ГРОДНА
Нядзеля,
08 снежня
2024 года
 

Звычайная святасць дзяцінства

На шляху да святасці

малюнак аўтараЦіхая ноч. На зямлю павольна апускаюцца нібы лёгкія пярынкі ад анёльскіх крылаў... і ахінаюць усё навокал мяккай бялюткай коўдрай, якая крыху паскрыпвае пад нагамі так, што здаецца, быццам нехта спявае ледзьве чутную калыханку, жадаючы ўсім салодкіх сноў. На небе ні хмурынкі, толькі мігцяць зоркі, малюючы ва ўяўленні дзівосныя мроі з сусвету казак, і месяц шчодра лье сваё святло на заснуўшую зямлю. Мяккі прыемны марозік таксама спявае сваю песню на розныя галасы: на люстраным возеры – адну, каля звонкай непадуладнай яму крынічкі – другую, у заснежаным лесе – зусім іншую. Чароўная ноч – нібы нібыліца... Магчыма, менавіта такой, поўнай баечных цудаў, яна і была больш за дзве тысячы гадоў таму. Безумоўна адно – тая ноч поўнілася лёгкім ззяннем звычайнай святасці. У беднай стайні ў Бэтлееме нарадзілася Дзіця – Божы Сын.
Неўзабаве мы будзем адзначаць адно з галоўных хрысціянскіх свят – Божае Нараджэнне. Гэта, бадай, адно з нешматлікіх свят, якога я кожны год чакаю з вялікім нецярпеннем. Менавіта з ім у мяне звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Некаторыя людзі чакаюць свайго Дня нараджэння, некаторыя, напрыклад, – Дня святога Валянціна, хтосьці з заміраннем сэрца ўжо адлічвае дні да Новага года, а я з самага дзяцінства кожны год чакаю свята Божага Нараджэння. Прычым, чакаю, пачынаючы ўжо з 26 снежня.
    Адгортваю старонкі памяці... Кожны год у вігілію Божага Нараджэння ўсе мы збіраемся ў старэнькай, але такой цёплай і ўтульнай хатцы – у доме бабулі і дзядулі, у тым фамільным гняздзе, адкуль некалі кожны ў свой час накіраваўся ў самастойнае жыццё. (Збіраемся мы, канешне ж, не толькі ў гэты вечар, але ў вігілію гэтая сустрэча нейкая асаблівая). Цяпер жа ўся гэтая грамада – у бабулі з дзядуляй 6 дзяцей і 11 унукаў, а ў хуткім часе будуць ужо і праўнукі – збіраецца пад адным дахам. Радасць блішчыць на кожным твары – як старым, так і зусім яшчэ маладым, яна бачна ў кожных вачах – як заўсёды сур’ёзных і сталых, так і бесклапотных дзіцячых. Усе з нецярпеннем чакаюць... Пасля супольнай малітвы сядаем за вігілійны стол. Пад белым абрусам сена, якое дзядуля ў вялікім сіце прыносіць з хлява, на стале свечка – святло народжанага Хрыста, і заўсёды смачныя вігілійныя стравы. Дзесьці бліжэй да дванаццатай гадзіны едзем у касцёл (ён у суседняй вёсцы) на пастэрку. Велічная святыня ў святле ліхтароў і месяца выглядае проста фантастычна. Адчыняеш дзверы... і нібы трапляеш у Бэтлеем. Памятаю, як у мяне малой проста захоплівала дух і станавілася вельмі хораша і спакойна на душы. Ва ўсім касцёле пануе атмасфера чакання цуду, і ўсе ведаюць, што ён вось-вось адбудзецца. Касцёл асвятляюць толькі залацістыя і блакітныя агеньчыкі і свечкі, навокал цішыня, а каля алтара сапраўдная бэтлеемская стайня. Пад драўлянай павеццю Маці Божая і св. Юзаф схіляюцца над пакуль яшчэ пустымі яслямі; пастушкі, мудрацы з дарамі і нават жывёла – усе прыйшлі прывітаць Дзіця; анёлы над дахам узносяць хвалу Богу; ззяе зорка, якая нясе вестку аб нараджэнні Хрыста... І вось, звініць званочак, і да алтара накіроўваецца працэсія: ксёндз нясе на руках маленькае Дзіцятка, укрытае пялёнкай, кладзе Яго ў яслі, а ўсе вернікі становяцца на калені, вітаючы Божага Сына, і спяваюць “Ціхая ноч”. Урачыстая святая Імша, поўны касцёл вернікаў, калядныя песні, малітвы... і ўсё для Яго – для Божага Дзіцяці. Вяртаемся дадому, а там так цёпла і прыемна пахне ёлкай. А раніцай зноў малітва і святочнае сняданне... І такая асаблівая цеплыня, радасць і лёгкасць напаўняюць сэрца, што, здаецца, за плячыма неўзабаве вырастуць крылы і ўзляціш над зямлёй, спяваючы і славячы Бога.
    Галоўнае, аднак, – тое, што мы святкуем прыход на зямлю святога Дзіцяці, Збаўцы свету, Жывой Надзеі, Уцелаўлёнай Любові, Нязгаснага Святла, Таго, хто аддаў на крыжы жыццё за грахі ўсяго свету, за мае грахі, Таго, хто заўсёды чакае кожнага чалавека і прагне прытуліць да сябе нават самага зацятага грэшніка, гатовага пакаяцца ў сваіх грахах, Таго, хто напаўняе нас супакоем і надае сэнс нашаму існаванню – Езуса. І прысвяціць Дзень Яго нараджэння, напрыклад, хаджэнню па магазінах у пошуках падарункаў на Новы год ці ляжанню перад тэлевізарам і прагляду розных забаўляльных тэлепраграм, якіх якраз у гэты час хапае, – гэта, на маю думку, проста злачынства нейкае. Трэба кожную хвіліну дзякаваць Богу за Яго дабрыню і любоў да нас, за Яго цудоўны нам падарунак – за Езуса!
    Gloria, gloria in excelsis Deo!..

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  24

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.