ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2013

Пастырскае Слова

Біскуп Аляксандр Кашкевіч Старшыня ККББ“Чалавекам з’яўляецца таксама ненароджанае дзіця; больш за тое, Хрыстос прывілеяваным чынам атаясамліваецца з найменшым” (Ян Павел II, 26 студзеня 1986).
Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
    Умілаваны вучань Пана Езуса піша так: “Калі я ўбачыў Яго, упаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. Ён паклаў на мяне правіцу сваю, кажучы: «Не бойся! Я – першы і апошні, і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані»” (Aп 1, 17–18). Так Апостал апісвае сваю сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом. Той, хто стаяў пад крыжам Збаўцы, хто не пакінуў Яго нават на хвіліну, адчувае вялікую радасць ад сустрэчы са сваім жывым Панам. Аднак гэтая радасць пераплятаецца з заданнем, місіяй, якую пакідае Збаўца ўмілаванаму вучню: “...напішы тое, што ты ўбачыў...” (Aп 1, 19). Ён павінен цяпер расказаць усім, што Хрыстос жыве. Больш за тое, Ён – Першы і Апошні, Пачатак і Канец усяго. Цяжка будзе пераканаць усіх у гэтай праўдзе, бо жаўнеры пусцілі чутку, што Апосталы выкралі Езуса з магілы. Гэтая фальшывая чутка разышлася па ўсёй краіне. І вось, Уваскрослы кажа яму аправергнуць гэтыя чуткі і пераканаць народ у праўдзе. Цяжка будзе пераканаць грамадства, што чутка не з’яўляецца праўдай, як цяжка было паверыць Фаме, што Хрыстос сапраўды ўваскрос. Тым не менш, за выкананне гэтага задання бяруцца ўсе Апосталы, асабліва пасля спаслання Святога Духа. Умацаваныя Яго дарамі, ідуць, каб сведчыць пра Хрыста, які быў забіты за нашыя грахі, але на трэці дзень уваскрос.
Хрыстос – Першы і Апошні, Пачатак і Канец. Ён – Пан жыцця і смерці. Праз сваё ўваскрасенне Ён засведчыў, што смерць над Ім не мае ніякай улады, а тыя, хто павераць у Яго, таксама пакліканы да вечнага жыцця, да ўваскрасення. Гэтае пакліканне выконвае Касцёл аж да сённяшняга дня, нястомна абвяшчаючы, што Хрыстос – адзіны Пан жыцця і смерці, і ніводзін чалавек, ніводная ўстанова, ніякі ўрад не мае права вырашаць аб жыцці чалавека. Бласлаўлёны Ян Павел II у Рыме 26 студзеня 1986 г. звярнуўся з такімі словамі да сваіх слухачоў: “Чалавекам з’яўляецца таксама ненароджанае дзіця; больш за тое, Хрыстос прывілеяваным чынам атаясамліваецца з найменшым” (Ян Павел II, 26 студзеня 1986). Так ён заахвочвае нас быць уважлівымі да слоў Пана Езуса: “...што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Mц 25, 40). Хто з’яўляецца гэтым найменшым? Канешне, і ў наш час, i здаўна з’яўляюцца імі перадусім ненароджаныя дзеці, жыццё якіх знаходзіцца ў небяспецы.
    Браты і сёстры! Якім жа знамянальным i вымоўным з’яў­ляецца сённяшняе свята Божай міласэрнасці, вернай слугою якой была сястра Фаустына Кавальская. Гэта яна ў сваім “Дзённіку” пакінула нам пасланне Божай міласэрнасці для ўсяго свету. Яна прагнула, “каб кожны боль сышоў на яе дзеля палёгкі бліжнім” (Дзённік, 1039). “Вось да якой ступені суадчування вядзе любоў, калі яна мераецца мераю Божай любові! Гэтая любоў павінна натхняць сучаснага чалавека, сучаснае чалавецтва, каб супрацьстаяць крызісу сэнсу жыцця, каб прыняць заклікі, звязаныя з рознымі патрэбамі, і перш за ўсё, каб выканаць абавязак абароны годнасці кожнай чалавечай асобы. Так заклік да Божай міласэрнасці апасродкавана стане заклікам захоўваць непаўторную годнасць і каштоўнасць кожнага чалавека.
    У Божых вачах кожная асоба каштоўная, за кожнага Хрыстос аддаў сваё жыццё, кожнаму Айцец дае свайго Духа і робіць яго блізкім для сябе” (Ян Павел II, казанне падчас кананізацыі сястры Фаустыны).
    Заклік да Божай міласэрнасці – гэта заклік да захавання годнасці чалавека, каштоўнасці кожнага чалавека, падставай чаго з’яўляецца жыццё, зачатае ўжо ва ўлонні маці. Абавязак кожнага чалавека, а значыць кожнага хрысціяніна і няверуючага, – абараняць гэтае жыццё. Таксама народы павінны зрабіць абарону зачатага дзіцяці асновай сваёй палітыкі i свайго заканадаўства, ствараючы праз гэта моцны народ. Як казаў слуга Божы кардынал Вышынскі: “У сям’і пад сэрцам маці паўстае народ”. Без боязі трэба сказаць, што менавіта ад натуральнага прыросту залежыць будучыня паасобных народаў. Трэба спалучыць сілы паасобных людзей, сілы паасобных грамадстваў, каб разам з Касцёлам кожнае зачатае дзіця магло бяспечна развівацца ва ўлонні маці, а пасля сваімі вачыма ўбачыць свет, які чакаў яго нараджэння.
    Уваскрослы Хрыстос з’яўляецца Пачаткам і Канцом. Многія ўжо паверылі ў гэтую праўду праз паслугу Апосталаў, сведчанне першых хрысціян i сведчанне Касцёлаў на працягу стагоддзяў аж па сённяшні дзень. Ніхто не мае права распараджацца жыццём, толькі сам Стварыцель. Гэтае заданне імкнуцца рэалізаваць розныя арганізацыі i паасобныя хрысціянскія супольнасці. Каталіцкі Касцёл таксама актыўна далучаецца да справы абароны жыцця ад моманту зачацця аж да натуральнай смерці. Адной з такіх спраў з’яўляецца “Духоўнае ўсынаўленне”, да якога штогод далучаюцца вернікі ва ўрачыстасць Звеставання Пана, якая ў гэтым годзе адзначаецца заўтра.
    Мільёны людзей на свеце моляцца за дзяцей, якім пагражае смерць ва ўлонні маці. Пачынаючы ад урачыстасці Звеставання Пана, штодзень на працягу дзевяці месяцаў адзін чалавек моліцца за адно дзіця, вядомае толькі Богу. Малітвай агортваецца не толькі зачатае дзіця, але таксама яго бацькі, каб рашыліся прыняць гэты вялікі Божы дар i выхавалі яго ў любові. Атулім іх малітвай, каб яны зразумелі, што не толькі дзеці патрабуюць бацькоў, але таксама бацькі патрабуюць дзяцей, каб рэалізоўваць любоў, якая жыве ў сэрцы кожнага чалавека. Грамадствы патрабуюць дзяцей, бо “ў сям’і пад сэрцам маці паўстае народ”.
    Што зрабіць, каб распачаць справу “Духоўнага ўсынаўлення”? Сёння, у свята Божай міласэрнасці, або заўтра, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, можаш скласці разам з іншымі ўрачыстае абяцанне падчас св. Імшы. Так ты прычынішся да ратавання зачатага жыцця, якому пагражае забойства. Гэта можа зрабіць кожны чалавек, чытаючы штодзень малітву ў інтэнцыі ратавання жыцця дзіцяці і адну дзясятку Ружанца, а таксама прымаючы дабравольную пастанову. Менавіта да такой малітвы заахвочваем усіх вас – святароў, кансэкраваных асоб, свецкіх вернікаў, а таксама ўсіх людзей добрай волі, памятаючы, што “ненароджанае дзіця таксама з’яўляецца чалавекам” (Ян Павел II, 26 студзеня 1986).
    Атуляем усіх вас малітвай і пастарскім бласлаўленнем.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.