ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Адчуць сябе часткай цэлага!

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Я спадзяюся, Вы на хвалі добрага настрою, бо нішто так не размалюе дзень, як усмешка. Менавіта яна можа падбадзёрыць, стаць добрым штуршком. І тады сонца свеціць ярчэй, а праблемы ўжо не здаюцца такімі жахлівымі.
    Наперадзе ў нас разважанні пра адносіны да Бога, да наваколля і жыцця ў соцыуме. Цікавая кніга, якая распавядзе пра такі чалавечы дар, як сон, старонкі з біяграфіі святога, інтэнцыя на бягучы месяц і, як заўсёды, разважанне над выслоўем з Бібліі.
    Што ж, з Богам наперад!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Але ўстань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што маеш рабіць” (пар.: Дз 9, 6).

    ...Трэба запытацца ў Хрыста. Ён будзе рады выказанаму даверу. Бо толькі Ён ведае, чаго мы патрабуем і што можам зрабіць на карысць сабе і іншым. Хрыстос чакае нас, каб узяць за руку і павесці па праведных шляхах, поўных духоўнага абнаўлення і Божых ласкаў.

   Мэта месяца: адчуць сябе часткай цэлага

    Людзі, як цвікі, дзякуючы якім збудавана хата, што завецца грамадствам. І кожны з цвікоў “трымае” сцены, дзверы, вокны. Адзін захістаўся – цяжар адчулі іншыя, другі – парушылася раўнавага. Важна разумець адказнасць сваёй асобы перад іншымі. Бо толькі разам мы можам дасягнуць сапраўднага адзінства, здольнага перамагаць цяжкасці і нягоды. Толькі разам людзі могуць уплываць на нешта, змагацца, вырашаць, рэгуляваць. Разам мы вялікая моц. І, што вельмі важна, кожны валодае гэтай сілаю. Кожны здольны нешта змяніць або, наадварот, не дапусціць. Усё ў нашых руках.
        
   Інтэнцыя месяца: молімся аб развіцці і прагрэсе новай евангелізацыі

    Сродкі павінны апраўдваць дзеянні. Таму не так важна, адкуль чалавек дазнаецца пра Бога: з тэлебачання, радыё, інтэрнэту, вуліцы, працы... Важна, што ён чуе і як падаецца інфармацыя. Таму ўзнікае такое паняцце, як “новая евангелізацыя”. У кастрычніку будзем маліцца ў гэтай інтэнцыі.
     
   Прадмет разважанняў месяца: адносіны

    Адносіны да брата, сябра, бацькі. Адносіны да працы, абавязкаў. Да здароўя, пачуццяў... Усё, да чаго чалавек мае дачыненне, неяк да яго адносіцца. Чалавек выяўляе гэта ў паводзінах, у асабістым стаўленні. Ад гэтага залежыць, як ён падумае, скажа, зробіць. Таму важна своечасова задумацца: “а ці правільна я стаўлюся да сваёй працы?” або “як патрэбна было адказаць, каб чалавек не пакрыўдзіўся?”
    Няхай адносіны да каго- або чаго-небудзь фарміруюць патрэбнае стаўленне да жыцця, якое нават можа стаць прыкладам для іншых.
     
   Асоба месяца: святы Пётр Алькантрыйскі

    Нарадзіўся Пётр у 1499 годзе ў Алькантры ў знатнай сям’і. Вучыўся ва ўніверсітэце Саламанкі. Пазней вырашыў уступіць у фран­цішканскі ордэн. Пры пострызе ўзяў імя Пётр. Сапраўднае яго імя – Хуан дэ Гаравіто-і-Вілело дэ Санабрыя. Прытрымліваўся строгага статута братоў-мінарытаў (абсервантаў). У 1524 годзе быў рукапрыкладзены ў святары ў Бельвісе. Быў настаяцелем у некалькіх манастырах. Па яго ініцыятыве ў 1540 годзе былі прыняты новыя правілы, якія ўключалі ў сябе строгія аскетычныя практыкі. Напрыклад, у вызначаны тэрмін манахі хадзілі босыя. Але не ўсім гэта было даспадобы – і Пётр у роспачы зняў з сябе паўнамоцтвы і пайшоў у горы весці жыццё пустэльніка. Але з-за аднадумцаў ён усё ж такі вярнуўся ў Іспанію і заснаваў мноства манастыроў, якія прынялі новыя правілы. У 1559 годзе Пётр быў прызначаны галоўным камісарам гэтых манастыроў. Святы Пётр быў духоўным настаўнікам святой Тэрэзы Авільскай. Сустракаўся з імператарам Карлам, які прапаноўваў святару стаць яго духоўнікам. Але Пётр адмовіўся. Галоўная яго праца – “Трактат аб малітве і медытацыі” (1562 год).
    Беатыфікаваны 18 красавіка 1627 года папам Рыгорам XV, кананізаваны 28 красавіка 1669 года папам Кліментам IX. Каталіцкая Царква ўспа­мінае св. Пятра 18 кас­трычніка.
    Да якіх святых маліцца ў кастрычніку?
    Евангеліст Лука (18 кастрычніка), апосталы Сымон і Юда (28 кастрычніка).
   
   Справа месяца: “убачыць” Бога
    Убачыць – значыць адчуць, дакрануцца, прыслухацца. Бога можна ўбачыць і ў сумным музыку, і ў прыгожай кветцы, у кніжнай цытаце, у подыху ветра. Галоўнае – прыпыніцца і засяродзіць увагу, бо Бог паўсюль! Ён нас бачыць, чуе. Ён сярод нас. Ён у кожным з нас. Таксама, як праз ксяндза Бог прабачае грахі, Ён вітаецца з намі праз сябра за руку. Паўсюль. І заўсёды з намі.
   
   Кніга месяца: “Шакаладны парасон, ці Што ўтойваюць вашыя сны”,
   Цільда Норберг
    “Кожную ноч вашыя сны падказваюць вам шляхі духоўнага росту”, – піша Цільда, якая мае і псіхалагічную, і багаслоўскую адукацыю. У сваёй кнізе яна прапаноўвае паспрабаваць зразумець, што праз сны нам хоча сказаць Бог. Для гэтага патрэбны час, жаданне і давер. Метад Цільды Норберг носіць назву гештальт-душаапякунства. Дзякуючы яму чалавек можа атрымаць унутранае ацаленне, бо пры тэрапіі выкарыстоўваецца малітва. “Кожны раз, калі вы спіце, вы атрымліваеце ў дар сон”, – падкрэслівае ў прадмове Цільда. Значыцца, сон – гэта не проста малюнак з падсвядомасці, гэта Божы дар, які патрэбна выкарыстоўваць належным чынам. Як? Кніга дае падрабязны адказ на гэтае пытанне.
   
    ПЕСНЯ МЕСЯЦА “Ліст да Бога”, Невопрос
    Малады хлопец звяртаецца да Усявышняга ў роспачы, задае шмат пытанняў. Так кожны з нас хоць раз стаяў перад Богам у неразуменні: навошта? як? чаму я? У дадзеным выпадку – перакрыжаваныя шляхі з дзяўчынай. Шчырая споведзь. Хлопец крычыць, заплюшчвае вочы, закрывае далонямі твар. Гэта адчуваецца ў песні. Прысутнічае напружанасць. “Няўжо я непатрэбен нікому?” Агортвае жаль. Каханне без узаемнасці. Хлопец чакае адказу ад Бога.

 

Няхай у кожным стварэнні Вы знойдзеце Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.