ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Вера – наш адказ Богу

На шляху да святасці

У апошні час, у сувязі з тым, што каталіцкі Касцёл перажывае Год веры, паўстае шмат публікацый, якія стараюцца заахвоціць верніка глыбей і больш свядома адносіцца да свайго духоўнага жыцця, да сваёй рэлігійнасці, адным словам – да сваёй веры. Аднак, трэба адзначыць, што ініцыятывы Касцёла на дадзеную тэму не маюць характару нейкай агітацыі!
Безумоўна, Касцёл, маючы наказ ад самога Езуса Хрыста “ісці і абвяшчаць Евангелле ўсім народам”, мае выразна місіянерскі характар, сутнасць якога ў тым, каб данесці Збаўчую Праўду да кожнага чалавека. Але, як падказваюць статыстыкі і розныя даследаванні, на свеце існуе вялікая колькасць людзей, для якіх вера – не пустое слова. Па афіцыйных даных, на дадзены момант саміх толькі католікаў больш за мільярд! Аднак, нягледзячы на такую пазітыўную статыстыку, вера для многіх ператвараецца ў да нічога не абавязваючую фармальнасць альбо, у лепшым выпадку, у сямейную традыцыю. На маю думку, Святы Айцец, абвяшчаючы гэты год Годам веры, хоча нагадаць самім хрысціянам сапраўднае значэнне хрысціянскай веры.
Як падказвае нам катэхізіс, “...акт веры – гэта людскі чын, акт чалавечага розуму, які пад уздзеяннем Божай ласкі дабравольна згаджаецца з Божай праўдай. Акрамя таго, вера бясспрэчная, бо заснавана на Божым слове і дзякуючы яму ўзрастае”.
    На жаль, вельмі часта многія з нас падыходзяць да веры несвядома, павярхоўна, зводзячы веру да прызнання пэўнай дагматычнай дактрыны ці розных адпаведных “вучэнняў” Касцёла. Пры гэтым па-за нашай увагай застаецца той факт, што акт веры – гэта, перш за ўсё, асабістае спатканне з Хрыстом ці, інакш кажучы, асабісты адказ чалавека Богу. У біблійнай тэрміналогіі для таго, каб падкрэсліць гэты факт, выкарыстоўваецца слова “metanoia”. Звычайна яно перакладаецца як “пакаянне” ці “навяртанне”. Аднак сэнс гэтага тэрміна больш глыбокі і азначае не толькі пакаянне або жаль за грахі, але таксама поўную перамену сэрца. “Мetanoia” – гэта свайго роду акт стварэння, які поўнасцю змяняе сістэму каштоўнасцей чалавека, дае яму магчымасць па-новаму паглядзець на сябе як на асобу, якую любіць і аберагае Бог, нягледзячы нават на яе грахоўнасць.
    Калі гэты акт сапраўдны, то яго лагічным наступствам будуць добрыя ўчынкі. Ён не можа быць зведзены толькі да прыняцця Бога і даверу Яму. Наша каталіцкая традыцыя вельмі сур’езна ўспрымае словы апостала Якуба, што “без учынкаў вера мёртвая”!
    У такім кантэксце наш падыход да веры кардынальна змяняецца. Нездарма Святы Айцец Бенедыкт XVI у сваім Апостальскім лісце “Porta fidei” заахвочвае нас шукаць сапраўдную дарогу веры, каб паказаць радасць і энтузіязм спаткання з Хрыстом! Вера перастае быць чымсьці цяжкім, панурым, перастае быць толькі выконваннем шматлікіх канонаў і наказаў. Многія хрысціяне забыліся, што вера можа быць радаснай прыгодай шукання і спаткання Бога ў сваім жыцці! Таму перад намі вялікая місія быць “спецыялістамі па веры”, сведкамі таго, як можна сустрэць Хрыста ў сваім жыцці, і яшчэ большымі сведкамі таго, што з гэтым Хрыстом можна жыць!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.