ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Дзякуем за таленты і “малюем” карціну жыцця

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Сустракаемся з Вамі ўпершыню ў новым 2013 годзе. Прыемна адзначыць, што мы крочым далей, працягваем удасканальвацца. Яшчэ раз дзякую ўсім тым, хто не пакідае нашу суполку чытачоў рубрыкі “На скрыжаванні”.
    Сёння Вас чакае цікавая мазаіка. Разважаем над талентамі і каштоўнасцямі асабістага жыцця. Скідаем кажух раўнадушша і грэемся з кубачкам гарбаты. Задумваемся над жыццём і робім нейкія высновы. Гэтаму, згадзіцеся, спрыяе надвор’е і зімовы настрой. У рубрыцы таксама прадстаўлена песня польскай спявачкі. Добрага баўлення часу на старонках газеты “Слова Жыцця”.
    З Богам!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Той, хто атрымаў пяць талентаў, пайшоў, ужыў іх у справу і атрымаў другія пяць талентаў”
(Мц 25, 16).
    Бог праз нас здзяйсняе вялікія справы. І таго, хто гатовы “да супрацоўніцтва” з Ім, Бог заахвочвае, а таго, хто выкарыстоўвае свае здольнасці і магчымасці не на карысць Божай справе, пазбаўляе таго, чым узнагародзіў першапачаткова.
    Прыйшоў час задумацца: а ці ўжываю я свой талент, каб услаўляць Божае імя? Калі не, то, можа, прыйшоў час развітацца з тым, што робіць мяне асаблівым? Ці не шкада? Ёсць час усё змяніць.

   Мэта месяца: азірнуцца навокал

    Мы часам не бачым, што дзеецца вакол нас. Або не хочам бачыць. Хоць і можам нешта змяніць, прапанаваць, а, бывае, маўчым, застаёмся раўнадушнымі. Калі задумацца, Бог не выпадкова “зводзіць” нас з пэўнымі людзьмі, “прапаноўвае” нейкія сітуацыі. Іншымі словамі, усё, што з намі здараецца ў жыцці – не выпадковасць. Атрымліваецца, што менавіта мы павінны быць менавіта тут і менавіта зараз. Адно з двух: або сітуацыя павінна паўплываць на нас, або мы на яе. Наша задача – правільна зразумець жыццёвы ўрок.
        
   Інтэнцыя месяца: каб у гэтым Годзе веры хрысціяне маглі паглыбіць свае веды ў таямніцы Хрыста і радасна сведчыць пра дар веры ў Яго

    З 11 кастрычніка па 24 лістапада 2013 года папа Бенедыкт ХVI абвясціў у каталіцкім Касцёле Год веры. Варта, каб хрысціяне нястомна ўдасканальваліся ў пазнанні Хрыста. Вернымі спадарожнікамі ў гэтай справе могуць стаць жаданне, сілы і, канешне, добрая малітва.
     
 
 Асоба месяца: святы Адзілон Клюнійскі

    Нарадзіўся ў далёкім 964 годзе ў знатнай сям’і. У юнацтве паступіў у семінарыю. Атрымаў сан святара, склаў манаскія абяцанні. У 991 годзе прызначаны памочнікам абата Маёля, у 994 годзе – абатам Клюні. Пад яго кіраўніцтвам манастыр развіваўся. Колькасць манастыроў у кангрэгацыі пры Адзілоне ўзрасла амаль у два разы! У самім манастыры ў Клюні адбывалася маштабнае будаўніцтва. Была пабудавана базіліка Клюні. Бібліятэка пры манастыры была адной з найбуйнейшых у Еўропе пры Адзілоне. Ён жа прадаўжаў Клюнійскую рэформу (супраць умяшання свецкіх улад у царкоўнае жыццё). 9 разоў падарожнічаў у Італію. Прымаў удзел у будаўніцтве сабораў. Падчас голаду ў 20-30-х гг. ХІ стагоддзя дапамагаў людзям, якія жылі ў нястачы. Адзілон увёў паняцце Мір Божы, што азначала спыненне міжусобіц у царкоўныя святы. Усталяваў свята Усіх Свя­тых, якое затым стала агульнацаркоўным. Карыстаўся аўтарытэтам. Даследчыкі падкрэслівалі мяккі і міласэрны характар Адзілона. Памёр 1 студзеня 1049 года падчас візітацыі кляштара Савіньі. Дзень яго памяці ў каталіцкім Касцёле – 2 студзеня.
   
   Прадмет разважанняў месяца: каштоўнасці
    Якія для мяне існуюць каш­тоў­насці? Ці вартыя яны таго, каб прытрымлівацца іх? Ці з’яўляюцца яны правільным арыенцірам па жыцці?
    У адказ на гэтыя пытанні з’явіцца наглядная карціна, да якой можна дадаць колеры, замаляваць непатрэбнае або дамаляваць тое, чаго не хапае.

   Справа месяца: застацца адзін на адзін са сваімі думкамі
    Надвор’е, здаецца, як раз гэтаму спрыяе. Марозным вечарам наўрад ці хочацца выйсці на вуліцу. Пасядзець бы ў цяпле каля печы з кубачкам гарбаты. Пасядзець, паўспамінаць, паразважаць... Паверце, гэта даволі карысная справа, калі падысці да яе сур’ёзна.
    Задумацца, што паспеў – не паспеў, дзе “прамахнуўся”, памыліўся, дзе адчуваеш гонар за сябе, аб чым не шкадуеш. Глыбокі аналіз зімовым вечарам можа адкрыць вочы на незаўважнае, накіраваць у патрэбным накірунку і прымусіць рухацца.
   
  

Кніга месяца: “Жыццё Езуса Хрыста. Героі Новага Запавету”

    Кніга напісана ў стылі маляванай гісторыі, комікса. Даволі распаўсюджанае чытанне сёння, дарэчы, сярод дзяцей і моладзі. Кніга распавядае пра жыццё Езуса Хрыста ад нараджэння да паклікання дванацацці Апосталаў. Чытаецца лёгка, хутка, цікава.
    Безумоўна, спадабаецца дзецям. Але будзе цікавая і карысная дарослым, якія па прычыне недахопу часу не могуць надаць належную ўвагу чытанню Бібліі.
   
    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: У мяне цудоўныя бацькі”, Уршуля Сіпіньская
    Цудоўная песня польскай спявачкі аб удзячнасці бацькам. Прызнанне з калыскі да прабачэння злосці ў сталым узросце. Бацькі – і сябры, і настаўнікі. Тыя, хто адкрыў свет і ўвесь час падтрымліваў. Мелодыя нагадвае калыханку. Незаўважна пачынаеш “падтрымліваць” спявачку ў выкананні песні.
    Упэўнена, нешта ў Вашай душы павінна зварухнуцца.

 

Добрага Вам настрою на новы 2013 год.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.