ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Кот і сабака

Дзіцячы куточак

У адной вёсцы жылі кот і сабака, якія цярпець не маглі адзін аднаго, а чаму, яны і самі не ведалі. Цэлымі днямі бегалі яны па вуліцах у пошуках ежы. Калі кот знаходзіў дзесьці засохлы кавалачак сыру, то шыпеў і выпускаў кіпцюры, не падпускаючы сабаку. А сабака навучыўся лавіць рыбу ў мясцовай сажалцы і брахаў, ледзь згледзеўшы ката, які любіў рыбу, але жудасна баяўся вады.
    І так працягвалася дзень за днём, ноч за ноччу. Гучнае мяўканне і бесперапынны брэх разносіліся па ўсёй вёсцы...
За гэтым даўно назіраў стары крумкач, які ніяк не мог зразумець, што гэтыя двое не падзялілі. Аднойчы, бачачы ў чарговы раз, як кот з сабакам сварацца з-за курынай костачкі, крумкач не вытрымаў і зляцеў уніз.
    – Добры дзень вам, – пракаркаў ён важна.
   Сабака паглядзеў на крумкача і непрыязна спытаў:
    – Чаго табе трэба? Не бачыш – мы вельмі занятыя!
    – Я бачу, што вы занятыя высвятленнем адносін! – адказаў крумкач.
    – А калі і так, табе якая справа? – прамяўкаў кот.
    – А мне проста цікава, навошта вы гэта робіце?
    – Ды таму, што ён шкоднік і ніколі не падзеліцца са мной, – паказаўшы лапай на ката, загаўкаў сабака. – А яшчэ, ён лазіць начамі па дахах, увесь час чымсьці грукоча там і гарлапаніць, мне гэта вельмі не падабаецца, бо ўначы ўсе прыстойныя звяры спяць.
    – А вы, кот, чаму сварыцеся з сабакам? – не зважаючы на прэтэнзію спытаў крумкач.
    – А я звер начны і днём сплю! А гэты агідны сабака цэлымі днямі носіцца па гародах і брэша на птушак. І, дарэчы, ніколі нічым не пачастуе, – чмыхнуў у бок сабакі кот.
    – Усё ясна, – працадзіў крумкач. – Значыць, згоды паміж вамі не будзе?
    – Ніколі! – гаўкнуў сабака, выскаліўшы зубы.
    – Не будзе гэтага! – прашыпеў кот, то паказваючы, то хаваючы вострыя кіпцюры.
    – Ну што ж, – задуменна сказаў крумкач, які быў трохі чараўніком. – Прыйдзецца ўжыць чараўніцтва! Пабудзьце ж вы ў скуры адзін аднаго, а там паглядзім...
    Крумкач пстрыкнуў дзюбай і паляцеў.
    Наступіла ноч. Сабака ўладкаваўся на вышках, але сон не прыходзіў. Ён пакруціўся і так, і гэтак – не спіцца... Выйшаў сабака на вуліцу і здзівіўся: на небе ззяў месяц, зоркі пераліваліся мірыядамі агеньчыкаў, ціхі ветрык калыхаў тонкія галінкі дрэў... Сабаку раптам пацягнула на дах. “Цікава, – падумаў ён, – як гэта мне раней у галаву не прыходзіла прайсціся ўначы па даху і ўбачыць усё зверху?”
    Ён разбегся, скочыў на лаўку, з яе – на старую бочку, адтуль – на дах адрыны. Невядомая сіла цягнула яго далей і вышэй – з даху адрыны сабака перабраўся на дах хаты. Яго вачам адкрыўся дзіўны выгляд на начную сажалку і цёмную сцяну лесу за вёскай. А галоўнае, сабака адчуў водар ночы і хараство цішыні. “Як жа я раней не ведаў пра гэта! І як я цяпер разумею ката: дзеля гэтага варта не спаць па начах!”
    Тут ён убачыў на даху старой хаты лесвіцу, якая час ад часу небяспечна круцілася. “Дык вось чым грукоча кот па начах, – зразумеў сабака. – Гэта ж небяспечна. Так можна і зваліцца”. Ён замацаваў лесвіцу, каб яна не боўталася і не грукатала па начах. Калі стомлены сабака спусціўся з даху, наступіла раніца. Кот, які праспаў усю ноч, прачнуўся поўны сіл і здзіўлена паглядзеў на сабаку, які салодка спаў.
    Кот пацягнуўся і з весялосцю пабег па дарозе, мяўкаючы і цешачыся сонцу. Настрой у яго быў выдатны. Убачыўшы зграйку вераб’ёў, кот пагнаўся за імі, але трохі не разлічыў і трапіў у сажалку. Ён намок і вельмі спалохаўся. “Які ж ён адважны, гэты сабака! Як жа гэта нялёгка: стаяць нерухома ў вадзе ў чаканні рыбкі”, – вылізваючы сваю поўсць, падумаў кот. “А што, калі вырыць запруду, і хай рыба сама плыве да сабакі ў лапы!” – і кот хутка выкапаў невялікую затоку, у якую лінула вада і пачалі заплываць маленькія рыбкі. Кот налавіў рыбы столькі, што ёю можна было падзяліцца яшчэ з кім-небузь. Наступіў вечар. Сабака, салодка пацягваючыся, прачнуўся на сваіх вышках ад паху свежай рыбы. Побач быў кот, сыты і задаволены.
    – Як гэта ў цябе атрымалася? – здзіўлена спытаў сабака.
    – А я ўлез у тваю скуру, – прабурчаў кот. – Цяпер я ведаю, як гэта добра насіцца па гародах, распуджваючы вераб’ёў і матылькоў.
    – Ды і я цябе зараз разумею, нездарма ўсю ноч на даху правёў. Гэта цудоўнае месца! А каб ты не шумеў па начах і не рызыкаваў жыццём, я замацаваў лесвіцу на даху.
    Стары крумкач, які сядзеў на галінцы рабіны, чуў размову ката з сабакам. Ён ізноў пстрыкнуў дзюбай і важна пракаркаў:
    – Бачу, часам карысна пабываць у чужой скуры, каб зразумець адзін аднаго. Чараўніцтва – яно ў разуменні і ў міласэрнасці!
    З тых часоў кот і сабака пасябравалі. А калі ў іх раптам штосьці не ладзілася, проста ставілі сябе на месца адзін аднаго...

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.