ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Фіялка і падснежнік

Дзіцячы куточак

“Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць” (1 Кар 13, 4-7).
Прайшла зіма. Яшчэ дзе-нідзе заставаўся ляжаць снег, а сярод маладой травы ўжо сталі з’яўляцца першыя кветкі. Побач з белым падснежнікам з’явіўся маленькі парастак. Ён рос з кожным днём усё вышэй і вышэй, пакуль не ператварыўся ў прыгожую фіялетавую кветачку. Гэта была фіялка. Прачнуўшыся, яна раскрыла свае пялёсткі і стала са здзіўленнем і захапленнем аглядацца. Спачатку яна ўбачыла далікатна-блакітнае неба з белымі аблокамі. Потым доўга глядзела на цёплае яркае сонца, якое лашчыла сваімі промнямі ўсё навокал. І раптам побач з сабой яна заўважыла цудоўную белую кветку.
    – Як цябе завуць? – спытала яна свайго суседа.
Падснежнік павярнуў свае пялёсткі. Ён убачыў фіялку і быў здзіўлены яе прыгажосцю.
    – Я падснежнік, – адказаў ён, – ты такая прыгожая, давай сябраваць!
    – Давай! – пагадзілася фіялка. І з гэтай хвіліны яны сталі неразлучнымі сябрамі.
    Кожны дзень зараз для іх абодвух быў радасным і шчаслівым. Падснежнік і фіялка часта расказвалі адзін аднаму розныя гісторыі, любілі разам піць кроплі дажджу і падоўгу дыхалі цёплым веснавым паветрам. Па начах, калі станавілася холадна, падснежнік затуляў фіялку травінкамі і імкнуўся сагрэць яе сваімі лісточкамі. А фіялка адорвала сябра сваім далікатным водарам.
    Але аднойчы раніцай, калі сонца яшчэ не паспела ўзысці і абудзіць кветкі, адбылася адна непрыемная гісторыя. Фіялка прачнулася ад нейкага незразумелага шолаху. Побач з падснежнікам яна ўбачыла вялікую пражэрлівую гусеніцу, якая павольна падпаўзала да яго лістоў, каб імі паласавацца.
    – Што ж мне рабіць, – думала фіялка. Не ведаючы, чым дапамагчы свайму сябру, яна моцна хвалявалася.
    І раптам яна, узрадаваўшыся, нахілілася да гусеніцы і хутка працягнула ёй насустрач свае лісточкі. Было вельмі балюча, але фіялка цярпела. Яна нават і не спрабавала адхіліць пялёсткі, а марыла толькі пра тое, каб гусеніца хутчэй наелася і не чапала яе сябра.
    Калі падснежнік прачнуўся, гусеніцы ўжо не было. Ён павярнуўся да фіялкі і раптам з жахам убачыў, што ў яе не стала двух фіялетавых пялёсткаў, а ўсё яе лісце напалову з’едзена.
    – Якая ж ты брыдкая і непрыгожая! Ты, напэўна, захварэла, – прашамацеў падснежнік. – Мне больш зусім не хочацца з табой сябраваць. Ён больш не звяртаў увагі на фіялку і паспрабаваў хутчэй пра яе забыцца.
    Фіялка нічога не адказала. Паглядзеўшы на рэшткі свайго лісця, яна толькі горка заплакала. Дзіўна, але фіялка зусім не пакрыўдзілася на свайго сябра. Ён па-ранейшаму быў для яе самым лепшым на свеце.
    – Хай лепш ён не ведае, што здарылася, – думала яна, – навошта я буду псаваць яму настрой сваім выглядам.
    Зараз фіялка імкнулася расці непрыкметна побач і не напамінаць пра сябе. Яна толькі моўчкі глядзела з травы на свайго любімага сябра. Кожны раз, калі падснежнік паварочваўся ў яе бок, яна, каб не спалохаць яго, хутчэй нахілялася і хавалася сярод травы.
    Неяк раз на палянцы з’явілася маленькая дзяўчынка, якая збірала букет. Падснежнік і ўсе астатнія кветкі сталі хавацца ад дзяўчынкі ў траве і прыціскацца да зямлі. Не хавалася толькі адна фіялка. Яна наадварот моцна выцягнулася ўгару і як мага шырэй раскрыла свае апошнія пялёсткі, закрываючы сабою свайго сябра.
    – Не зрывай майго сябра, – што ёсць моцы шамацела фіялка, – сарві лепш мяне.
    Дзяўчынка, напяваючы песню, мінула. Усе кветкі зноў прыпадняліся да сонца, а фіялка тут жа схавалася ад падснежніка і зноў стала непрыкметнай.
    Праз некалькі дзён да падснежніка прыляцеў прыгожы матылёк, ён сеў побач з падснежнікам і расказаў яму сваю гісторыю:
    – Я лётаю і шукаю адну фіялку, каб папрасіць у яе прабачэння, – сказаў ён. – Раней, калі я быў яшчэ гусеніцай, гэтая фіялка дзеля свайго сябра падснежніка ахвяравала сваё лісце і ім накарміла мяне. Ці не сустракаў ты, падснежнік, фіялку з аб’едзенымі лісточкамі і без двух пялёсткаў.
    Толькі цяпер падснежнік зразумеў, што фіялка аддала сваё лісце і сваю прыгажосць для таго, каб выратаваць яго ад гусеніцы.
    – Гэтую фіялку я ведаю, яна тут, побач, хаваецца ў траве, – радасна ўсклікнуў падснежнік.
    Ён паклікаў фіялку, але яна не выглянула з травы. Падснежнік паклікаў яе яшчэ раз, але яна не адгукалася. Заляцеўшы ў траву, матылёк убачыў засохлую фіялку амаль без пялёсткаў, якая ляжала на зямлі. Дапамагчы ёй было ўжо немагчыма.
    Многа дзён плакаў падснежнік. Велізарны цяжар быў у яго на сэрцы, і пачуццё віны не пакідала яго яшчэ вельмі доўга. Але аднойчы падснежнік адчуў, што хтосьці яго далікатна гладзіць і супакойвае. Ён аглянуўся і ўбачыў побач з сабой прыгожую страказу з фіялетавымі крылцамі. Ён пазнаў у ёй фіялку.
    – Не плач, я зусім не крыўджуся на цябе, – сказала страказа. – Бачыш, я зноў жыву, давай сябраваць?
    З тых часоў шматлікія кветкі дзівіліся незвычайнай страказе з фіялетавымі крылцамі, якая чамусьці нікуды не адлятала ад самага звычайнай белага падснежніка. Травінкі нават пасмейваліся над недарэчнай страказой, якая нават у спякоту не хавалася, як усе, у цень, а клапатліва абмахвала падснежнік сваімі цудоўнымі фіялетавымі крылцамі.
    Калі вецер пачуў гэтую гісторыю, ён раззлаваўся на траву, якая здзекавалася над страказой і падснежнікам. Калі ён пралятаў над травой, то прымяў яе трохі і прашаптаў:
    – Цішэй ты, бессардэчная, цішэй! Яны кахаюць адзін аднаго. Толькі сапраўднае каханне здольна да такой ахвяры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.