ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

Аказаць людзям міласэрнасць

З жыцця Касцёла

3 сакавіка ў Беларусі адзначаўся Нацыянальны дзень “Карытас”. На найбольш цікавыя пытанні нашых чытачоў мы папрасілі адказаць дырэктара “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза Віталія Дабраловіча.
Ксёндз Віталій, скажыце, калі ласка, як выглядае сітуацыя з удзяленнем дапамогі? Ці шмат людзей шукаюць дапамогі? Як патрабуючы можа яе атрымаць?
    Беручы пад увагу колькасць людзей, якія звяртаюцца за дапамогай, і нашыя матэрыяльныя магчымасці, трэба адзначыць, што цяжка дапамагчы кожнаму патрабуючаму. Але за год дапамогу атрымлівае звыш 5000 чалавек. Гэта тыя, хто звяртаецца індывідуальна. Вялікую дапамогу мы аказваем таксама розным сацыяльным цэнтрам, дамам прыстарэлых, вязням і іншым грамадскім супольнасцям.
    Каб атрымаць дапамогу ў “Карытас”, трэба падаць наступныя дакументы: даведку аб складзе сям’і, даведкі аб даходах кожнага паўналетняга члена сям’і, пашпарт і заяву з тлумачэннем прычыны звароту за дапамогай.

    Чым на сённяшні дзень жыве “Карытас” нашай дыяцэзіі?
    Па праўдзе, у нас заўсёды адна і тая ж мэта – аказаць лю-дзям міласэрнасць, якая дорыцца дзякуючы веры ў Езуса Хрыста. Мы кожны год шукаем людзей добрага сэрца. Дзякуючы ім мы можам рабіць добрыя справы на фундаменце Божай міласэрнасці. Цяпер нам усё цяжэй шукаць спонсараў, і, безумоўна, гэта вучыць нас шукаць новыя дарогі працы з ахвяравальнікамі і тымі, каму патрэбна дапамога. Менавіта гэта адрознівае цяперашнюю працу “Карытас” ад той, якой яна была ў мінулым.
   
    Чым для Вас з’яўляецца праца ў “Карытас”? Гэта толькі ўдзяленне матэрыяльнай дапамогі ці штосьці большае?
    Як я ўжо адзначыў вышэй, “Карытас” мае на мэце абвяшчэнне Хрыста. Таму “Карытас” – гэта штосьці большае, чым толькі людская справа. “Карытас” – гэта асаблівае Божае заданне для жывога Касцёла. Асабіста для мяне, “Карытас” з’яўляецца школай, якая вучыць жыць паводле Евангелля. На працягу гадоў працы ў “Карытас” – Гродна я пачаў глыбей сягаць да духоўнага значэння міласэрнасці. Я звяртаю больш увагі на рэлігійнае выхаванне працаўнікоў. Не кожны патрабуючы можа атрымаць матэрыяльную дапамогу. “Карытас” павінна быць той арганізацыяй, якая можа даць бясцэннае – веру, надзею і любоў.
   
    Тых, каму патрэбна дапамога, усё больш і больш. А ці павялічваецца колькасць тых, хто хоча дапамагчы такім людзям?
    Тыя, хто хоча дапамагчы і мае такую магчымасць, не заўсёды ведаюць, як гэта лепш зрабіць. Тут перад намі адкрываецца яшчэ адзін бок дзейнасці “Карытас” – вучыць людзей быць шчодрымі ахвяравальнікамі. Адкрываць іх сэрцы на патрэбу іншага чалавека. А таксама шукаць такіх людзей.
   
    Што азначаюць словы, што ў час Вялікага посту трэба быць голасам тых, хто ў патрэбе?
    “Карытас”, як і іншыя падобныя грамадскія ўстановы, добра ведае патрэбы загубленых на дарогах жыцця. Сам чалавек не заўсёды адважыцца сказаць пра сваю бяду. І мы маем гэтую сталую задачу – прыгадваць людзям словы Хрыста: “Убогіх заўсёды маеце пры сабе”. Мы павінны быць тым голасам, які заклікае ад іх імя: дапамажыце, няхай ваша сэрца будзе поўнае любові да гэтага дзіцяці ці старэйшай асобы, бяздомнага ці загубленага з-за розных залежнасцей.
   
    Не сакрэт, што сёння ў нашай краіне і ў Касцёле вельмі мала валанцёраў. Можа, варта было б адкрыць школу для маладых людзей, дзе б яны атрымалі веды аб тым, чым з’яўляецца дапамога і як трэба дапамагаць?
    Я не магу сказаць, што сёння няма людзей, якія хочуць дапамагаць бясплатна. Валанцёры, а дакладней моладзь, заўсёды ёсць і прыходзіць з пытаннем: “Чым я магу быць карысны?” Праблема заключаецца ў чымсьці іншым. Адна з іх – гэта адсутнасць лідэраў, і тут на самой справе патрэбна школа выхоўвання лідэраў вланцёрства. У гэтым накірунку шмат што робіцца. Рыхтуецца праграма і праекты, якія павінны дапамагчы ў развіцці валанцёрства ў “Карытас” у Беларусі.
    Варта таксама адзначыць, што валанцёры – гэта не толькі моладзь, але і старэйшыя людзі. Менавіта яны з’яўляюцца найбольш сталымі і адказнымі сярод валанцёраў. Што праўда, іх вельмі мала.
   
    Што трэба зрабіць, каб больш плённа перажыць час Вялікага посту?
    Адкрыць сваё сэрца на любоў Хрыста, а Бог сам здзейсніць добрую справу ў жыцці такой асобы.
   
    Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.