ГРОДНА
Панядзелак,
04 снежня
2023 года
 

Папа наведаў дыяцэзію

З жыцця Касцёла

У дзень літургічнага ўспаміну бл. Яна Паўла II 22 кастрычніка ў Тракелях пад кіраўніцтвам Апостальскага нунцыя кс. аб-па Клаўдыа Гуджэроці ў касцёл былі ўнесены рэліквіі бл. папы Яна Паўла II, а ў другой палове дня ў Іўі ксяндзы біскупы Аляксандр Кашкевіч і Антоній Дзям’янка асвяцілі фігуру Яна Паўла II. Гродзенская дыяцэзія перажыла асаблівы Папскі дзень.
13 красавіка 1991 г. Ян Павел II заснаваў Гродзенскую дыяцэзію, “каб у Саюзе Савецкіх Рэспублік быў адноўлены каталіцкі Касцёл”. Затым той самы Папа прызначыў першага біскупа для новай дыяцэзіі. Ім стаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Але, на жаль, падчас свайго зямнога жыцця Святы Айцец так і не наведаў Беларусь. Нягледзячы на тое, што ён добра ведаў, дзе знаходзіцца возера Свіцязь, што адбываецца ў Навагрудку і Гродне, яго нага ніколі так і не ступіла на гродзенскую зямлю. А ён так моцна гэтага хацеў...
“Калі Папа да нас не прыязджае, то мы да яго паедзем”, – так думалі і казалі тысячы вернікаў у Беларусі. І так адбываліся сустрэчы з любімым Папам падчас розных пілігрымак у суседнія краіны і ў Вечны горад. Пасля кожнай сустрэчы са Святым Айцом заставалася шмат успамінаў і ўражанняў.
    22 кастрычніка ў Тракелях святары Гродзенскай дыяцэзіі перажывалі свой дзень засяроджання, на якім прысутнічаў таксама кс. абп Клаўдыа Гуджэроці. На распачацце сустрэчы ксёндз арцыбіскуп унёс у санктуарый рэліквіі бласлаўлёнага Святога Айца Яна Паўла II. Як сказаў кусташ санктуарыя кс. Павел Галіньскі, у рэлікварыі была змешчана кроў Папы, а месцам, дзе будуць захоўвацца рэліквіі, з’яўляецца марыйны санктуарый у Тракелях, таму што пры жыцці Папа вельмі любіў Марыю і надалей застаецца пры Ёй. Кс. абп Клаўдыа Гуджэроці таксама падзяліўся са святарамі сваімі перажываннямі і ўражаннямі ад сустрэч з бл. Янам Паўлам II.
    Падчас “сеяння” Божага слова кс. абп Гуджэроці звярнуўся да прысутных святароў у канферэнцыі і гаміліі, узгадваючы аб Вялікім Папе. Святы Айцец, які заўсёды прыслухоўваўся да праблем кожнага чалавека, жыў жыццём тых, каго сустракаў, а яны заўсёды слухалі яго голас, яго навуку. Тое ж павінен рабіць кожны святар. Ксёндз арцыбіскуп прасіў святароў заўсёды захоўваць жыццёвую раўнавагу, годную чалавецтва, і быць здольнымі інтэрпрэтаваць людскі голас. Моцнымі і поўнымі веры былі словы пасланніка Папы: “Святар для ўсіх з’яўляецца святаром. Гэта чалавек, які ні перад кім не замыкаецца, [...] які нікому не служыць акрамя самога Бога, гэта вольны чалавек, і таму ён можа даць сябе ўсім”. Нунцый заклікаў кожнага святара да стараннай малітвы, так, як гэта рабіў Ян Павел II: у засяроджанні, у цішыні, вельмі часта на працягу некалькіх гадзін стоячы на каленях, нават тады, калі не меў сіл, калі быў слабы фізічна. У гаміліі Яго Эксцэленцыя заклікаў гродзенскіх святароў абвяшчаць Добрую Навіну: “Гэта вялікае заданне – несці людзям суцяшэнне”. А прыкладам гэтага можа быць аўтэнтычны Сведка веры – Ян Павел II. На заканчэнне літургіі кожны святар мог аддаць пашану рэліквіям, пацалаваўшы іх, а з гэтага дня, як адзначыў кс. Павел Галіньскі, кожны вернік, які наведае Тракелі, таксама зможа пацалаваць рэліквіі Папы.
    У другой палове дня эстафету веры прынялі вернікі Іўя разам са сваім пробашчам кс. Янам Гавецкім. Кс. бп Аляксандр Кашкевіч і кс. бп Антоній Дзям’янка ў прысутнасці вялікай колькасці людзей асвяцілі фігуру Яна Паўла II, якая была змешчана на Помніку чатырох культур і рэлігій. А потым у касцёле адбыўся цудоўны канцэрт, падчас якога групы дзяцей, моладзі і дарослых асоб прадставілі любімыя песні і песенькі бл. Папы. Трэба таксама ўзгадаць пра пробашча кс. Яна Гавецкага і манаскіх сясцёр, якія прыклалі шмат намаганняў, каб сабраныя вернікі адчувалі прысутнасць бл. Яна Паўла II.
    Выдатным увянчаннем Папскага дня была святая Імша пад кіраўніцтвам кс. б-па Антонія Дзям’янкі. На заканчэнне набажэнства вернікі пацалавалі рэліквіі Яна Паўла II. Бласлаўлёны Ян Павел II падчас свайго пантыфікату не наведаў нас, але цяпер ён шчаслівы прыходзіць да нас, на нашу беларускую зямлю. Ён цяпер нас бласлаўляе з дому Айца, а мы можам пачуць яго навуку. Няхай Ян Павел II назаўсёды застанецца ў нашай краіне і ў нашых сэрцах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  28

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.