ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Асвячэнне пляцоўкі ў Смаргоні

З жыцця Касцёла

У суботу 17 лістапада а 12-й гадзіне ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч урачыста асвяціў пляцоўку пад будаўніцтва новага касцёла ў Смаргоні.
У гэтай важнай для мясцовай суполь­насці падзеі ўдзель­нічала шмат святароў з дыяцэзіі і з-за яе межаў, а таксама прысутнічалі прадстаўнікі ўлад на чале з кіраўніком Смаргонскага райвыканкама спадаром Мечыславам Гоем.
    Пасля прывітання прысутных кс. біскуп асвяціў крыж, а затым вернікі новаўтворанай парафіі прынялі ўдзел у святой Імшы і асвячэнні зямельнага надзелу.
    Паводле слоў кс. Дзмітрыя Урбановіча, пробашча парафіі, будаўніцтва святыні з’яўляецца праяўленнем глыбокай веры жыхароў Смаргоні і імкненнем людзей аддаваць хвалу Богу ў належным месцы, а таксама выразам глыбокай удзячнасці за пантыфікат бл. Яна Паўла ІІ. Душпастар новай парафіі заклікаў таксама ўсіх людзей добрай волі, а асабліва жыхароў Смаргоні, каб добрыя справы на хвалу Богу і духоўную карысць чалавека яны ажыццяўлялі супольна, у духу братэрства і ўзаемнай любові.
Яго Эксцэленцыя падчас прамовы на польскай і беларускай мове сказаў пра велічнасць гэтага гістарычнага моманту для Смаргоншчыны, заахвоціў усіх вернікаў будаваць святыню ў гонар бл. Яна Паўла ІІ разам, а таксама выразіў вялікую радасць з таго, што Касцёл у гэтай частцы нашай дыяцэзіі развіваецца і прыносіць добры плён.
    Падчас святой Імшы кс. д-р Раман Катлімоўскі ў сваім казанні, абапіраючыся на фрагмент са Святога Пісання Старога Запавету аб пакліканні Майсея (Зых 3, 1-15), сказаў пра любоў Бога да чалавека і пра Яго блізкасць да кожнага з нас. Прапаведнік адзначыў, што найпрыгажэйшай, найбольш велічнай святыняй для Бога з’яўляецца не матэрыяльны будынак, а сэрца чалавека, якое імкнецца прабываць з Ім у адзінстве. Нагадваючы ўсім прысутным пра Год веры, святар таксама заахвоціў мясцовых вернікаў даверыцца Божай Міласэрнасці нягледзячы на шматлікія цяжкасці, якія могуць быць перашкодай у часе будаўніцтва Божай святыні.
    Будынак святыні будзе паўставаць на ахвяраванні фізічных і юрыдычных асоб. Мясцоваму святару ў справах будаўніцтва дапамагае каля дваццаці чалавек, актыўных вернікаў (5 чалавек належыць да Касцёльнага камітэту) на чале з Таццянай Яблакавай. У дадзены момант ідуць падрыхтоўчыя працы да будаўніцтва часовай парафіяльнай капліцы. Паводле плана, у 2013 годзе павінна распачацца закладка фундамента касцёла.
    Цяпер на тэрыторыі парафіі ажыццяўляецца дынамічнае наладжванне душпастарства: на пастаяннай аснове сёстрамі назарэтанкамі вядзецца катэхізацыя каля 270 дзяцей з мікрараёнаў Карані і Досы. Кожную нядзелю цэлебруецца парафіяльная св. Імша ў касцёле св. Міхала Арханёла. Кс. Дзмітрый Урбановіч плануе таксама арганізаваць катэхізацыю дарослых і душпастарства маладых сем’яў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.