ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах

Парафіі і святыні

Дэканат Ашмяны
Касцёл пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла зафундаваны ў сярэдзіне XVI ст. (у 1550 г. пазначаны як ужо дзеючы) Генрыкам Дукшам і Даўгірдам. Напрыканцы XVI ст. быў пераабсталяваны пад кальвінскі збор, аднак у 1646 г. намаганнямі каноніка кс. Паўла Клянчкоўскага святыня ізноў стала касцёлам (католікі пабудавалі новы храм, а струхнелы буданак кальвінскага збору стаяў яшчэ ў 1716 г.). Падчас “нашэсця” маскоўскія войскі знішчылі касцёл. Новую святыню адбудавалі ў 1692 г. на сродкі дачкі Багуслава Радзівіла.
    Першапачаткова святыні былі драўлянымі, а дзеючы і сёння неагатычны касцёл з чырвонай вонкавай цэглы быў пабудаваны ў 1854-75 гг. на сродкі тагачаснага ўладальніка мястэчка і дзедзіча Навасёлак графа Адама Карлавіча Гуттэн-Чапскага і яго сына, таксама Адама, з дапамогай парафіян. Першае набажэнства адбылося 12 снежня 1875 г. (побач да 1884 г. яшчэ стаяла былая часовая драўляная капліца, потым разабраная на агароджу касцёла).

    Касцёл уяўляе сабою трохнававы аднавежавы прамавугольны ў плане будынак з “рымскай”, таксама прамавугольнай, апсідай і дзвюма сакрыстыямі пры ёй, перакрыты адзіным двухсхільным дахам. Над сакрыстыямі змешчаны малітоўныя ложы фундатараў. Сцяна галоўнага фасада завершана атыкам з пінаклямі, галоўны ўваход пазначаны трох’яруснай чацверыковай вежай-званіцай, апошні васьмігранны ярус якой крыху непрапарцыянальны, што гаворыць аб недасканалым завяршэнні будаўніцтва. У інтер’еры над уваходам змешчаны хоры з арганам. Пад алтарнай часткай была зроблена крыпта (сёння тут кацельня). У архітэктурным плане асабліва цікавае злучэнне дэкора цагляных стрэльчатых аркатур (што характэрна для беларускага дойлідства часоў пераходу ад готыкі да ренесансу) з бутавай муроўкай на фасадах касцёла.
    Інтэр’ер Пятра-Паўлаўскага касцёла падзелены на тры навы пяццю парамі васьмігранных магутных калон (на сярэдняй справа знаходзіцца драўляны гранёны амбон). Будынак перакрыты ў цэнтральнай наве цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках з кесонамі, а ў бакавых – крыжовымі, таксама на арках з кесонамі. Падлога выкладзена з паліхромных керамічных плітак.
    Сёння касцёл упрыгожваюць 3 алтары. У галоўным алтары, выкананым у стылі барока, змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Балеснай, паміж падвойных высокіх калон усталяваны фігуры св. Казіміра (злева) і св. Яна Непамуцэна. У бакавым алтары ў левай наве змешчаны абразы св. Антонія і стыгматаў св. Францішка. У правым – св. Яна Хрысціцеля.
    Да жупранскай парафіі ў сярэдзіне ХIХ ст. прыпісвалася мясцовая капліца. Аднак пасля яна больш не ўзгадвалася, магчыма, яна стаяла на мясцовых могілках, дзе пахаваны вядомы паэт Францішак Багушэвіч (+1900). “За польскім часам” да парафіі далучылася капліца ў Куцавічах. У тыя гады парафія налічвала больш за 7000 вернікаў.
    У 1970-х гг. касцёл, які ніколі не спыняў сваёй дзейнасці, залічаны да помнікаў архітэктуры. За касцёлам захаваўся будынак былой плябаніі, сёння тут катэхічны цэнтр, а ксёндз жыве ў звычайнай хаце ў вёсцы. З 1981 г. парафію абслугоўваюць айцы салезіяне.
   
    Куцавічы
    Мясцовая драўляная капліца была ўзведзена ў цэнтры вёскі, на скрыжаванні каля шашы Ашмяны – Баруны, у першай палове ХIХ ст. Адназрубная з трохграннай алтарнай часткай святыня была перакрыта двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над алтаром. Уваход пазначаўся трох’яруснай крухтай-званіцай.
    У 1920-30-я гг. капліца прыпісвалася да жупранскай парафіі (аднак дагэтуль у спісах каталіцкіх святынь яна пакуль не выяўлена. Затое ў 1880-я гг. Чэслаў Янкоўскі апісвае капліцу як царкву. Магчыма, яе зрабілі царквой у 1864 г. ці яшчэ ў 1839 г., адабраўшы ў грэка-католікаў, а ў 1920-я гг. зноў вярнулі католікам). У 1980-х гг. ужо зачыненая калгаснай уладай святыня была залічана да помнікаў архітэктуры. Аднак гэта не захавала яе ад знішчэння праз некалькі гадоў. Захаваліся толькі некалькі валуноў ад падмурка і два-тры надмагільныя помнікі ў глыбіні ўчастка.
    Мясцовыя жыхары ўзгадваюць яшчэ прыдарожную бутавую каплічку з выявай Маці Божай, якая калісьці стаяла на ўсходняй ускраіне вёскі.

 

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.