ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Час на назіранні і аналіз, каб змяніць сваё жыццё

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Мінуў Вялікдзень. Усіх са святам Уваскрослага Хрыста! Няхай у Вашых сэрцах жывуць радасць і супакой. Усіх моцна абдымаю. Мы з Вамі зноў сустракаемся на скрыжаванні думак, спраў, фактаў і меркаванняў. Што прынёс нам красавік? Першых птушак, красавіцкае сонца, і, як кожны месяц, новыя ўражанні і цікавыя развагі. Сёння ў цэнтры ўвагі Божая міласэрнасць, сімвалічнасць жыцця і публічнае вызнанне веры.
    З Богам.

   ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля” (1 Кар 9, 16).

    У маўчанні крыецца частка эгаізму. Добра, калі мне добра, – гэта не ісціна. Заклапочанасць толькі самім сабою можа прывесці да незадаволенасці Усявышняга, а як след – да духоўнага неспакою.
   
   МЭТА МЕСЯЦА: адчуць сімвалічнасць жыцця

    Калі быць больш уважлівымі, стануць зразумелымі многія рэчы. Спатрэбіцца толькі час на назіранні і аналіз.
    Бог з намі заўсёды і паўсюль. Варта пра гэта памятаць, калі аналізуеш жыццёвыя сітуацыі. Цябе перабіваюць пры размове? А ці не знак гэта таго, што патрэбна змаўчаць і не казаць таго, што збіраўся. Не атрымалася прыняць удзел у спаборніцтвах? А можа, Ты не там сябе шукаеш?
    Калі філасафічна ставіцца да жыцця, можна шмат чаго цікавага для сябе адкрыць. Поспехаў у нялёгкай працы роздуму!
        
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб публічнае вызнанне веры і малітва былі крыніцай жыцця для вернікаў

    Публічнае вызнанне веры для хрысціяніна – спроба наблізіць другіх людзей да Хрыста. На словах усё проста, давер выклікае ўласны прыклад. А малітва, безумоўна, дапамагае ў моманты сумненняў і цяжкасцей. Такім чынам, карыстанне з хрысціянскай крыніцы незаўважна становіцца для верніка сэнсам жыцця, шляхам да святасці.
   
    ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: міласэрнасць
    У першую нядзелю пасля Вялікадня святкуецца нядзеля Божай міласэрнасці. Варта паразважаць аб міласэрнасці. Бог любіць, спадзяецца на нас і прабачае. Ён да апошняга чакае і заўсёды шапне нейкую падказку, калі напаткалі цяжкасці. Пытанне ў тым, ці Вы яе пачуеце.
    Зародкі міласэрнасці існуюць у сэрцы кожнага хрысціяніна. У кагосьці гэта пупышкі, у кагосьці лісты, а ў кагосьці кветкі. Бог, несумненна, хоча, каб чалавечае сэрца ўпрыгожваў вялікі вянок з самых прыгожых кветак.
   
    СПРАВА МЕСЯЦА: падзяліцца трапнай думкай
    Вы ніколі не задумваліся над тым, чаму нейкая трапная, на Ваш погляд, думка прыйшла ў галаву менавіта да Вас? І што з ёю рабіць, калі Вы не знаходзіце ёй прымянення ў сваім жыцці?
    Усё проста – падзяліцеся думкай з кімсьці іншым. Магчыма, паразважаўшы, Вы знойдзеце патрэбнага “адрасата”, а не – падкажа выпадак або інтуіцыя. Такое здараецца: удзельнікам жыццёвай гульні паміж лёсам і сябрам (напрыклад) становіцеся Вы. Выпадае выключная магчымасць паўплываць на нечае жыццё. Але думкі – толькі трапныя, намеры – самыя лепшыя.
     
    АСОБА МЕСЯЦА: святы Францішак з Паолі

    Нарадзіўся Францішак у Калабрыі (паўднёвая Італія). Бацькі назвалі хлопчыка ў гонар Францішка Асізскага. Быў паслухмяным і набожным з дзяцінства. Ва ўзросце 13 гадоў уступіў у Ордэн францішканаў. Затым з бацькамі здзейсніў паломніцтва ў Асізі. Пасля вяртання цвёрда вырашыў стаць пустэльнікам. 6 гадоў жыў у пячоры з малітвай адзін на адзін з Богам.
    Праз некаторы час да яго далучыліся яшчэ два аднадумцы, якія заснавалі манастыры ў Патэрна і Мілаццо (Італія). Францішак заснаваў рух “Пустэльнікі святога Францішка Асізскага”. У 1471 годзе рух атрымаў падтрымку з боку арцыбіскупа Козенцы. У 1474 годзе папа Сікст ІV зацвердзіў новы манаскі ордэн пад імем “Кангрэгацыя эрэмітаў брата Францішка з Паолі”. Дзесьці праз 20 гадоў удзельнікі ордэна сталі вядомыя як мінімы або мініміты. Новую назву зацвердзіў папа Аляксандр VI.
    Пры жыцці Францішак карыстаўся вялікім даверам і павагай. Да яго парад прыслухоўваліся французскі кароль Людовік ХІ, яго пераемнікі Карл VIII і Людовік ХІІ. Памёр Францішак 2 красавіка 1507 года. У гэты дзень яго ўспамінае каталіцкі Касцёл. Кананізаваны ў 1519 годзе папам Львом Х.
    У Неапалі знаходзіцца адна з прыгажэйшых святынь – базіліка святога Францішка з Паолі, асвечаная ў 1836 годзе.
    Да якіх святых маліцца ў красавіку?
    Святы Марк Евангеліст (25 красавіка).

    КНІГА МЕСЯЦА: “Моладзь задае пытанні”, Ян Палыга

    Выдавецтва “Pro Christo” прапаноўвае для моладзі кнігу, якая ўжо выйшла ў двух выданнях. Адказы на пытанні, якія кожны не раз сабе задаваў. Як знайсці сэнс жыцця? Адкуль вядома, што Бог існуе? Ці ёсць сэнс у цярпенні? Ці можна апраўдаць хлусню? Чаму сексуальныя адносіны перад сужэнствам лічацца грахом? Чаму Касцёл выступае супраць абортаў? На гэтыя і іншыя пытанні, якія хвалююць моладзь, адказвае каталіцкі святар, паэт і празаік, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Ян Палыга (крыніца: http://pro-christo.catholic.by/by/books.htm). На рускай мове, 160 старонак.  

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: “Малітва”, Бі-2

    З першых гукаў песня зачароўвае. Вочы закрываюцца і ўяўляюцца міражы. У тэксце ёсць словы, што жыць у свеце без цудаў цяжка. А як жа... У гэтым шалёным свеце. “Я не адзін”, – ключавое выслоўе, якое паўтараецца неаднаразова. Раю паслухаць.

 

Не забывайцеся пра “дыяментавыя” думкі. Дзяліцеся імі з іншымі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.