ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы

Парафіі і святыні

Касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў ПарэччыДэканат Гродна-Усход
Драўляны касцёл у неагатычным стылі быў тут узведзены ў 1904 – 1906 гг. намаганнямі дэкана кс. Юліяна Эллерта і мясцовых вернікаў. Спачатку святыня была далучана ў якасці філіі да парафіі гродзенскага касцёла св. Францішка Ксаверыя. У 1919 г. Парэчча атрымала статус самастойнай парафіі, а касцёл быў пашыраны і ўпрыгожаны (былі дабудаваны капліцы, якія ўтварылі трансепт, і галоўны фасад), што дадало неагатычнаму вобліку святыні рысы стылю мадэрн. Колькасць парафіян перад Другой сусветнай вайной перавышала 3800.
   У савецкія часы святыня дзейнічала. У 1970-я гг. яна атрымала статус помніка эклектычнай архітэктуры з рысамі неаготыкі. Касцёл крыжападобны ў плане з пяціграннай апсідай. Крылы трансепта таксама маюць пяцігранныя планы. У левым крыле змешчана сакрыстыя, у правым – капліца св. Антонія. Асноўны аб’ём святыні перакрыты двухсхільным дахам, апсіда і крылы трансепта – вальмавымі. Усе зрубы накрыты рознавялікімі вальмавымі дахамі. Кампазіцыю завяршаюць 4 шатровыя сігнатуркі па канцах крыжастага аб’ёму і трошкі большая над сяродкрыжжам.
Залавы інтэр’ер, перакрыты каробчатай падшыўной дашчанай столлю (новая столь зроблена ў 2005-2006 гг. падчас апошняга рамонту), упрыгожваюць тры неабарочныя алтары. У галоўным змешчаны вялікі тытульны абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў пасрэбраных шатах, які засланяецца абразом св. Тэрэзы. Алтар аточаны фігурамі свв. Антонія (злева) і Францішка. Бакавыя алтары прысценныя, у левым усталявана фігура Панны Марыі Беззаганай на фоне з намаляваных лілій, у правым – фігура Пана Езуса на фоне палесцінскага краявіду. Больш позні па часе стварэння алтар св. Антонія змешчаны ў аднайменнай капліцы. Ён, верагодна, выкананы ў міжваенны час.
   Злева перад касцёлам асобна пабудавана двухузроўневая чацверыковая шатровая званіца. Справа перад уваходам у касцёл стаіць невялікі бетонны помнік з каваным крыжам. Як сведчыць надпіс па-польску, помнік у 1931 г. усталявалі фундатары касцёла і парафіяне “па памерлых”. У 1920-я гг. на старажытных парафіяльных могілках па-за касцёлам быў усталяваны крыж з датай “1863” у гонар паўстанцаў. Касцёльная тэрыторыя абнесена металічнай агароджай. У правым вуглу стаіць невялікі драўляны будынак – тут, пасля таго, як савецкія ўлады адабралі плябанію, жыў пробашч. Цяпер гэта проста гаспадарчы будынак.
   Каля 1907 г. у Парэччы пачалі працаваць бесхабітовыя манаскія сёстры з Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганага Зачацця НПМ. Яны катэхізавалі, апекаваліся касцёлам, дапамагалі хворым... Супольнасць спыніла дзейнасць пасля 1908 г. па нявысветленых прычынах.
   З 1990 г. у парафіі працуюць законніцы з Супольнасці Дачок Найсвяцейшага Сэрца Панны Марыі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.