ГРОДНА
Аўторак,
20 лютага
2024 года
 

Просьба біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы

З жыцця Касцёла

кс. біскуп Уладзіслаў Блін25 лютага 2013 года Папа Бенедыкт XVI прыняў прашэнне біскупа Уладзіслава Бліна аб адстаўцы з выканання паслугі пастарскага кіравання Віцебскай дыяцэзіяй у Беларусі, згодна з кан. 401§ 2 Кодэкса Кананічнага Права.
Адначасова Святы Айцец прызначыў Апостальскім Адміністратарам sede vacante et ad nutum Sanctae Sedis Віцебскай дыяцэзіі ксяндза прэлата Фран­цішка Кіселя, да гэтага Генеральнага вікарыя той жа дыяцэзіі.
    Вестка аб адстаўцы біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна, у якую ён падаў за тры дні да адстаўкі папы Бенедыкта XVI, стала сапраўды нечаканай. Асаблівы смутак гэта прынесла дыяцэзіянам, якія моляцца за свайго пастара.
Усе ведаюць біскупа Уладзіслава Бліна як чалавека, які ніколі не наракае. Заўсёды кажа: «Нельга паддавацца! Бо з табою Бог!». Біскуп часта ўзгадвае і словы св. Паўла: «Адзін сее, другі палівае, а трэці будзе збіраць». Напэўна, гэтыя словы дапамаглі яму прыняць рашэнне аб адстаўцы. Прыкладам для біскупа Уладзіслава з’яўляецца таксама сыход з пасады Віленскага ардынарыя біскупа Юрыя Матулевіча, сёння бласлаўлёнага, праз заступніцтва якога ён горача мoліцца.
    25 гадоў таму сённяшні іерарх вярнуўся на зямлю сваіх продкаў, у сваю ўмілаваную Беларусь. Быў накіраваны ва ўсходнюю частку краіны – у Магілёў, дзе аднавіў кадэдру.
    Аднак з душпастарскай паслугай ён спяшаўся і на поўдзень – ад Гомеля да Мазыра, і на ўсход – аж да Мсціслаўля і Касцюковіч, і на поўнач – да Оршы, Полацка і Віцебска.
    13 кастрычніка 1999 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ абвясціў аб заснаванні новай дыяцэзіі – Віцебскай. Першым яе ардынарыем быў прызначаны кс. Уладзіслаў Блін. Стоячы ля вытокаў утварэння новай дыяцэзіі, ён часта забываў аб уласных патрэбах, бо імкнуўся найперш клапаціцца пра чалавека, які 70 гадоў не чуў Евангелля. Віцебская дыяцэзія – гэта маладая дынамічная супольнасць вернікаў і 100 святароў. Найстарэйшым святаром у дыяцэзіі быў біскуп Уладзіслаў Блін.
    Клапоцячыся пра душу і цела чалавека, біскуп заснаваў дыяцэзіяльнае дабрачыннае таварыства «Карытас» і шукаў дапамогі для найбяднейшых па ўсім свеце. Біскупа можна было ўбачыць і ля касцёла са скарбонкай, што сведчыла пра яго прастату і пакорнасць.
    Рамантаваў капліцы і касцёлы. Будаваў новыя святыні. Так аздабленнем Віцебска стала новая катэдра.
    Навуковыя сімпозіумы, фестывалі, дні хрысціянскай культуры, душпастарства студэнтаў, капліцы ў бальніцах і турмах, пілігрымкі, тэле- і радыёперадачы, дыяцэзіяльная газета – усё гэта сведчыць аб тым, як рупліва ён шукаў людзей для Хрыста.
    Супольнасць Віцебскай дыяцэзіі моліцца, каб Бог заўсёды меў біскупа Уладзіслава ў сваёй апецы, умацоўваў яго здароўе і каб вянцом яго жыцця стала неба, пра якое ён так часта казаў. Дыяцэзіяне таксама з любоўю просяць свайго пастара аб далейшай малітве за іх і аб бласлаўленні для дыяцэзіі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  315

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.