ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Год Веры распачаўся

З жыцця Касцёла

Дарагія Чытачы “Слова Жыцця”!
Тыя, хто ўважліва сочыць за падзеямі ў жыцці Касцёла, заўважылі, напэўна, што цяперашні папа Бенедыкт XVI кожны год з пачатку свайго пантыфікату рэгулярна заахвочвае вернікаў і людзей добрай волі развіваць сваю веру, паглыбляць сваё жыццё і нанова адкрываць прыгажосць хрысціянства. З гэтай мэтай Папа абвяшчае ў Касцёле час, калі Бог асаблівым чынам будзе дапамагаць сваім дзецям, г.зн. нам, больш Яго палюбіць як нашага Айца і жыць паводле Яго запаведзей.
    Па волі Святога Айца 11 кастрычніка бягучага года ўвесь каталіцкі Касцёл увайшоў у Год веры. Перажыванне Года веры завершыцца ў Нядзелю Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 года. Дзень 11 кастрычніка быў выбраны Папам невыпадкова. 50 гадоў таму, 11 кастрычніка 1962 года распачаў свае сесіі II Ватыканскі Сабор, сабраўшы сотні біскупаў з усяго свету пад кіраўніцтвам тагачаснага папы бл. Яна XXIII. Тады Касцёл здзейсніў вялікае аднаўленне веры, дактрыны і літургіі, прадстаўляючы іх людзям у даступнай форме. Так, напрыклад, толькі з таго часу кожны народ пачуў справаванне св. Імшы на роднай мове (дагэтуль св. Імшу адпраўлялі па-лацінску). Год веры распачаўся таксама ў 20-ю гадавіну выдання бл. Янам Паўлам II Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які з’яўляецца незаменнай крыніцай ведаў і паглыблення веры ў Езуса Хрыста.
Сёння вялікая сям’я Касцёла зноў стаіць перад вялізнымі выклікамі і праблемамі, якія вядзе за сабой сучасная культура, цывілізацыя, тэхнічны прагрэс, а перш за ўсё, як гаворыць кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч, цунамі секулярызацыі і рэлігійнай абыякавасці, што залівае кожны раз усё новыя прасторы жыцця сучаснага чалавека.
   
Лагатып Года веры
прадставіў абп Рына Фізікела, старшыня Папскай Рады па справах новай евангелізацыі, якой даручана каардынацыя Года веры. У квадрат упісана лодка – сімвал Касцёла, мачтай якой з’яўляецца крыж. На ветразі змешчана хрыстаграма IHS, упісаная ў круг у форме Гостыі, што сімвалізуе Эўхарыстыю. Ажыўленне веры ў прысутнасць Езуса ў постаці хлеба, якое выражаецца абуджэннем у вернікаў жадання прыходзіць на адарацыю. Без адарацыі не ўдасца ні глыбока перажыць святыя сакраманты, ні з моцай сведчыць аб Хрысце ў свеце. Таму клопат аб развіцці адарацыі належыць да важных напрамкаў дзейнасці падчас чарговых тыдняў і месяцаў Года веры.

   
    Чаму на працягу бліжэйшага года слова “вера” будзе самым часта ўжываемым словам падчас нядзельных казанняў у нашых парафіях, у каталіцкіх СМІ, у навучанні касцёльных іерархаў? Чаму Бенедыкт XVI так моцна занепакоены становішчам веры сённяшніх хрысціян, а ў прыватнасці католікаў? Таму што цяпер значную частку грамадства закрануў моцны крызіс веры ў навуку Хрыста, усё больш Яго паслядоўнікаў “непакоіцца аб пажытку, які гіне” (пар.: Ян 4, 14), забываючыся пра сяброўства з Богам. Многія хрысціяне баяцца прызнаць Хрыста, успрымаючы веру як асабістую справу і забываючыся, што яна патрабуе актыўнага ўдзелу і публічнага сведчання ўсюды, дзе чалавек знаходзіцца. З жыцця многіх ахрышчаных “выпарылася” радасць і энтузіязм, якія вынікаюць з сустрэчы з Хрыстом. Духоўная пустка ахоплівае ўсё большую прастору, з’яўляючыся прычынай сучасных духоўных хвароб, такіх, як дэпрэсія, страта сэнсу жыцця, будаванне матэрыяльнага дабрабыту цаной парушэння Божых запаведзей. Гэтае нетрывалае становішча веры Папа сцвярджае ў апостальскім лісце “Porta Fidei”, у якім ён абвяшчае распачацце Года веры.
   
Абраз Года веры
прадстаўляе Хрыста Пантакратара з базілікі ў Чэфалу, а на яго адваротным боку знаходзіцца імшальнае вызнанне веры (“Веру ў адзінага Бога...”). Пажаданнем папы Бенедыкта XVI з’яўляецца тое, каб у Год веры “Credo” стала штодзённай малітвай католікаў.

    Але мы не спыняемся на канстатацыі хваробы, а шукаем лекі, якія нас мабілізуць да сапраўднага і новага навяртання да Езуса і Яго навукі. У “Porta Fidei” Бенедыкт XVI прыгадвае нам, што праз веру Бог запрашае чалавека пасябраваць са сваім Сынам, Езусам Хрыстом, каторы дае нам паўнату жыцця, якой нам усім так не хапае. Грунтоўнае вывучэнне Бібліі і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на працягу Года веры павінны дапамагчы нам “стаць больш свядомымі і ажывіць нашу прыхільнасць да Евангелля, асабліва ў час глыбокіх змен”, якія мы цяпер перажываем.
   
Год веры – падзеі ў паўсюдным Касцёле:
7–28.10.2012 – Сінод Біскупаў на тэму: “Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры”.
    21.10.2012 – кананізацыя шасці мучанікаў і вызнаўцаў.
    20.12.2012–01.05.2013 – Рым. Замак св. Анёла, выстава на тэму Года веры.
    28.12.2012–02.01.2013 – Рым. Еўрапейская сустрэча моладзі (супольнасць Тэзэ).
    24.03.2012 – Пальмовая нядзеля. У межах падрыхтоўкі да Сусветнага дня моладзі ва ўсіх дыяцэзіях адбудуцца малітоўныя сустрэчы моладзі.
    02.06.2013 – урачыстасць Божага Цела. Адначасовая ва ўсім свеце эўхарыстычная адарацыя пад кіраўніцтвам Папы.
    16.06.2013 – дзень “Evangelium Vitae” (у абароне годнасці асобы).
    23–28.07.2013 – Рыа-дэ-Жанейра. Сусветны дзень моладзі.
    13.10.2013 – Марыйны дзень.
    24.11.2013 – Ватыкан. Урачыстасць закрыцця Года веры.

    Так мы хочам распачаць цэлы цыкл катэхез у нашай газеце, каб дапамагчы Вам, дарагія Чытачы, перажыць распачаты Год веры. Мы будзем разам разважаць і думаць над вялікім дарам, якім з’яўляецца вера, і над тым, што рабіць, каб вера, як тая соль з евангельскай прытчы, не губляла смаку і рабіла нашыя сэрцы здольнымі да дакладнага сведчання хрысціянскага жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.