераплятаюцца веды і вера. Сучасныя веды ў галіне навукі, у тым ліку і медыцынскай, маюць раздроблены характар. Раздробленнасць прафесіі медыка – не найлепшае дасягненне цывілізацыі, таму што сёння згубіліся тыя веды, якія даюць уяўленне пра чалавека як адзіны і суцэльны арганізм. Раней урачу былі даступныя іншыя веды, якія выпрацоўвалі ў яго асаблівае бачанне лячэння: чалавека трэба вучыць, выхоўваць разумна адносіцца да сябе і іншых людзей. У старажытнасці медыцына і філасофія былі вельмі моцна пераплецены, а першыя ўрачы антычнасці былі адначасова і філосафамі. Кс. Уладзімір заклікаў медыкаў да таго, каб у першую чаргу звярнуць увагу на духоўную сутнасць чалавечай істоты і дбаць аб яе суцэльнасці. Лекаванне – гэта арганізаваная рэалізацыя дабра, якое па сваёй сутнасці мае Боскае паходжанне. Святое Пісанне і Святыя Айцы Касцёла кажуць аб вялікай ролі працы ўрача ў анталагічным сэнсе гэтага слова. Хрысціянства разглядала прафесію ўрача як самааданую і ахвярную працу, заснаваную на любові да Бога і бліжняга, падсумаваў кс. Уладзімір.
   
Хто імкнеццца вызваліцца ад любові, той таксама ў выніку можа вызваліцца ад чалавека як асобы. Чалавечае цярпенне, якое існавала заўсёды, патрабуе спачування і дапамогі. Заўсёды будзе самотнасць, заўсёды будуць сітуацыі матэрыяльнай патрэбы, у якіх будзе абавязковая дапамога ў духу канкрэтнай любові да бліжняга”.p

Бенедыкт XVI


    Пасля перапынку медыкі, напярэдані ўрачыстасці Божай міласэрнасці, супольна памаліліся вяночкам да Божай міласэрнасці, пасля чаго праслухалі наступны даклад – “Абарона жыцця ў сям’і” спадара Яна Лубінскага, выкладчыка кафедры філасофіі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Спадар Ян закрануў, між іншым, негатыўныя аспекты ў функцыянаванні сучаснай сям’і, а таксама шляхі да іх пераадолення. Апошняя канферэнцыя бы­ла праведзена спадарыняй Данутай Каваленка, медсястрой кардыялагічнага аддзялення, на тэму “Праўда аб стане хворых у тэрмінальнай стадыі”. Медык звярнула ўвагу на розныя аспекты дапамогі хвораму, якога чакае хуткі адыход з жыцця, а таксама на біблійны погляд на рэальнасць смерці.
    На заканчэнне кс. Уладзімір Гуляй выразіў сваю задаволенасць праведзенай канферэнцыяй і падзякаваў медыкам за ўдзел у першай такога фармату сустрэчы. Лідскі душпастар зацытаваў фрагмент з энцыклікі “Бог ёсць любоў”, дзе Бенедыкт XVI павучае: “Любоў заўсёды будзе запатрабаванай, нават у самым справядлівым грамадстве. Не існуе такога справядлівага дзяржаўнага парадку, які б замяніў служэнне ў любові. Хто імкнеццца вызваліцца ад любові, той таксама ў выніку можа вызваліцца ад чалавека як асобы. Чалавечае цярпенне, якое існавала заўсёды, патрабуе спачування і дапамогі. Заўсёды будзе самотнасць, заўсёды будуць сітуацыі матэрыяльнай патрэбы, у якіх будзе абавязковая дапамога ў духу канкрэтнай любові да бліжняга”.
    Кс. Мікалай Ціхановіч, кіраў­нік Душпастарства, коратка пад­сумаваў сустрэчу і выразіў вялікую ўдзячнасць удзельнікам і тым, хто прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі I Дыяцэзіяльнай сустрэчы працаўнікоў службы аховы здароўя.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.