ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Крэва

Парафіі і святыні

Дэканат Смаргонь
У пісьмовых крыніцах Крэва вядома з ХIII ст. як сталіца Нальшчан, з пачатку XIV ст. – Крэўскага княства. З 1338 г. належала Альгерду, потым Ягайлу. На мяжы ХIII – XIV стст. тут быў пабудаваны замак, руіны якога захаваліся да сённяшняга часу. У 1385 г. у Крэўскім замку была заключана знакамітая унія, якая дала пачатак хросту апошняга паганскага народа ў Еўропе – жмудзінаў – і пашырэнню каталіцтва на землях ВКЛ.
    Гэта адна з першых парафій, якая была заснавана на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасля Крэўскай уніі. У 1387 г. на ўзвышшы каля замка быў узведзены касцёл пад тытулам св. Яна Хрысціцеля. Заснавальнікам парафіі і фундатарам касцёла стаў сам кароль Уладзіслаў Ягайла. У 1468 г. Юрый і Ганна Гетоўтавічы ўпасажылі алтар у гонар сваіх патронаў, свв. Юрыя і Ганны. Гэта лічыцца першым узгадваннем пра касцёл у Крэве.
Верагодна, напрыканцы XVI ст. на месцы драўлянага касцёла быў пабудаваны каменны. У 1626 г. святыню аднаўляў магнат Гаштольд. У 1704 г. на сродкі пана Закрэўскага ў касцёле былі заснаваны дзве альтарыі, ён таксама ахвяраваў парафіі ўласныя фальваркі Закрэўшчына і Таншчына. У 1743 г. на званіцы касцёла ўсталявалі новы звон, адліты ў віленскай майстэрні Т. Апановіча. У 1850 г. у святыні праводзілася рэканструкцыя. Пры касцёле дзейнічала школка. Да парафіі належалі капліцы ў Крыўску і Мілейкаве.
    У 1867 г. на хвалі рэпрэсій пасля паўстання К. Каліноўскага касцёл быў зачынены, перададзены ў праваслаўнае ведамства і цалкам перабудаваны ў “візантыйскім” стылі пад царкву. Разам з касцёлам знішчылі і абедзве капліцы. Пасля перабудовы святыня ўяўляла сабой трохнававую базіліку, галоўны фасад якой быў вырашаны як ступенчатая трох’ярусная шатровая вежа-званіца. Над цэнтрам двухсхільнага даху з’явіўся васьмігранны барабан пад шатровым купалам, хутчэй за ўсё “сляпы”, над алтаром была надбудавана вежа з глаўкай. Старажытны храм заўсёды быў драўляны і ў 1884 г. яго знішчыў пажар. Аднак, мяркуючы па фотаздымку пачатку ХХ ст., большую рацыю мае першае меркаванне.
    У 1906 г. парафія адрадзілася, вернікі ўласным коштам пабудавалі новы касцёл, але падчас Першай сусветнай вайны ён быў знішчаны. А разам з ім дашчэнту была знішчана і старажытная святыня (на той час царква) на гістарычным месцы.
    Але парафіяне не апусцілі рукі, і ў 1934 г. на тым самым узвышшы, дзе калісьці паставіў свой першы касцёл кароль Ягайла, разам са сваім пробашчам кс. Чэславам Кардэлем пачалі будаваць новую драўляную святыню. 7 кастрычніка 1936 г. новазбудаваную святыню пад тытулам Перамянення Пана і Маці Божай Міласэрнай (Ласкавай) урачыста кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Касцёл быў пабудаваны паводле праекта архітэктара Стаброўскага (разам з Норбскім) у стылі “польскага мадэрну” і ўяўляў сабой трохнававую базіліку з трансептам, пяціграннай апсідай з сакрыстыямі і дзвюма высокімі чатырох’яруснымі чацверыковымі вежамі пад востраканечнымі спічакамі. Над алтаром двухсхільны гонтавы дах завяршаўся сігнатуркай. Замест гзымсу будынак апаясваў рытмічны шэраг бэлек-кранштэйнаў.
    Крэўская парафія заўсёды ўваходзіла ў склад Ашмянскага дэканата, перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян дасягала амаль 4400 вернікаў. Аднак у 1961 г. касцёл быў зачынены і прыстасаваны пад бальніцу. Пры гэтым ад сакральнай архітэктуры захаваўся толькі крыжасты план святыні, у астатнім усё было зменена – зніклі вежы, разабраны дах і надбудаваны другі паверх. З алтарнай пліты зрабілі ўваходны прыступак... У 2003 г. будынак разабраны.
    Але старажытная парафія зноў адрадзілася. У 1997 г. побач з бальніцай намаганнямі тагачаснага пробашча кс. Генрыка Багушэўскага паводле праекта смаргонскага архітэктара пабудаваны новы мураваны касцёл пад тытулам Перамянення Пана. Гэта велічны дзвюхвежавы зальны храм у стылі неабарока з сакрыстыяй у прамавугольнай апсідзе. За касцёлам захаваліся драўляныя будынкі былога плябаннага комплексу.


   

Крыўск і Мілейкава
Капліцы ад крэўскай парафіі дзейнічалі тут да 1866 г., калі, на хвалі рэпрэсій, былі скасаваны і больш не адрадзіліся.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.