ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Колькі павінна доўжыцца жалоба па памерлых?

Задай пытанне

Кс. Ян РаманоўскіАдыход з гэтага свету блізкай асобы – гэта заўсёды цяжкая падзея ў жыцці чалавека.
    Вельмі часта ў святле такіх падзей многія задаюць пытанне: “Колькі павінна доўжыцца жалоба па памерлых?” Ці таксама: “Як доўга трэба насіць убранне, якое выражае нашу жалобу?” Многія адказваюць, што паўгода ці год. Гэта залежыць найперш ад таго, кім была гэтая памерлая асоба для нас. Аднак, разважаючы на гэтую тэму, трэба сказаць, што Касцёл афіцыйна не выказаўся на тэму жалобы па памерлых і не мае канкрэтных правіл, што датычаць жалобы. Нягледзячы на тое, што Касцёл акружае памерлых пашанай, аб тым, колькі павінна працягвацца жалоба, што можна рабіць падчас яе, а чаго трэба пазбягаць, нічога не было сказана.
    Гаворачы аб жалобе па памерлых, трэба сказаць, што яна з’яўляецца натуральнай рэакцыяй чалавека на смерць. Хтосьці, каго ты любіш, памёр, і ты ніколі зноў не ўбачыш яго на гэтым свеце. Практыка жалобы па памерлых фарміравалася ў народнай традыцыі і прымала розныя формы. Яна заключаецца ў першую чаргу ва ўстрыманні на пэўны час ад удзелу ў забавах, а таксама ў нашэнні адзення чорнага колеру на працягу пэўнага часу.
Звычайна ў народзе прымаецца, што жалоба па блізкай асобе, напрыклад, па бацьку ці маці, доўжыцца год. Гэта робіцца з павагі да памерлай асобы і па прычыне жалю, перажываемага пасля яе адыходу. Але хрысціянская праўда аб смерці моцна звязана з праўдай аб уваскрасенні. Мы як хрысціяне верым у тое, што Езус Хрыстус перамог смерць і праз сваё паўстанне з памерлых даў нам магчымасць заслужыць вечнае жыццё.
    Тое, што чалавек павінен некалі адысці з гэтага свету, з’яўляецца чымсьці натуральным, мы да гэтага ўжо прывыклі. І калі памірае стары чалавек, то такая падзея павінна быць нагодай дзякаваць Пану Богу за пражытае жыццё і маліцца, каб у будучыні мы мелі магчымасць сустрэцца з блізкім нам чалавекам у вечнасці.
    Аднак, нягледзячы на тое, што ў Касцёле няма канкрэтных правіл, якія датычаць жалобы па памерлых, практыкаваць яе не забараняецца. Паколькі гэта асабістая справа, то кожны сам можа ўсталяваць для сябе час жалобы. Трэба памятаць, што найлепшай дапамогай для нашых памерлых, якія ўжо адышлі ў той свет, з’яўляецца найперш наша малітва, у якой мы будзем прасіць Божай міласэрнасці для іх.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.