ГРОДНА
Чацвер,
05 снежня
2024 года
 

Год веры і дзеці

На шляху да святасці

11 кастрычніка 2012 г. Святы Айцец Бенедыкт XVI урачыста абвясціў у Касцёле ГОД ВЕРЫ. Папа заклікае ўсіх вернікаў: старэйшых людзей, дарослых, моладзь і асабліва дзяцей да плённага перажывання гэтага перыяду. Дзеці – будучыня Касцёла, таму важным з’яўляецца развіццё і ўмацаванне веры чалавека ўжо з самага дзяцінства. Таму я хачу звярнуцца да дзяцей і дарослых, каб разам разважыць гэтае важнае пытанне, якім з’яўляецца ВЕРА.
Дарагі Малады Чытач!
    Я спадзяюся, што Ты любіш адкрываць сакрэты, таямніцы, штосьці невядомае і цікавае для сябе. Ты, хіба, ведаеш, што пазнаваць свет і атрымліваць новы вопыт – гэта цудоўна. Таму запрашаю Цябе, дарагі Сябар, перажыць ПРЫГОДУ АДКРЫЦЦЯ ДЗВЯРЭЙ, ужываючы незвычайны ключ. Разам з Табой мы будзем пазнаваць Пана Езуса і пастараемся ўмацаваць нашу веру. На дапамогу нам прыходзіць Папа Бенедыкт XVI. Гэта асаблівы час, у якім пры дапамозе “ключа” мы можам адчыняць чарговыя дзверы, што вядуць да Езуса. Ты, напэўна, думаеш, што гэта за ключ. Гэта... ВЕРА.
Вера – гэта вялікі дар. Трэба яго захоўваць, клапаціцца аб ім, але таксама важная справа – хацець атрымаць гэты “ключ”. Самі Апосталы, блізкія вучні Пана Езуса, шмат разоў звярталіся да Яго: “Павяліч нашу веру!” Павяліч – значыць, дай нам больш. Кожнаму чалавеку патрэбна вера, як даросламу, так і дзіцяці. Год, які абвясціў папа Бенедыкт XVI, з’яўляецца вялікай прыгодай веры, на якую запрошаны таксама і Ты. ШТО ТАБЕ ТРЭБА ЗРАБІЦЬ? Я заахвочваю Цябе, каб Ты разам з бацькамі пайшоў да Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. Скажы Яму, што Ты хочаш Яго пазнаваць на занятках рэлігіі, у школе, падчас нядзельнай св. Імшы, а таксама, што Ты прагнеш любіць Яго. Застанься на хвіліну адарацыі, бо гэта асаблівы час Тваёй сустрэчы з найлепшым Сябрам – Езусам. Падчас адарацыі Ён будзе глядзець на Цябе, а Ты на Яго. На канец сустрэчы з Панам Езусам памаліся “Малітвай дзіцяці на Год веры”:
    “Пане Езу, прашу Цябе, дадай мне веры ў тое, што Ты жывеш у маім сэрцы і ў сэрцах іншых людзей, якіх я павінен любіць, як Ты іх любіў. Дапамажы мне старанна пераймаць Цябе. Пане, павяліч маю веру. Амэн”. “Дзверы веры”, якія нам з Табой трэба адчыніць нашым “ключом”, ужо адчынены для кожнага, і для Цябе таксама. Так сцвярджае папа Бенедыкт XVI. Але памятай, што Цябе праз гэтыя дзверы правядуць бацькі. Кожнаму з нас патрэбны мудрыя дарослыя праваднікі, сябры і сведкі на дарозе веры. Таму Ты павінен слухацца сваіх бацькоў, шанаваць іх і не рабіць ім нейкіх непрыемнасцей. Наадварот, старайся зрабіць ім штосьці прыемнае, дапамагчы ім дома ды і проста быць радасцю для іх.
   
    Дарагія Бацькі! Паважаныя Дарослыя!
    Ці ведаеце Вы, што дзеці для развіцця сваёй веры патрабуюць Вашай дапамогі. Спачатку размовы і супольнай малітвы. Затым сведчання, што вера для Вас вельмі важная. Варыянтам Вашага сведчання можа быць Ваша просьба, накіраваная да дзіцяці, аб малітве за Вас падчас Года веры і прыняцце Вамі такой жа просьбы ад Вашага дзіцяці. Стварыце для дзіцяці магчымасць удзелу ў адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Разам з Ім адаруйце Пана Езуса.
    Памятайце, што ў час сталення дзіцячая вера непера­канаўчая, таму што дарослыя перастаюць быць для падлеткаў аўтарытэтам. Малады чалавек хоча сам сфарміраваць асабістыя перакананні. Змяняецца ў яго і спосаб адчування Бога. Бывае, што пачуцці проста знікаюць ці пераўтвараюцца ў негатыўныя, таму што Бог успрымаецца як пагроза для свабоды, якую малады чалавек хоча атрымаць. Таму не трэба здзіўляцца, што падлетак, які не ўсвядоміць сабе, што з ім адбываецца, аднойчы, на сваё здзіўленне, на пытанне, ці веруючы ён, адкажа “не” або “ў мяне праблемы з верай”. Што тады? Як трэба адрэагаваць? Не трэба ўпадаць у паніку. Вера – гэта вельмі важная справа ў жыцці чалавека. Абавязкам кожнага з’яўляюцца паводзіны згодна з асабістым сумленнем і пошукі праўды. Калі чалавек верны гэтым правілам, можна быць спакойным за яго. Бог не застаецца абыякавым, калі хтосьці адкрываецца на Яго. Першым абавязкам веруючых бацькоў, якія непакояцца, што іх дзіця адыходзіць ад веры, з’яўляецца яшчэ мацнейшая асабістая прывязанасць да Пана Езуса. Таму мы павінны ўважліва і з вялікай пашанай слухаць тое, што дзіця з самых малодшых гадоў гаворыць аб веры. Нельга абыякава адносіцца да слоў дзіцяці і тады, калі яно крычыць ці гаворыць відавочныя глупствы. У гэтым слуханні не можа быць ні раздражнення, ні спачування. Не трэба надзяваць на сябе маску хадзячага ідэала ў такіх размовах і залішне іранізаваць, таму што дзіця лёгка распазнае такія паставы. Будзьце сумленнымі і празрыстымі ў адносінах з Вашымі дзецьмі, не забывайцеся пра сямейную малітву, і я спадзяюся, што дзякуючы гэтаму Ваша вера і вера Вашых дзяцей будзе ўзрастаць.
    Як бачым, развіццё веры, асабліва ў дзяцей, – нялёгкая справа. Таму тут неабходны намаганні бацькоў, спалучаныя з паставай дзяцей, а перш за ўсё, неабходна дапамога ласкі Божай. Дык давайце прасіць Бога аб ласцы веры для кожнага з нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  27

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.