ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Сям'я ў Год веры

На шляху да святасці

Перажываючы па волі Святога Айца Год веры, трэба ўзгадаць, што ёсць два асаблівыя месцы, дзе Кс. Максім  Бачарнікаў SCJнаша вера нараджаецца і развіваецца. Першае з іх – гэта сям’я, што з’яўляецца хатнім Касцёлам, а другое – супольнасць, сабраная вакол святара, парафія.
    Першае месца жыцця Касцёла створана ў выніку сакраманту сужэнства, другое – сакраманту святарства. З сям’і выходзяць мужчыны і жанчыны, моладзь і дзеці, ідучы на працу, ва ўніверсітэты і школы, дзе яны хочуць не толькі выконваць свае абавязкі, але і несці Хрыста і Яго навуку. Кожную нядзелю тыя самыя хрысціяне выходзяць з касцёлаў пасля святой Імшы, узмоцненыя словам і Эўхарыстыяй, каб быць сведкамі Хрыста ў сям’і і грамадстве.
   Пераацэнку двух гэтых вымярэнняў прадстаўлення Бога, якімі з’яўляюцца сям’я і парафія, трэба нанова правесці ў Год веры. Да гэтага нас таксама змушае дзень 30 снежня, калі ўвесь Касцёл ужо амаль на працягу стагоддзя ўзгадвае Святую Сям’ю: Езуса, Марыю і Юзафа. Божы Сын нарадзіўся і выхоўваўся ў поўнай сям’і. Падобна, як нашыя сем’і, Святая Сям’я змагалася з многімі цяжкасцямі з самага свайго пачатку. Ужо на старце яна была падвергнута цяжкаму выпрабаванню, калі Марыя зацяжарыла. Калі б не выразны Божы намер, іх сям’я, хутчэй за ўсё, распалася б раней, чым пачала існаваць.
    Нараджэнне Езуса ў стайні, няздольнасць Юзафа забяспечыць Марыі лепшыя ўмовы для нараджэння дзіцяці, уцёкі ў Егіпет, сціплае жыццё ў Назарэце, ранняя – як падае традыцыя – смерць Юзафа... Як жа далёка гэтай Святой Сям’і было да людскога разумення ідэальнай сям’і. Аднак жа, гэта ідэальная сям’я, таму што яна святая. Сям’я становіцца святой, калі адносіны ў ёй будуюцца на моцным фундаменце, якім з’яўляецца любоў, вернасць і ўзаемапавага. Таму абавязкова трэба слухаць Бога, любіць Яго і выконваць Яго волю, нягледзячы на вялікія, аб’ектыўныя цяжкасці.
    Святая Сям’я – гэта вельмі моцны знак, які Бог дае нам асабліва сёння, у час крызісу сям’і. Гэты заклік накіраваны кожнаму з нас: падтрымлівайце і ратуйце сем’і. Гэта таксама заклік, накіраваны сем’ям: глядзіце на Святую Сям’ю і бярыце з яе прыклад!
    Давайце паглядзім, якія магчымасці могуць выкарыстаць у Год веры нашыя сем’і. У сям’і перадача веры малодшаму пакаленню абапіраецца на здаровы прыклад дарослых, г.зн. бацькоў. У бацьках дзеці бачаць мудрых правадыроў, сяброў і сведкаў на дарозе веры. У сувязі з гэтым, Год веры трэба было б перажываць так, каб тое, у чым удзельнічаюць бацькі, дапамагала дзецям, а тое, што прызначана для дзяцей, упісвалася ў перажыванні дарослых.
    У гэтыя супольныя перажы­ванні вельмі добра ўпісваецца падрыхтоўка самых малодшых членаў сям’і да першага поўнага ўдзелу ў святой Імшы, святкаванне гадавіны I Камуніі. “Сушыце сена, пакуль сонца свеціць”, – казаў св. Ян Боска. Гэта непаўторны момант, калі фарміраванне веры дзіцяці моцна залежыць ад прыкладу старэйшых асоб у сям’і. Таму пажадана, каб у сем’ях на працягу дня было месца і час для кароткай, але супольнай малітвы разам з блізкімі. Ці ў маёй сям’і мы сустракаемся разам на малітве? Калі не, то няхай гэта будзе задачай для ўсёй сям’і на гэты Год веры.
    Дзіцяці ад бацькоў патрэбна сведчанне аб тым, што вера для іх вельмі важная. Гэтым сведчаннем дарослага з’яўляецца таксама просьба, накіраваная да дзіцяці, памаліцца за яго падчас Года веры, і прыняцце ад яго такой просьбы. Колькі так насамрэч у нашых парафіях ёсць каталіцкіх сем’яў, дзе бацькі і дзеці рэгулярна моляцца адзін за аднаго?
    Абавязкова таксама быць разам з дзецьмі ў іх інтэлектуальных намаганнях, чытаць разам з імі рэлігійныя часопісы, жыва цікавіцца тым, што ў апошні раз было на катэхезе.
    Але нішто ў будаванні веры і цёплых сямейных адносін не заменіць супольнага перажывання нядзельнай св. Імшы ў сваёй роднай парафіі. Як гэта прыгожа і павучальна для святара (і, думаю, не толькі), калі ён бачыць цэлыя сем’і ў зборы на нядзельнай Эўхарыстыі. Вельмі добра для сям’і супольна перажываць сямейныя ўрачыстасці, такія, як Дні нараджэння і імяніны дзяцей і бацькоў, а таксама гадавіны сакраманту сужэнства бацькоў падчас св. Імшы ў роднай парафіі. Гэта адначасова сведчане веры сям’і і доказ любові Бога, да якога прыйшлі падзякаваць за такія вялікія дары.
    Дарагія Чытачы, а перш за ўсё Бацькі! Прыведзеныя Вам гэтыя важныя падказкі, якія вынікаюць з касцёльных дакументаў і майго асабістага душпастарскага вопыту, няхай дапамагаюць у тым, каб нашыя сем’і былі ўсё больш падобныя да Святой, г.зн. ідэальнай Сям’і.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.