ГРОДНА
Аўторак,
18 лютага 2025 года |
Самы стары алтар катэдры будзе адноўлены

Паводле гістарычных крыніц, алтар датуецца 1664 годам. Ён быў збудаваны ў драўляным касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла, а пазней быў перанесены ў касцёл св. Францішка Ксаверыя (катэдру). Паводле гістарычных даведак, у Фарным касцёле гэты алтар служыў як алтар Маці Божай Кангрэгацкай. Ёсць звесткі, што ён служыў і галоўным алтаром. Пасля яго перанеслі ў капліцу св. Міхала Арханёла ў левай наве. †

Па словах святара, алтар цікавы тым, што мае зусім іншы выгляд, чым усе астатнія алтары касцёла. Таксама ён цікавы сваёй накладной разьбой, якая больш нідзе не сустракаецца. Напрыклад, на астатніх алтарах катэдры разьба больш-менш падобная. У той час як на гэтым алтары яна інакшая. Гэтыя рэзьбіны аказаліся за алтаром. Калісьці яны адпадалі ад старасці і іх закідвалі, тады хтосьці мудра паскладваў іх за алтар, кажа кс. Ян.
– Зараз, пачынаючы рэстаўрацыю, мы знайшлі шмат той разьбы, якая будзе адноўлена і зноў прымацавана да алтара. Гэтая разьба – своеасаблівая мастацкая знаходка, бо разьба, якая была на алтары, прымацавана кімсьці з іншых алтароў, а мы знайшлі менавіта арыгінальную. Такім чынам, мы прыдадзім алтару тую форму і выгляд, якія ён меў раней.
Аднак каларыстыка алтара св. Міхала Арханёла будзе зменена, распавядае кс. Ян:
– Калі мы зрабілі рэстаўрацыю галоўнага алтара, у вочы моцна пачаў кідацца бакавы. Галоўны алтар мае колер шэраватага мармуру, алтар Маці Божай Кангрэгацкай – больш блакітна-зялёны, белы мармур, а алтар св. Міхала Арханёла – пад шэра-зялёны мармур. Такім чынам ён моцна вылучаўся з унутранага ўбранства храма. Таму мы вырашылі распачаць яго рэстаўрацыю. І не памыліліся. Бо калі пачалі ставіць рыштаванні, убачылі, што наверсе ўсё дрэва проста спарахнела. У нейкі момант алтар мог і зваліцца, а гэтага знізу не было бачна. Зараз мы працуем над тым, каб умацаваць алтар, захаваць яго пачатковы выгляд і надаць яму новую каларыстыку, падобную да алтара Маці Божай Кангрэгацкай. Гэта робіцца з мэтай, каб у касцёле была адна колеравая гама.
Праўдападобна, што гэты алтар быў пастаўлены ў гэтым месцы на хуткую руку – у яго ззаду не было ніякай канструкцыі. Ён проста стаяў на дошках. Таму зараз робіцца канструкцыя, каб яго ўмацаваць.
– Давядзецца замяніць там некаторыя часткі, бо яны ўжо непрыдатныя, спарахнелыя, – працягвае кс. Ян. – А тыя часткі, якія магчыма захаваць, мы, канешне, пакінем, умацоўваючы спецыяльнымі хімічнымі сродкамі. Другая частка рэстаўрацыйных прац – каларыстыка. Алтар набудзе выгляд мармуровага. Сам абраз св. Міхала Арханёла знаходзіцца ў вельмі добрым стане, але мы таксама будзем яго рэстаўрыраваць.
Навуковым кіраўніком рэстаўрацыйных прац з’яўляецца гродзенскі мастак і рэстаўратар Уладзімір Кіслы, які аднаўляе і абраз. Таксама працуюць рэстаўратары з Мінска – Уладзімір Нікіцін, які адказны за рэстаўрацыйныя працы алтара. Раней планавалася скончыць рэстаўрацыю алтара да свят Божага Нараджэння, аднак, убачыўшы стан алтара, рэстаўратары зразумелі, што працы зацягнуцца даўжэй.
Да св. Міхала Арханёла моляцца ў розных інтэнцыях, але ў першую чаргу – аб абароне ад злога духа, ад яго спакус. Аб фізічным здароўі моляцца да Маці Божай Кангрэгацкай, а да св. Міхала моляцца аб здароўі духоўным.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 317 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.