ГРОДНА
Субота,
20 ліпеня
2024 года
 

Год Веры: моладзь супраць крызісу Веры

З жыцця Касцёла

“І сказалі Апосталы Пану: Павяліч нам веру” (Лк 17, 5). Просьба вучняў Хрыста адносіцца сёння да ўсіх вернікаў у цэлым свеце, да мяне і да Цябе. Сёння шмат гавораць пра эканамічны крызіс. Аднак, мала хто звяртае ўвагу на тое, што за шыльдай эканамічнага крызісу хаваецца яшчэ большая і небяспечнейшая праблема – крызіс веры і маралі хрысціян XXI стагоддзя. Каталіцкія Біскупы Беларусі заўважаюць: “З-за малой і нясталай веры ў многіх краінах са шматгадовай гісторыяй хрысціянства людзі жывуць у рэлігійнай і маральнай абыякавасці, удалечыні ад Божага слова, сакраментальнага жыцця і хрысціянскіх практык. Жывуць так, як быццам Бога ўвогуле няма, нават становяцца няверуючымі. У некаторых месцах, у тым ліку і ў Беларусі, пасля энтузіязму 90-х гадоў мінулага стагоддзя назіраецца стомленасць, зморанасць і страх перад абліччам складаных выклікаў сучаснасці”.
У сучасным свеце, наша краіна таксама не з’яўляецца выключэннем, рашаючую ролю пачынае адыгрываць моладзь, якая ўваходзіць у дарослае жыццё. Маладыя людзі задаюць шмат пытанняў, на якія не могуць знайсці правільных адказаў. “Навошта нам хадзіць у касцёл і верыць, які ў гэтым сэнс? Як я павінен перажываць сваю веру? Чаму ў мяне многае не атрымліваецца, выходзіць з-пад кантролю? Дзе шукаць шчасце?” Адсутнасць адказаў на неадкладныя пытанні прыводзіць да незадаволенасці, фрустрацыі, расчаравання ў жыцці многіх сучасных прадстаўнікоў моладзі. Але ці ўсё ажно так дрэнна? Ці ж ніхто не здолеў бы адказаць на гэтыя актуальныя пытанні?
    Насустрач сучасным выклікам выходзіць Святы Айцец Бенедыкт XVI, які прыгадвае вернікам: “Брамы веры заўсёды адкрытыя для вас” (PF 1). Адказы на пытанні, якія турбуюць сэрцы мільёнаў маладых людзей, можа даць толькі Той, які стаў Чалавекам, каб адкрыць людзям праўду, пачутую ад Айца (пар.: Ян 8, 26), і вызваліць нас з цемры граху праз справу збаўлення, здзейсненую на крыжы. Езус Хрыстус у Касцёле і праз Касцёл удзяляе нам найважнейшы “адказ” – дае збаўленне праз веру ў Яго (пар.: Ян 3, 36). Таму Пераемнік св. Пятра ў апостальскім лісце ў форме motu proprio “Porta Fidei” абвясціў, што 11 кастрычніка 2012 г., у 50-ю гадавіну адкрыцця II Ватыканскага Сабору, ва ўсім каталіцкім Касцёле распачнецца Год веры, які працягнецца да ўрачыстасці Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г. Гэта будзе “час інтэнсіўнага роздуму на тэму веры” (PF 8), які павінен служыць таму, каб усе вернікі, у тым ліку і моладзь, станавіліся больш свядомымі вызнаўцамі Хрыста праз паглыбленне Евангелля.
    Навошта сённяшняя моладзь задае пытанні? Яна ж адукаваная, валодае самай актуальнай інфармацыяй аб рэчаіснасці, у якой жыве, умее карыстацца вялізным інтэлектуальным запасам інтэрнэту? Пытанні нараджаюцца тады, калі ўзнікае нейкая праблема. Моладзь гэтага стагоддзя непакояць многія праблемы. Заданне Года веры адносна моладзі – знайсці шлях, які б дапамог адказаць на пытанні, што ставяць маладыя людзі, а таксама пераадолець праблемы, якія іх непакояць. Давайце прыгледзімся хаця б да некаторых з іх:
   
    1. Моладзь успрымае жыццё як вялікую забаву. У моладзевым асяроддзі існуе распаўсюджаная тэндэнцыя да пошуку забаў і задавальнення, а таксама пазбягання цяжкасцей, навучання, паслухмянасці старэйшым і цярплівасці. У шумных забавах моладзь стараецца схавацца ад болю і дакораў сумлення, перад якімі адчувае страх. Божае слова, чытаемае падчас Года веры, павінна пераканаць іх у вялікай каштоўнасці і абавязковасці працы і цярпення для духоўнага росту, а нават для збаўлення.
   
    2. Маладыя людзі шукаюць сваё шчасце, імкнучыся да няправільна зразуметай свабоды. Яны разумеюць свабоду як адсутнасць якіх-небудзь абмежаванняў. Па гэтай прычыне яны становяцца матэрыялістамі, якія вызнаюць культ грошай, шыкоўнага адзення і марачных гаджэтаў. Стыль жыцця Езуса моладзь успрымае як штосьці абмежавальнае і няёмкае. Таму ўсё менш людзей прысвячае сябе служэнню Богу і людзям у святарстве і манаскім жыцці. Падчас Года веры маладыя людзі павінны даведацца, што служэнне з’яўляецца чымсьці вельмі прыгожым. Праз паставу служэння яны стануць падобнымі да Хрыста-Слугі і знойдуць у гэтым сапраўднае шчасце.
   
    3. Многія маладыя людзі вучацца толькі таму, што можа быць карысным сёння. Моладзь, жывучы цяперашнім момантам, клапоціцца аб выпрацоўцы неабходных у жыцці навыкаў, аб паступленні на вучобу ці ўладкаванні на добрую працу, аб матэрыяльным дабрабыце. Так, трэба жыць цяперашнім, але варта таксама ўмець глядзець у будучыню, а нават і “заглядваць” у вечнасць, каб разважыць, што нас чакае ў будучым жыцці. Таму перыяд роздуму аб веры павінен паслужыць моладзі для таго, каб заахвоціць яе паклапаціцца аб чысціні сваёй душы і аб жыцці паводле нормаў хрысціянскай маралі. У Год веры моладзь павінна даведацца, што такое шчырая любоў і як яе трэба перажываць.
   
    4. Маладосць – гэта час парадоксаў. Да “моладзевых” парадоксаў можна аднесці гатоўнасць да прысвячэння і адначасова эгаізм, імкненне да ідэалаў і адчуванне сваёй слабасці, мары аб прыгожым і ў той жа час дрэнныя ўчынкі. Пры ўзнікненні супярэчнасцей маладыя людзі не павінны іх ігнараваць, ім трэба “выходзіць” за межы жыцця і вучыцца выбіраць дабро. У рэалізацыі гэтага ім дапаможа моц веры і Божая ласка.
   
    5. Маладосць не зносіць пусткі, яна нецярплівая. Маладое пакаленне апраўдваецца, што не мае часу на ацэнку, таму можа паддацца ўздзеянню сект, рухаў, супрацьлеглых хрысціянству, розных псеўданастаўнікаў. Вера, аднак, падказвае, што жыццё ўсяго адно і яно з’яўляецца дарам і пакліканнем. Моладзь павінна навучыцца распазнаваць сваё жыццёвае пакліканне. Няма іншага настаўніка, толькі Езус, і Ён прывядзе нас да крыніцы жыцця.
   
    6. Большасць маладых людзей жыве ў віртуальнай прасторы. Маладыя сёння “жывуць” на сацыяльных сайтах, маюць шмат знаёмых, твары якіх ім невядомыя. Віртуальныя сябры іх выслухоўваюць, пагаджаюцца з імі, не крытыкуюць. Але таксама і не любяць. У Год веры моладзь павінна прыгадаць сабе, што наш найлепшы сябар – Езус, сапраўдная Божая Асоба. Ніхто з людзей не любіць нас мацней, чым Ён, бо Езус аддаў за кожнага з нас сваё жыццё. Сяброўства з ім вызваляе і прыносіць шчасце.
   
    7. Крызіс веры маладых людзей бярэ свой пачатак у няведанні імі праўдаў веры. Моладзі часам цяжка пералічыць Божыя запаведзі, а пра Апостальскі сімвал веры многія чуюць упершыню. Пераважная большасць маладых людзей не жыве жыццём Касцёла, бо яно іх не датычыць. Некаторым з іх патрэбна абгрунтаванне іх рэлігійнасці. Каб вырашыць гэтыя праблемы, Святы Айцец дае ў рукі моладзі YOUCAT, выдадзены ў мінулым годзе катэхізіс Касцёла, напісаны мовай, зразумелай маладому пакаленню. Акрамя яго будзе выдадзены таксама кішэнны каляндар YOUCAT на 2013 год, які высветліць маладым людзям найбольшыя касцёльныя святы і літургічныя перыяды, прапануе цытаты з Бібліі і папулярных песень, смешныя фотаздымкі і шматлікія ілюстрацыі. На г.зв. Facebooku будуць прадстаўлены постаці святых.
    “Вы – будучыня Касцёла”, – казалі моладзі вялікія Папы. Але дарослыя часта наракаюць, што сучасная моладзь дрэнная. Маладыя людзі адлюстроўваюць свет такім, які ён ёсць. Гэта не моладзь дрэнная, гэта свет такі, якім яго паказвае сучасная моладзь. Як дарослым, так і маладым сёння патрэбна паглыбленне веры, каб штодзённа станавіцца ўсё лепшымі і, вырашаючы праблемы, імкнуцца да святасці, якая з’яўляецца найважнейшай мэтай для веруючых людзей. Няхай абвешчаны папам Бенедыктам XVI Год веры дапаможа ім у іх імкненні дасягнення гэтай мэты.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  165

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.