ГРОДНА
Чацвер,
01 снежня
2022 года
 

Экзарцызмы. Зняволенне святым духам

З жыцця Касцёла

З 30 кастрычніка па 7 лістапада на сайце Catholic.by можна было пакінуць пытанні да онлайн-канферэнцыі, прысвечанай тэме “Зняволенне злым духам. Экзарцызмы”. На пытанні наведвальнікаў адказваў экзарцыст Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Чэслаў Паўлюкевіч.

   Наталля, 33 гады, Полацк
    Ці можа экзарцыст прыехаць на дом, калі гэта неабходна?
    Канечне, калі ёсць такая неабходнасць. Да таго ж, у рытуале экзарцызму ёсць экзарцызм месца, паколькі бывае знявольванне не толькі чалавека, але і месца.
   
    Святлана, 24 гады, Мінск
    Як адрозніць апантанасць ад псіхічнага захворвання?
    Гэтай тэме прысвячаецца шмат сустрэч экзарцыстаў і канферэнцый. Сапраўды, мяжа паміж захворваннем і апантанасцю можа быць вельмі тонкай і вельмі складана адрозніць. Бо праяўленні апантанасці могуць быць такімі ж, як сімптомы хваробы. Многія экзарцысты лічаць, што калі чалавек хворы, то таксама можна маліцца аб яго аздараўленні.
 
alex, 27 гадоў, Мінск
    Ці можа чалавек памерці пры выгнанні дэмана?
    Гэтае пытанне, мне здаецца, можна было б пашырыць: ці можа чалавек памерці за смачным абедам, ці можа ён памерці за рулём аўтамабіля або калі глядзіць тэлевізар? Гэты спіс можна было б працягнуць. Чалавек можа памерці ў любы момант свайго жыцця. Толькі мы не ведаем, калі гэты момант надыдзе: сёння, заўтра ці праз сто гадоў.
   
    alex, 27 гадоў, Мінск
    Колькі часу можа спатрэбіцца, каб выгнаць дэмана?
    Вядомы выпадкі, пра якія распавядаў экзарцыст а. Руфус Перэйра, калі ён маліўся над чалавекам і вызваленне адбылося на працягу некалькіх секунд. Але вядомы таксама выпадкі, калі чалавек быў зняволены ўсё сваё жыццё, над ім маліліся, але вызваленне не адбывалася. Такім чынам, вызваленне можа адбыцца ўжо праз пару секунд малітвы, а можа, для гэта прыйдзецца маліцца дастаткова доўга.
   
    Міхаіл, 22 гады, Мінск
    Вы глядзелі фільм “Выгнанне д'ябла” (The Exorcist, 1973, США)? Калі так, то што Вы можаце сказаць пра яго? Як Вы ўвогуле ставіцеся да фільмаў падобнага тыпу?
    Я не глядзеў гэтага фільма. У цэлым, да такіх фільмаў стаўленне такое: калі гэта фільмы, якія можна аднесці да катэгорыі фільмаў-жахаў і пасля іх прагляду чалавек не можа спакойна ўвайсці ў цёмнае памяшканне ці спаць па начах, думаю, не трэба напаўняць сябе жахамі, бо пасля могуць быць нядобрыя наступствы.
   
    Данута, 23 гады, Мінск
    Паважаны кс. Чэслаў, скажыце, калі ласка, з якімі справамі (якія часта нам здаюцца спецыфічнымі праблемамі), не трэба звяртацца да экзарцыста? Як вы ставіцеся да праграмы “Бітва экстрасэнсаў” і г.д.? Дзякуй.
    З якімі пытаннямі не трэба звяртацца да экзарцыста? Цікавае пытанне, таму што з многімі пытаннямі да яго не трэба звяртацца (усміхаецца – Рэд.). Калі гэта праблемы любых сфер нашага жыцця, то можна звярнуцца да любога святара, бо ён мае пакліканне маліцца над людзьмі аб вырашэнні іх праблем. Адносна другой часткі пытання скажу, што трэба запытацца: якую мэту ставяць перад сабой такія перадачы? Мы ведаем, што “Бітва экстрасэнсаў” – гэта проста шоу-праграма і, думаю, што да яе трэба ставіцца як да любых іншых шоу-праграм. Калі яна напаўняе Тваё жыццё пэўнымі каштоўнасцямі, то можна адносіцца станоўча. А калі нічога не дае, а часта ўводзіць у рознага роду зманы і абуджае сумненні, асабліва, што датычыць хрысціянскай веры, тады неабходна ставіцца негатыўна.
   
    Марыя, 47 гадоў, Смаргонь
    Паважаны ксёндз Чэслаў, падкажыце, якія малітвы чытаць за сваіх родных ад злых духаў?
    Крыху незразумелае пытанне. Калі разумець яго як неабходнасць малітвы за родных, якія нейкім чынам падвержаны ўздзеянню злога духа, то можам маліцца, даручаючы іх Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса ці Беззаганаму Сэрцу Марыі, а таксама можам ахвяраваць за іх пост, Камунію і тыя малітвы, якімі молімся. Калі мы кажам аб малітве для родных, то можам звяртацца да Бога праз малітву да Найсвяцейшай Крыві Езуса і прасіць Марыю аб апецы над іх жыццём. Але перш за ўсё, яны будуць абаронены, калі будуць жыць у святасці, і аб святасці таксама неабходна маліцца.
   
    Настасся, 23 гады, Мінск
    Ці можа як-небудзь быць звязана з дзеяннем злога духа тое, што дзіця ва ўзросце 3 гадоў не гаворыць?
    Тое, што дзіця ў 3, 4 ці нават 20 гадоў не гаворыць, можа быць звязана з уздзеяннем злога духа. Гэтаму мы можам знайсці пацвярджэнне не толькі з практыкі, але таксама і з Бібліі, дзе да Езуса прывялі маладога чалавека, які быў глухі і нямы, і Езус тады сказаў: “Дух нематы і глухаты, выйдзі з яго!” І з гэтага моманту чалавек пачаў гаварыць.
    Аднак, немата і глухата могуць быць таксама і хваробай.
   
    Вераніка, 22 гады, Ліда
    Хвала Хрысту! Скажыце, ці можа чалавек праваслаўнага веравызнання звярнуцца да каталіцкага святара па пытанні экзарцызму?
    Што датычыць каталіцкага Касцёла, няма нейкіх забарон ці абмежаванняў, што можна маліцца толькі над католікам. Да айца Джэймса звяртаюцца не толькі хрысціяне, але і мусульмане, і тыя, хто вызнае індуізм. Айцец моліцца над імі, і яны атрымліваюць ацаленні і вызваленне.
   
    Усе пытанні можна прачытаць на інфармацыйнай старонцы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Сatholic.by

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  31

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.