ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Год веры: навошта нам Касцёл?

Слова рэдактара

... вернікі ў Беларусі заяўляюць свету аб веры, якая жыве ў іх сэрцах, і паказваюць Касцёл, без якога не ўяўляюць свайго жыцця.

   Рэлігійнае жыццё на гродзенскай зямлі ў Год веры набірае хуткасць. Асобныя юбілеі святынь ці парафій вызначаюць накірунак жыцця чалавека XXI стагоддзя. Гэтым накірункам з’яўляецца Касцёл. Пацвярджэннем гэтага было, напрыклад, цудоўнае свята ў Міжэрычах з нагоды 100-годдзя мясцовай святыні. Жывы Касцёл дзякаваў за касцёл, які ўжо на працягу многіх гадоў адчыняе свае брамы веры на сустрэчу з Хрыстом. Асаблівы імпульс адчулі многія з нас таксама падчас унясення рэліквіі бл. Яна Паўла II у Тракелі і падчас асвячэння фігуры Папы ў Іўі. Цяпер бл. Ян Павел II асаблівым чынам прысутнічае на нашай зямлі. Падзеі, якія я прыгадаў, апісаны на старонках “Слова”. Дарагія Чытачы, заахвочваю Вас прачытаць іх.
   Усё тое, што адбывалася на працягу двух апошніх тыдняў ці значна раней, з’яўляецца пацвярджэннем таго, што вернікі ў Беларусі заяўляюць свету аб веры, якая жыве ў іх сэрцах, і паказваюць Касцёл, без якога не ўяўляюць свайго жыцця.
Касцёл дапамагае зразумець веру, а вера, у сваю чаргу, дазваляе чалавеку зразумець навакольны свет і самога сябе. Такім чынам, Касцёл вучыць веры, вучыць жыццю ў свеце. Але ёсць і такія хрысціяне, якія думаюць інакш. Для іх Касцёл становіцца нямодны, “няфайны”, а на ўдзел у нядзельнай св. Імшы ім не хапае часу. У такой сітуацыі гэта не Касцёл перажывае складаныя часы, гэта чалавек можа перажываць катастрофу асабістага жыцця, цяжкасці, з якімі не можа справіцца.
    Касцёл з’яўляецца маім жыццём, ён знаходзіцца на маёй жыццёвай сцежцы, з Касцёлам да збаўлення заўсёды па дарозе. Гэта супольнасць ахрышчаных і веруючых у Бога людзей. Няма магчымасці трапіць у неба іншай дарогай, чым праз Касцёл. Касцёл робіць так, як зрабіў бы Хрыстос, бо ён Хрыстовы. Хрыстос ніколі не пакідае Касцёла, а таму Ён не пакіне і нас, калі мы будзем у Касцёле. Мы з’яўляемся святыняй жывога Бога. Бог сказаў: “Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць маім народам” (2 Кар 6, 16). Акт веры, накіраваны да Бога, расцягваецца затым на Касцёл. Падчас кожнага “Credo” мы паўтараем словы: “Веру ў Касцёл каталіцкі”, а значыць, вызнаючы веру ў Касцёл, мы кожны раз вызнаём сваю любоў да Яго. Не аддзяляйма веры ў Бога ад веры ў Касцёл. У той момант, калі Бог стаў Чалавекам, нельга аддзяляць Божых спраў ад чалавечых. Гэта дзякуючы Касцёлу мы можам аднавіць наш энтузіязм веры, ажывіць радасць ад таго, што мы ідзём дарогай жыцця.
    На заканчэнне Сіноду Святы Айцец заахвоціў увесь пілігрымуючы Касцёл ацаляцца ад слепаты на веру і на Бога. Назіраючы ўжо на працягу значнага часу за рэлігійным жыццём людзей, якія жывуць у Беларусі, варта падкрэсліць і сказаць, што яно квітнее, што мы перажываем росквіт веры, такой, якая вучыць Божым законам, ашчасліўлівае нас і робіць лепшымі. А ці мы калі-небудзь задумваліся над тым, што б з намі было, калі б не наша вера? Якімі б мы былі? Тады б нас, хутчэй за ўсё, напаткала жыццёвая катастрофа, а пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца прыклады з жыцця многіх загубленых людзей.
    Я таксама не ўяўляю сабе жыцця без Касцёла. Няхай Год веры будзе нагодай успаміну сувязі з Касцёлам, давайце адчуем сябе адказнымі за яго. У сваіх малітвах мы можам часта звяртацца да Бога словамі: Пане, павяліч у нас веру ў Твой Касцёл, а новая евангелізацыя стане маім новым заданнем і жыццём, маёй сустрэчай з Айцом.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.