ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Чаму святарства? Бо гэта прыгожа і годна!

З жыцця Касцёла

У суботу 6 кастрычніка ўрачыста распачаўся новы навучальны год у Гродзенскай ВДС. Інаўгурацыйная ўрачыстасць, якая адбываецца ўжо 22 па ліку раз, распачалася а 10-й гадзіне з прывітальнай прамовы Яго Эксцэленцыі ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча.
Семінарыйную суполь­насць прафесараў, вык­лад­чыкаў, духоў­ных айцоў і наву­чэнцаў ксёндз біскуп Аляксандр назваў ад­ной вялікай сям’ёй. У сваіх разважаннях ксёндз біскуп спыніўся на словах малітвы, якую “нам даў сам Езус Хрыстус”: “Ойча наш, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі”. Гэтую малітву штодня разам адмаўляе ўся семінарыйная супольнасць. І паколькі кожны чалавек ад моманту хросту мае падвойнае грамадзянства – зямное і нябеснае, якім кіруе Бог Айцец, то словы “Ойча наш, прыйдзі Валадарства Тваё” заўсёды будуць гучным заклікам, просьбай аб шчасці ў сям’і, шчасці ў гэтай супольнасці, дзе трэба адказваць на запрашэнне Хрыста “Ідзі за мной”. Але адказваць не словам, а ўчынкам і праўдай, прасцей кажучы – фармацыяй духа, сэрца і волі, – працягваў Яго Эксцэленцыя.
У сваёй прывітальнай прамове ксёндз біскуп Аляксандр нагадаў тыя пытанні, адказы на якія кожны семінарыст павінен шукаць на працягу ўсіх гадоў свайго навучання:
    – Праз гады сталення ў гэтай навучальнай установе мы пытаем сябе: за якім Хрыстом я хачу ісці да канца свайго жыцця? Чаму хачу быць блізка каля Хрыста? Якім святаром я ўжо сёння бачу сябе ў будучыні? Як я стаўлюся да слоў Хрыста: “Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, ды каб ваш плод застаўся”? Ці цешуся, што я пакліканы, і ці дзялюся гэтай радасцю з бліжнімі? Ці люблю я людзей? Ці малюся ўжо сёння за тых, да каго калісьці пашле мяне Пан?..
    Я цешуся і дзякую Богу за вас усіх, хто ўтварае семінарыйную супольнасць, але асабліва вітаю братоў першага курса і жадаю, каб таленты, атрыманыя ад Бога, вы развівалі ў духу службы і праўдзівай радасці, – звярнуўся Яго Эксцэленцыя да першакурснікаў.
    Сёлета пяць юнакоў адчулі сваё пакліканне да святарства і вырашылі пайсці за Хрыстом. У каментарыі парталу Сatholic.by кс. Юзаф Станеўскі адзначыў, што “праз гэтую невялікую колькасць кандыдатаў Пан Бог хоча пабудзіць нас, святароў, адказных за фармацыю і працуючых у парафіях, да больш руплівай і добрасумленнай працы з моладдзю, да канкрэтнай працы з міністрантамі. Пяць кандыдатаў – гэта сігнал, які заахвочвае нас да працы, да аўтэнтычнага сведчання, – падкрэсліў ксёндз рэктар, – каб, гледзячы на нас і нашае жыццё, у многіх маладых нараджалася жаданне пайсці за Хрыстом”.
    Акрамя духоўнага выбару, адказваючы на пытанне Езуса “Так!”, выбар аб будучым служэнні малады чалавек успрымае таксама на эмацыянальным і разумовым узроўні. Мы спыталі першакурснікаў, чым іх вабіць святарскае служэнне?
    – Найперш тым, што гэта блізка да Бога. А таксама гэта вельмі прыгожае і годнае служэнне.
    Ёсць на пачатку гэтага шляху ў першакурснікаў і свае трывогі. Перш за ўсё, падзяліўся адзін з алюмнаў, ёсць страх перад дзеяннем злога духа на шляху да святарства, бо святар як ніхто іншы падвяргаецца шматлікім спакусам. І трэба шмат сілы духа, а таксама дапамогі і падтрымкі старэйшых братоў і духоўнага айца, каб ім супрацьстаяць.
    Каб пасля гадоў навучання стаць пры алтары і справаваць святую Імшу, абвяшчаць Евангелле, якое дойдзе да чалавечага сэрца, каб удзяляць святыя сакраманты – адным словам, каб быць годным святаром, патрэбны гады фармацыі ў семінарыйнай супольнасці. Фарміраванне святара мае некалькі этапаў і тычыцца розных сфер жыцця, якія павінны развівацца і паглыбляцца: чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і душпастарскай. Гэтыя сферы жыцця павінны развівацца гарманічна, але перш за ўсё будучы святар павінен фарміравацца як чалавек, таму што немагчыма быць добрым святаром, не будучы добрым чалавекам.
    Таму дзень, калі першакурснікі Гродзенскай духоўнай семінарыі распачалі свой сямігадовы падрыхтоўчы шлях, быў для іх асаблівым. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч урачыста ўручыў новым алюмнам іх семінарыйныя заліковыя кніжкі.
    Усім прысутным урачыстую інаўгурацыйную лекцыю прачытаў кс. доктар Мікалай Ціхановіч, выкладчык маральнага багаслоўя, на тэму “Трынітарны характар маральнага жыцця як адказ на дар веры”. Святар адзначыў, што праз веру чалавек спасцігае свае мэты і задачы, а таксама што Год веры з’яўляецца добрай нагодай да таго, каб паглыбіць адносіны з Трыма Асобамі Бога.
    Першая частка мера­прыем­ства, якая адбы­валася ў семінарыйнай зале, завяршылася студэнцкім гімнам “Gaudeamus Igitur”.
    Найважнейшай і апошняй часткай інаўгурацыйнай праграмы была св. Імша, цэлебраваная ў семінарыйнай капліцы, падчас якой два клерыкі з трэцяга курса першы раз у жыцці апранулі сутаны. У гэты дзень радасць семінарыстаў з першага і трэцяга курса раздзялілі іх блізкія і родныя, сябры, выкладчыкі і супрацоўнікі гэтай навучальнай установы.
    На дадзены момант у Гродзенскай духоўнай семінарыі навучаецца 40 алюмнаў з розных куткоў дыяцэзіі, працуе 29 выкладчыкаў. За даволі працяглы час існавання (22 гады) семінарыю скончыла вялікая колькасць святароў, якія на дадзены момант абвяшчаюць Евангелле не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім і далёкім замежжы – Украіне, Расіі, Казахстане, Літве, Латвіі, Германіі, краінах Паўднёвай Амерыкі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.