ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

200 год касцёлу Найсвяцейшай Тройцы ў Забалаці

З жыцця Касцёла

Нештодзённы юбілей адбыўся ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 25 лістапада ў парафіяльнай супольнасці ў Забалаці. Усе парафіяне разам са сваім пробашчам кс. дзеканам Генрыкам Яблоньскім у гэты дзень дзякавалі за дар 200-годдзя святыні, а ўрачыстасць узначаліў пастар дыяцэзіі.
Уласна ўрачыстасць трывала ўжо на працягу тыдня, бо яе папярэджвалі святыя місіі, якія ў парафіі праводзілі айцы рэдэмптарысты: а. Валерый Мазан і а. Андрэй Ядкоўскі. Як адзначылі на пачатку ўрачыстай св. Імшы місіянеры, запоўнены храм з’яўляецца сведчаннем веры кожнага з нас. Да шчырага перажывання юбілею заклікалі вернікаў місіянеры. Перад літургічным зваротам біскупа, усіх на пачатку св. Імшы прывітаў кс. дзекан Генрык Яблоньскі. Ён вітаў прыбылых на ўрачыстасць святароў, ксяндзоў з мясцовай парафіі, прадстаўнікоў мясцовай улады, дзяцей і моладзь, а таксама ўсіх вернікаў, голас якіх у гэты дзень быў чутны і па-за мурамі святыні, паколькі яна нават не змясціла ўсіх. Кс. Генрык узгадаў таксама гісторыю гэтай цудоўнай святыні, а ўзгадаць сапраўды было што.
Першы драўляны касцёл быў пабудаваны тут у 1622 годзе, яго фундатарам была сям’я Нарбут. У 1812 годзе быў асвечаны новы мураваны касцёл, які зафундавала сям’я Тышкевічаў. За часы камунізму ў касцёле была прадуктовая крама, а напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя ўлады прынялі рашэнне знішчыць касцёл. Аднак гэтага не дапусцілі людзі. Старэйшыя парафіяне асаблівую заслугу ў гэтым прыпісваюць мясцоваму міліцыянеру, якога ведалі як чалавека справядлівага і сумленнага. Ён сказаў тады: “Не вы яго будавалі, не вы яго і нішчыць будзеце”. Так да сённяшняга дня гэты найпрыгажэйшы дар святыні цешыць вока і сэрца кожнага, хто ў яго трапляе. Разам з кс. біскупам Аляксандрам усе вернікі перапрашалі Бога за грахі, спявалі гімн хвалы, а таксама слухалі Божае слова ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Гамілію прамовіў а. Андрэй, які спытаў прысутных, што будзе далей з іх верай. Казнадзей нагадаў усім аб сведчанні веры, асабліва ён прасіў бацькоў даваць такое сведчанне, якога патрабуе сённяшні свет – малітвы і ахвярнасці. А вернікі падчас вызнання веры, узносячы свае крыжы ўгору, указалі найважнейшую вартасць свайго жыцця.
    У гэты дзень у гэтай святыні не бракавала малітвы. Вуснамі забалоцкіх парафіян яна была пакладзена на ахвярную патэну, якую, як і іншыя дары, падарылі самі парафіяне, а пастар дыяцэзіі ўзносіў свае просьбы да Бога за ўсіх вернікаў гэтай парафіі. Пасля прыняцця св. Камуніі і адгаворвання літаніі ў такую цудоўную ўрачыстасць гучала шмат прыгожых і цёплых слоў. Пробашч дзякаваў парафіянам, дзеці і моладзь – прысутным гасцям, мясцовая ўлада – усім за дар святыні. На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз біскуп прасіў усіх занесці прывітанне ў свае хаты, а таксама цешыцца ў Год веры гэтым цудоўным дарам святыні.
    У гэты дзень была і малітва, і гісторыя, і культура. Гісторыя касцёла была прадстаўлена падчас мультымедыйнай прэзентацыі, а на заканчэнне ўрачыстасці адбыўся цікавы канцэрт рэлігійнай песні.
    Выхваляючы Бога за дар 200-годдзя святыні, я падумаў, што многія ўдзельнікі ўсведамляюць, што кожны з іх з’яўляецца жывым касцёлам, які, нягледзячы на тое, што яму няма 200 гадоў, з’яўляецца апосталам Хрыста, каторы валадарыць у сэрцах усіх вернікаў.
    Варта адзначыць, што ў апошнія гады быў праведзены грунтоўны рамонт касцёла, шмат што было зменена і адноўлена. Але перш за ўсё, гэта быў духоўны рамонт нашых сэрцаў, якія ў гэты дзень былі адноўлены ў прыгожай святыні, у якой хочацца маліцца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.